Навіны
85 фактаў пра Глыбоцкі раён

85 гадоў Глыбоцкаму раёну
У юбілейны для нашага раёна год прапануем 85 фактаў пра малую радзіму, якія пажадана ведаць кожнаму, хто жыве на Глыбоччыне.
АГУЛЬНЫЯ ЗВЕСТКІ
- 15 студзеня 1940 г. указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР створаны Глыбоцкі раён як адміністрацыйная частка Вілейскай вобласці. Мястэчка Глыбокае атрымала статус горада і стала цэнтрам раёна. У раён увайшлі Глыбоцкая і частка Залескай воласці Дзісненскага павета. Першапачатковая тэрыторыя раёна складала 592 км² і была ўтрая меншая за сучасную – 1,8 тыс. км².
- У гады БССР (1922 (1939) -1991) Глыбоцкі раён па чарзе ўваходзіў у склад Вілейскай, Полацкай, Маладзечанскай і Віцебскай абласцей. Найбольшы ўнёсак у фарміраванне сучасных межаў Глыбоччыны мела далучэнне ў снежні 1962 года тэрыторыі скасаванага Пліскага раёна.
- Глыбоцкі раён падзелены на 13 сельсаветаў, мае 418 населеных пунктаў (01.01.2024). Нязменна знаходзяцца ў складзе раёна з моманту яго стварэння тры сельсаветы: Абрубскі, Залескі і Узрэцкі.

- Агульная колькасць насельніцтва раёна – 33 315 чалавек. У тым ліку г. Глыбокае – 17 746 чалавек, г.п. Падсвілле – 1 669 чалавек, сельскае насельніцтва – 13 900 чалавек (01.01.2024)
- Герб і сцяг Глыбокага зацверджаны ў 2006 годзе. Сцяг Глыбокага быў разгорнуты на Паўночным полюсе. Л-ра: Озерский, А. Далекий путь на Северный полюс. Флаг Глубокого развернут на Северном полюсе. / А. Озерский // Витебские вести. – 2023. – 12 мая. – С.24. “Гімн Глыбокага” напісаны Б.Грамакоўскім на сл. А.Жыгунова.
- Герб гарадскога пасёлка Падсвілле зацверджаны ў 2004 годзе.
- Глыбокае двойчы наведваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка – у 2004 годзе (пачатак газіфікацыі Глыбоцкага раёна), у 2022 годзе з рабочым візітам.
- Па выніках 2018 і 2022 гадоў Глыбокае прызнавалася пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Горад культуры» у намінацыі «Лепшы горад раённага падпарадкавання».
- Плошча Глыбокага складае 1366 га. Горад мае 142 вуліцы і завулка. 50 вуліц носяць імёны грамадскіх дзеячоў розных гістарычных перыядаў, герояў Вялікай Айчыннай вайны, беларускіх і рускіх літаратараў, вядомых ураджэнцаў раёна. Л-ра: О нормализации наименований элементов улично-дорожной сети в городе Глубокое. Решение Глубокского районного Совета депутатов от 28 августа 2015 г. №86.
ГЕАГРАФІЯ. ПРЫРОДА.
- Упершыню на геаграфічныя карты Глыбокае трапіла ў 1579 годзе, яго змясціў на карту Полацкага ваяводства Станіслаў Пахалавіцкі. У тым жа дзесяцігоддзі наш горад пад назвай “Glubekorra” апынуўся і на карце Лівоніі, складальнікам якой быў Ян Партанціус. Праз Глыбоччыну ў XIX ст. ішла павятовая паштовая дарога, на якой, сярод іншых, былі паштовыя станцыі ў Забор’і і Сароках.
- Глыбоцкі раён мяжуе з 6 раёнамі: Пастаўскім, Шаркаўшчынскім, Полацкім, Лепельскім, Ушацкім, Докшыцкім.
- Глыбоцкі раён займае плошчу каля 1800 км² (175 958 км²), што складае 4,5% плошчы Віцебскай вобласці. Па велічыні плошчы раён займае 5-е месца сярод раёнаў Віцебскай вобласці і 12-е ў рэспубліцы. Працягласць тэрыторыі раёна з поўначы на поўдзень – 34 км, з захаду на ўсход – 58 км.

- Крайні Паўночны пункт знаходзіцца ў лясным масіве – 2 км на поўнач ад в. Навуменкі-1 Ломашаўскага сельскага савета, а Паўднёвы – 1 км на поўдзень ад в. Ласкаўшчына Карабоўскага сельсавета. Адметны той факт, што розніца ў часе па працягласці самага кароткага дня (22 снежня) складае 6 хвілін паміж поўначчу і поўднем. Крайняя Заходняя кропка раёна размешчана за 2 км на ўсход ад в. Луцк-Мосарскі Удзелаўскага сельскага савета, а ўсходняя – у в. Гатаўшчына Ломашаўскага сельскага савета. Тэрыторыя раёна размешчана ў другім часавым поясе. На ўсходзе дзень пачынаецца на 4 хвіліны раней, чым на захадзе.
- Найвышэйшы пункт – 226,4 м, каля в. Кавалі, за 6 км на ўсход ад Глыбокага. Найбольш нізкая адзнака – 130 м – урэз ракі Авута на поўначы.

- У Глыбоцкім раёне знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы. Размешчаны на заходняй ускраіне в. Івесь, побач з берагам аднайменнага возера Івесь. Месца, дзе ён знаходзіцца, пазначана валуном, а таксама геадэзічным знакам у форме піраміды. Побач усталяваны інфармацыйны стэнд.
- У Глыбоцкім раёне знаходзіцца 27 рэк. Самыя буйныя рэкі – Бярозаўка, Дабрылаўка, Аржаніца, Мнюта, Авута (правыя прытокі Дзісны), Шоша, Чысцянка.
- У раёне 106 (111) азёр, найбольшыя – Шо, Пліса, Доўгае, Мнюта, Вялікае, Пятроўскае. Самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае, у басейне ракі Шоша. Глыбіня – 53, 7 м. У адпаведнасці з матэматычнымі разлікамі аб’ём вады возера Доўгае можа раўнамерна пакрыць усю
плошчу раёна на вышыню 25 см. Трэцяе па глыбіні возера ў Беларусі – Гінькава (43,3 м). Каля яго знаходзіцца адзіная ў краіне карставая пячора. Гэты ўнікальны прыродны помнік утварыўся пры таянні апошняга ледавіка каля 25 тыс. гадоў таму назад. - Глыбокае называюць “беларускай Венецыяй”, бо ў межах горада знаходзяцца пяць азёр. Самае большае па плошчы – возера Вялікае. У мінулым называлася Глыбокае, Беразвеч, Астроўна... Возера Бяглец – самае маленькае. Сучаснае возера Мушкат мела назву Мушкацкае або Мушкатава. Возера Падлужнае на картах розных часоў мела назву Падлазнае, Беразвеч.
- Возера Кагальнае мае адзіны яўрэйскі гідронім (назва воднага аб’екта) на тэрыторыі Беларусі. “Кагал” азначае яўрэйскую супольнасць. Аднак, дакументальна падцверджана, што ў 1854 г. яно называлася Глыбокае, у 1876 г – Дворнае, а Кагальным стала з 1920 года. Л-ра: Хайновский, А. Глубокое – город пяти озёр // Веснік Глыбоччыны. – 2025. – 25 студзеня.
- Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі знаходзіцца 50,6% зямлі тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Пад лясамі – 24%. Агульная плошча лугоў – 4 тыс.га. У Глыбоцкім раёне маюцца 30 радовішчаў торфу, 5 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў, 2 радовішча легкаплаўкай гліны.
- З паляўніча-прамысловых жывёл водзяцца лось, дзік, казуля, ліс, воўк, рысь, янотападобная сабака, заяц-бяляк і заяц-русак, куніца, вавёрка, тхор, гарнастай, выдра, андатра, бабёр.
- У Глыбоцкім раёне налічваецца 33 асабліва ахоўваемыя тэрыторыі. Сярод помнікаў прыроды 17 унікальных валуноў і іншых каменных утварэнняў, якія з'яўляюцца геалагічнымі помнікамі рэспубліканскага значэння. Самы вялікі ў Глыбоцкім раёне “Чортаў камень” знаходзіцца ў в. Галубічы. Памеры яго складаюць 3,55х1,75 м, вышыня – 0,8 м.
- На тэрыторыі Глыбоцкага раёна маюцца расліны і жывёлы (51 від), занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі:
- птушкі: чорны бусел (Галубіцкае і Ліпаўскае лясніцтвы), неясыць даўгахвостая (Галубіцкае і Псуеўскае лясніцтвы), малы падорлік, скапа (Ліпаўскае лясніцтва), шэры журавель, вялікі бугай (большая выпь) (Глыбоцкі лясгас);
- расліны: цыбуля мядзвежая (Глыбоцкі доследны лясгас), ветраніца лясная (Дзвінская эксперыментальная база).
- Вызначаны 55 месцаў знаходжання жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Л-ра: Лысенко, А. Листая страницы Красной книги // Веснік Глыбоччыны. - 2015. - 7 кастрычніка. - С 6.
- У Глыбоцкім раёне шмат зялёных насаджэнняў розных тыпаў:
- Паркі: парк Перамогі (1958, г. Глыбокае, вул. Леніна), парк Працоўнай Славы Глыбоцкага раёна (2015, г. Глыбокае, вул. Леніна, хлебазавод), парк пейзажнага тыпу (в.Залессе, Залескі сельсавет) Л-ра: Фёдоров, В. Парк «Залесье» // Родная прырода. – 2006. – № 9, паркавы ансамбль в. Мосар (Удзелаўскі сельсавет), парк у в. Шуневічы (2010) Л-ра: Бельская, Н. Активисты БРСМ и школьники заложили парк в деревне Шуневичы // Веснік Глыбоччыны. – 27.10.2010 14:32, рэшткі парку ў вёсцы Псуя (Псуеўскі сельсавет) Л-ра: Волкаў, І. Рэдкія дрэвы : парк у в. Псуя // Шлях перамогі. – 1968. – 30 сакавіка.
- Скверы: сквер на Плошчы 17 верасня (г. Глыбокае), Сквер маладой сям’і (2009, в. Мосар Удзелаўскага сельсавета),
Маладзёжны сквер (1974, г. Глыбокае, вул. Савецкая, бераг возера Вялікае / Беразвецкае), Камсамольскі сквер (1988 г., г. Глыбокае, развілка вуліц Леніна, Палявая, Інтэрнацыянальная), міні-сквер (1957, г. Глыбокае, вул. Горкага), сквер у г.п. Падсвілле. Л-ра: Шлях перамогі.- 1965.- 18 ліст.,"Рябиновый сквер детства", посажено 60 саженцев рябины по улице Рябиновая (2025, г. Глубокое) - дэндралагічны сад (в. Арэхаўна) Л-ра: Веснік Глыбоччыны.- 2009.- 19 верасня, заказнік “Дзядок” (2009, Узрэцкі сельсавет)
Дубрава Дружбы (2016, г. Глыбокае, вул. Садовая). Л-ра: Наумова, А. Во время фестиваля в Глубоком пополнили «Дубраву дружбы» // СБ Беларусь сегодня. – 2018. – 20 июля. - Алеі:
- алея памяці В. А. Ламака (2001, в. Прошкава Зябкаўскі сельсавет) Л-ра: Лістапад, Ю. Ёсць у школе лясніцтва, а ў лясніцтве музей // Нар. газета.- 2001.- 27 чэрв.; Веснік Глыбоччыны. – 2001. – №37. – 9 мая.
- алея Цвярозасці (2007, в. Мосар, Удзелаўскі сельсавет)
- алея "Перамога 70 + Спорт” (2015, г. Глыбокае, вул. Горкага, гарадскі стадыён)
- алея Славы ў межах Дубравы Дружбы (2016, г. Глыбокае, вул. Садовая)
- Вішнёвая алея шчасця (2019, рэзідэнцыя Вішнёвай каралевы, г. Глыбокае, вул. Дзяржынскага) Л-ра: Берникович, Д. Аллея счастья появилась в Глубоком во время «Вишневого фестиваля» // Витебские вести. – 2019. – 29 июля.
- Рабінавая алея (2025, г. Глыбокае, м-н "Радужный") Л-ра: Сутула, Г. У Глыбокім закладзена рабінавая алея // Веснік Глыбоччыны. - 2025. - 16 красавіка. - № 30. - С. 1, 3
- сады:
- яблыневы (2019, в. Петрунова, Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў) Крыніца
- вішнёвы (2014, г. Глыбокае, вул. М.Горкага)
ПРАМЫСЛОВАСЦЬ І СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА ГЛЫБОЦКАГА РАЁНА
- У Глыбоцкім раёне дзейнічае 10 прамысловых прадпрыемстваў і 11 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Глыбоцкая ДРБУ-145 абслугоўвае 745 км раённых дарог. З іх 280 км -- дарогі з асфальтавым пакрыццём, і 465 км -- гравійныя, якія звязваюць сельскія населенныя пункты. Л-ра: Сутула, Г. Добрыя дарогі -- Трываласць, бяспека і добры настрой // Веснік Глыбоччыны. - 2015. - 19 верасня.- С. 3
- Пры Глыбоцкім дзяржаўным каледжы створаны Цэнтр дакладнага земляробства. Л-ра: Пашкевич, Т. Цэнтр дакладнага земляробства стварылі ў Глыбоцкім ліцэі // Витебские вести. – 2022. – 10 февраля.
ГІСТОРЫЯ ГЛЫБОЦКАГА РАЁНА
- Глыбокае ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1414 годзе.
- Глыбокае – адзінае паселішча на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якое з пач. XVI да к. XVIII ст. належала двум землеўладальнікам – роду Корсакаў (пазней каталіцкаму Ордэну кармелітаў) і роду Зяновічаў, пазней Радзівілам. Мяжа праходзіла па рацэ Бярозаўка.
- У розныя гістарычныя перыяды Глыбокае заўсёды выконвала ролю адміністрацыйнага цэнтра:
- у 1793 - 1917 гады – цэнтр Глыбоцкай воласці Віленскай губерніі Расійскай імперыі,
- у 1919 - 1939 гады – цэнтр Дзісненскага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі,
- у 1941–1944 гады падчас нямецкай акупацыі – цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд»,
- з 1939-1941, з 1944 года – цэнтр раёна Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь.
- Глыбоччына стала месцам нараджэння савецкіх танкавых войск. На чыгуначнай станцыі Зябкі падчас савецка-польскай вайны 4 ліпеня 1920 г. правялі першы бой савецкія танкі. Л-ра:Третьяк, С. Станция Зябки, год 1920-й: первый бой советских танкистов // ж-л «Армия». – 2008. – № 2. – С. 50-52.
- У гады Вялікай Айчыннай вайны ахвярамі фашысцкага генацыду ў раёне сталі 27 тысяч вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг №351” (ваеннапалонных і грамадзянскіх жыхароў), каля 14 500 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. На франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах загінуў 1651 жыхар раёна, 1245 жанчын засталіся ўдовамі. Л-ра: Літаратура і мастацтва. – 2012. – 31 жніўня. – № 35 (4681).
- Падчас акупацыі на тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольная група пад кіраўніцтвам Ю.А.Сабалеўскага (з 1941 г.), Пліскі падпольны райкам камсамола (з 1942 г.), Глыбоцкі падпольны райкам КП(б)Б (з 1943 г.), Глыбоцкі падпольны райкам камсамола (з 1943 г.) Л-ра: Глыбоччына: ілюстраваны летапіс краю. – Мінск : БЕЛТА, 2014. – 151, [1] с. – С. 50-54.
- У час нямецкай акупацыі нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх пасобнікамі ў Глыбоцкім раёне было знішчана і пашкоджана 116 вёсак. Пры вызваленні горада ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў 93% жылых будынкаў Глыбокага
былі разбураныя. - У Глыбоцкім раёне ўстаноўлена 78 помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Л-ра: Тут лёсы сплецены ў адзін… Веснік Глыбоччыны. – 2017.– 01 ліпеня. – С. 7.
- У 1957 годзе Глыбоцкі раён быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі (з 1958 года -- Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі СССР(ВДНГ)). Раён і лепшыя калгасы былі адзначаны Дыпломамі пашаны і прэміямі. Медалямі і каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны 74 працаўніка сельскай гаспадаркі раёна, 18 з іх атрымалі залатыя медалі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі.
АРХІТЭКТУРА ГЛЫБОЦКАГА РАЁНА
- У Глыбоцкім раёне існуюць будынкі розных архітэктурных стыляў і асаблівасцей:
- Віленскае барока – сучасны Сабор Ражджаства Прасвятой Багародзіцы (1654, г. Глыбокае).
- Барока – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1740, в. Удзела);
- Позняе барока – касцёл Святой Тройцы (1782 г., г. Глыбокае);
- Класіцызм – касцёл Святой Ганны (1792 г., в. Мосар), Ільінская капліца (1805, г. Глыбокае), царква Праабражэння Гасподняга (1829 г., в. Мамаі).
- У неагатычным стылі ўзведзены касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай (1910 г., в. Задарожжа).
- Помнік архітэктуры неараманскага стылю – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі у вёсцы Празарокі.
- У рускім стылі пабудаваны царква Свята-Іаана-Працечанская (1876 г., в. Бабруйшчына), Свята-Ушэсцеўская царква (1884 г., в. Парэчча), Свята-Петра-Паўлаўская царква (1909 г., в. Празарокі), Свята-Параскева-Пятніцкая царква (1887 г., в. Чарневічы);
- Народнае дойлідства – Касцёл Святога Антонія Падуанскага (~1900 г., в. Прошкава), Свята-Мікалаеўская царква (1914 г., в. Забор’е), Свята-Успенская царква ((з элементамі барока) 1748 г., в.Кавалі).
- Царква Святой Тройцы (XVIII ст., в. Вялец) лічыцца ўнікальным помнікам. Яна адносіцца да тыпу вельмі старажытных “клецкіх” храмаў. Гэта значыць, што ў аснове пабудовы была «клеть» або «зруб». Такія храмы вядомы на Беларусі з XVI ст. У канцы ХХ ст. царкву перавезлі ў Беларускі Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
- Касцёл Унебаўшэсця Пана Езуса (1822 г. в. Дзеркаўшчына) – помнік архітэктуры з рысамі класіцызму, мае сваю адметнасць — разынкавая муроўка, калі вялікія камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя
каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. - Закапанскі стыль – будынкі па вул. Вольная, Савецкая, Камсамольская, Камуністычная ў Глыбокім, у г.п. Падсвілле;
- У стылі “мадэрн” была збудавана прыстань на возеры Вялікае (рэшткі па вул. Савецкай).
- Помнік прамысловай архітэктуры – колішні млын у в. Зябкі (1920 г.)
- У стылі фахвэрк, або “прускі мур” узведзены сучасныя будынкі па вул. Чырвонаармейскай; амаль стогадовы будынак у гэтым стылі захаваўся ў в. Зябкі.
- Узор гарадской забудовы – шэраг дамоў па вул Леніна, Маскоўскай, Энгельса. У мінулым такія будынкі называлі “камяніцамі”.
- Брандмауэры, глухія супрацьпажарныя сцены, маюць дамы па вул. Горкага і пл. 17 Верасня.
- У раёне дзейнічаюць 36 культавых будынкаў, 14 з якіх з’яўляюцца помнікамі архітэктуры. Чатыры маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння:
- Касцёл Святой Тройцы (г. Глыбокае).
- Кафедральны сабор Ражджаства Прасвятой Багародзіцы (г. Глыбокае).
- Касцёл Святой Ганны (в. Мосар)
- Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (в. Удзела)
- У Глыбоцкім раёне знаходзіцца пяць помнікаў, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс нерухомых помнікаў гісторыі мясцовага значэння:
- Магіла былога сакратара падпольнага Пліскага райкама ЛКСМБ Пляхневіча Н.А. (1987, в.Мацюкова, Пліскі сельсавет)
- Помнік падпольшчыкам і партызанам у гонар разведак партызанскай брыгады імя Леніна і атрада «Паўночныя», якія дзейнічалі ў 1943-1944 гг. (1988, былы хутар Мікулічы, Азярэцкі сельсавет). Л-ра: Лукашэвіч, А. Хутар у Мікулічах / А. Лукашэвіч // Шлях перамогі (Глыбокае). – 1988. – 19 ліп. – С. 2.; Сурнін, Ю. Адкрыты памятны знак / Ю. Сурнін // Шлях перамогі (Глыбокае). – 1988. – 9 ліп. – С. 2.
- Помнік землякам, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1988, в.Лучайка, Залескі сельсавет).
- Помнік землякам, якія загінулі ў Афганістане (1989, г. Глыбокае, парк Перамогі).
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (1990, сквер г.п. Падсвілле).
- Сабор Ражджаства Прасвятой Багародзіцы (г. Глыбокае) – другі па велічыне плошчы храм у Беларусі.
- У весцы Мосар (Удзелаўскі сельсавет) перад касцёлам Св. Ганны устаноўлены адзіная ў Беларусі скульптура "Піета", копія вядомага твора Мікеланджэла "Аплакванне Хрыста" і першы ў Беларусі помнік Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ. Самы высокі крыж у Беларусі – 23 м – усталяваны ў гонар 490-годдзя Мосара (2004). У яснае надвор’е крыж бачны за 15 км навокал.
РЭЛІГІЯ
- У Глыбоцкім раёне зарэгістравана 35 рэлігійных суполак: 18 праваслаўных, 12 каталіцкіх, 2 пратэстанскія, 1 стараверская (абшчына Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы), 1 мусульманская, 1 Сведак Іеговы (01.01.2025).
- На Глыбоччыне на пачатку XX ст. існавалі храмы пяці канфесіій – царква, касцёл, сінагога, малельны дом, мячэць.
- У Саборы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца адзін з трох спісаў (копій) цудадзейнага абраза Багародзіцы «Достойно есть» з афонскага манастыра. Два другіх – у Троіца-Сергіевай Лаўры (г. Масква) і ў храме Мілуючай (Милующей ) Маці Божай Галернай гавані (г. Санкт-Пецярбург).
- У касцёле Святой Тройцы (Глыбокае) знаходзіцца ўшанаваны вернікамі абраз Маці Божай Падхорнай (сяр. XVIIІ ст.), перанесены ў парафіляльны касцёл з кармеліцкага кляштара ў 1864 г. Л-ра: Хайноўскі, А. Абраз Маці Божай Снежнай у Глыбоцкім касёле Глыбокае // Весн.Глыбоччыны.- 2008.- 8 мая.
- Касцёлы вёсак Задарожжа, Мосар, Празарокі і Удзела маюць арганы. Задарожскі і мосарскі арганы створаны ў пачатку XX ст. У 1990-я гады ў касцёле Святой Тройцы (г.Глыбокае) усталяваны новы самы вялікі самаробны арган на Беларусі.
КУЛЬТУРА, СРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ
- І-е Усебеларускае свята кавальскага майстэрства імя Паўлюка Багрыма адбылося ў Глыбокім у ліпені 1990 года.
- Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм “Magnificat” у Глыбоцкім раёне праходзіў з 2005 па 2015 гг. Л-ра: Павлова, Е. "MAGNIFICAT-2005" : о первом Междунар. католическом фестивале христианских фильмов и телепрограмм в г. Глубокое / Е. Павлова // Витеб. курьер. — 2005. - 28 июня. - С. 1,3. Удзельнікам фестывалю ўручаліся прызы імя І. Буйніцкага, Т. Даленга-Мастовіча, Я. Драздовіча, заснаваныя Глыбоцкім райвыканкамам.
- Рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства і друку Глыбокае прымала ў 2012 г.
- З 2014 года Глыбокае з’яўляецца “вішнёвай” сталіцай Беларусі. Вішнёвая каралева і барон Мюнхгаўзен штогод запрашаюць гасцей на свята “Вішнёвы фестываль”.
- Вішню ў горадзе ўшанавалі:
- Помнікам вішне (2013)
- Помнікам Барону Мюнхгаўзену (2014)
- Закладкай вішнёвага сада з 1414 дрэўцаў на ўскрайку горада па вул. Горкага (2014)

- Новай вуліцай “Вішнёвая”, якая бярэ пачатак ад вішнёвага сада (2016)
- Помнікам аграному Баляславу Лапыру, які вывеў адмысловы сорт вішні “Глыбоцкая” (невысокая, марозаўстойлівая, пладаносная) (2018)
- Рэзідэнцыяй Вішнёвай каралевы (2018)
- На Глыбоччыне два вішнёвых сада. Першы “Сад нашай будучыні”, з 120 вішнёвымі саджанцамі, высаджаны вучнямі ў 2009 годзе побач з Азярэцкай школай. Л-ра: Веснік Глыбоччыны .- 2009.- 23 мая.- №40.
- Міжнародны фестываль дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй» у Глыбокім праводзіўся тройчы, у 2017, 2018, 2019 гадах.
- І-ы абласны плэнэр майстроў народных промыслаў і мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўнаму жывапісу "Райскі сад" упершыню прайшоў у Глыбокім (2019). Л-ра: Берникович, Д. Аллея счастья появилась в Глубоком во время «Вишневого фестиваля» / Д. Берникович // Витебские вести. – 2019. – 29 июля.
- У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены 9 нематэрыяльных праяў творчасці чалавека Глыбоцкага раёна.
- Традыцыі тэхналогіі выпечкі жытняга хлеба ў в. Дзеркаўшчына
- Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы "Масляны баран" у в. Мацюкова
- Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я
- Абрад "Насіць намётку" в. Папшычы
- Традыцыйная страва "Клёцкі з "душамі" Віцебскай вобласці"
- Мастацкія практыкі саломапляцення Віцебскай вобласці
- Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны
- Мастацтва выцінанкі Віцебскай вобласці
- Тэхналогія апляцення бяростай ганчарнага посуду

- У 1645 годзе ў Вільні надрукавана першая кніга з тэкстам, напісаным у Глыбокім, “Пропаведзь памяці Аляксандра Тышкевіча, земскага суддзі Полацкага, ад айца Язафата, тагачаснага прыёра кармелітаў босых Глыбоцкага кляштара 13 верасня 1644 г.”
- Бібліятэчная справа на Глыбоччыне вядома з 1543 года, калі Язэп Корсак перадаў свае ўладанні Ордэну кармелітаў босых. Па яго волі пры касцёле Успення Дзевы Марыі (сучасным Саборы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы) манахі павінны былі “утрымліваць элементарнае вучылішча, канвект (інтэрнат) на 12 бяднейшых вучняў, бібліятэку на 3 тысячы тамоў, фізічны кабінет і аптэку”.
- Па перапісе 1752 года ў Глыбокім было звыш 113 рамеснікаў (ганчары, ткачы, краўцы, гарбары і нават пераплётчык і злотнік). Адзін з жыхароў меў прафесію адпаведную сучасным – захавальнік музея ці бібліятэкар.
- Першая публічная бібліятэка ў Глыбокім адчынілася ў 1905 годзе пры Таварыстве Народнай Асветы імя Адама Міцкевіча. У Чарневіцкай воласці Дзісенскага павета Віленскай губерні Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) бібліятэкі з'явіліся ў 1919 г. Першай установай культуры, якая адчыніла дзверы глыбачанам пасля выгнання нямецкіх войск з Глыбоччыны, была бібліятэка. Адбылося гэта ў лістападзе 1945 года.
- Сучасная раённая Глыбоцкая бібліятэчная сістэма (1979) налічвае 25 бібліятэк: 1 раённая бібліятэка, 2 дзіцячыя (Глыбоцкая і Падсвільская), 1 гарпасялковая (Падсвілле), 16 сельскіх бібліятэк, 5 бібліятэк-клубаў.
- Глыбоцкая раённая бібліятэка адзіная ў Беларусі вядзе збор дакументаў, прысвечаных музычнаму інструменту – “дуда”.
- На працягу ХХ ст. у Глыбокім выдаваліся 34 перыядычныя выданні на рускай, беларускай, польскай і яўрэйскай мовах. Л-ра: Перыядычны друк Глыбоччыны (1924 - 1920). – Глыбокае, 2020. – 139 с.
- Газета “Веснік Глыбоччыны” – равесніца раёну і за гэты час мела назвы – “За свабоднае жыццё”, “Сцяг камунізма”, “Шлях Перамогі”.
- У Глыбоцкім раёне 10 музеяў:
- Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей і філіял Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея – Культурна-дэндралагічны комплекс у вёсцы Мосар, на тэрыторыі якога дзейнічае этнаграфічны музей. Сярод экспанатаў у Мосары захаваўся більярдны стол XVIII ст., які належыў уладальнікам Мосара Бжастоўскім. У Беларусі такіх сталоў два. Адзін у Мосары, другі ў Несвіжы
- Парафіяльны музей Юозаса Булькі
- Мемарыяльны музей Паўла Восіпавіча Сухога - ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Глыбокае імя П.А. Сухога»
- Гістарычны музей Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага – ДУА «Празароцкая сярэдняя школа Глыбоцкага раёна імя І.Ц. Буйніцкага»
- Краязнаўчы (гістарычны) музей - ДУА «Псуеўская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна»
- Гістарычны музей (гісторыя вёскі Пліса) – ДУА «Пліская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна»
- Краязнаўчы музей (комплексны), 2 – ДУА «Падсвільская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна імя П.М.Казлова»
- Этнаграфічны музей Залесся – ДУА «Залеская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна»
- Музей «Дарога хлеба» на прадпрыемстве “Глыбоцкі хлебазавод”
- Музей, прысвечаны місіянерскай дзейнасці айцоў францішканаў і музей св.Максіміліяна Кольбэ пры касцёле Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі в. Удзела.
СПОРТ І ТУРЫЗМ
- Глыбокае ў філатэліі – маркі: “П.В.Сухі” (1995), “Самалёты ВКБ П. В. Сухога” (2000), “Герб Глубокого” з серыі “Гербы
гарадоў Беларусі” (2012), “125 гадоў з дня нараджэння П.В.Сухога” (2020), серыя “Маляванка”, на дзвюх з іх – маляваныя дываны Я.Драздовіча (2025); канверты: “Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім” (2012), “Глыбокае. Кафедральны сабор Нараджэння Прасвятой Багародзiцы” (2012), “Жывапіс Язэпа Драздовіча” (2019). Л-ра: Хайноўская, А. // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 19 верасня.
Філакартыя: першая паштоўка савецкага часу “ГЛЫБОКАЕ. ГЛУБОКОЕ. GLUBOKOYE” выпушчана ў 1987 годзе. - У 2017 г. у Глыбоцкім раёне ўпершыню ў Беларусі праходзіла трактарнае раллі “Парыж - Мосар”
- Глыбокае прымала эстафету II Еўрапейскіх гульняў – “Пламя мира” (2019).
- На Глыбоччыне 35 аграэкасядзібы і санаторна-курортны комплекс “Пліса” (2016) запрашаюць на адпачынак беларусаў і гасцёй з замежжа.
- Фізічная культура і спорт прадстаўлены ў раёне Глыбоцкім раённым фізкультурна-аздараўленчы цэнтрам (1999) і Глыбоцкай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай (1966). Да паслуг насельніцтва гарадскі і школьныя стадыёны, спартыўныя залы, комплексы вулічных трэнажораў і іншыя спартыўныя пляцоўкі.
ЗНАКАМІТЫЯ ІМЁНЫ, ЗВЯЗАНЫЯ З ГЛЫБОЦКІМ РАЁНАМ
- Ураджэнцы раёна Казлоў Пётр Міхайлавіч і Пятроўскі Канстанцін Максімавіч маюць званне Герой Савецкага Саюза.
- Глыбоччына мае дзесяць Герояў Сацыялістычнай працы – авіяканструктар Павел Сухі, працаўнікі сельскай гаспадаркі Міхаіл Лытысаў, Міхаіл Мацюшонак, Леанід Пугаўка, Васіль Асяненка, Уладзімір Вайтэцкі, Максім Клімянок, Ніна Хаванская, Лідзія Плыгаўка, Софья Юргель, першая жанчына-трактарыстка ў Глыбоцкім раёне (1960-я гг..)
- Званне "Ганаровы грамадзянін горада Глыбокае” маюць 17 прадстаўнікоў раёна. Першаму на Глыбоччыне званне прысвоена Віктару Антонавічу Ламаку (2003).
- У 2005 годзе Юозас Булька стаў першым беларускім ксяндзом, удастоеным прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За духоўнае адраджэнне”.
- Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны Ю. Булька (2006), В. Д. Гінько (дырэктар ДУА “Празароцкая дзіцячы сад - сярэдняя школа Глыбоцкага раёна, 2013), Т. Э. Рабіза (настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Глыбокае імя П. В. Сухога”). Імёны Ганны Шакола і Галіны Сутула занесены ў энцыклапедыю "Хто ёсць хто" (2015). Л-ра: Звонка, Г. Ганна Шакола і Галіна Сутула -- на старонках энцыклапедыі // Весннік Глыбоччыны. - 2015.- 22 ліпеня.
- 194 ураджэнцы і жыхары Глыбоччыны маюць статус “воіны-інтэрнацыяналісты”.
- 80 вядомых нам навукоўцаў маюць гістарычныя сувязі з Глыбоцкім раёнам.
- Глыбоччына мае 6 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, 3-х членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ
- Першыя ў гісторыі сучаснай Беларусі дакументальна зафіксаваныя археалагічныя раскопкі правёў у 1790 г. уладальнік маёнтка Мосар Роберт Бжастоўскі ў наваколлі гэтай вёскі. Найбольшае скапленне курганоў на Глыбоччыне (каля 300 насыпаў) знаходзіцца каля вёскі Перавоз Падсвільскага сельсавета.
- Сто гадоў таму назад на сцяне колішняга манастыра кармеліцкага касцёла Успення Дзевы Марыі (сучаснага Сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы) знаходзіўся сонечны гадзіннік.

- У 1960 – сярэдз. 1980-х гг. у Глыбокім працаваў аэрадром. У 1963 годзе на АН-2 выконваўся рэйс Мінск—Докшыцы—Глыбокае—Ушачы—Віцебск. Аэрадром размяшчаўся на паўночнай ускраіне. У цяперашні час пра яго нагадвае VOR/DME-маяк, які знаходзіцца на тым жа месцы.
- У Глыбокім устаноўлены тры самалёты маркі “СУ” (вул. Маскоўская, вул. Леніна, вул. Мінская), распрацаваныя ў КБ імя П. В. Сухога.
- Першы ў Беларусі помнік барону Мюнхгаўзену ўстаноўлены ў Глыбокім (2012, міні-сквер, вул. Горкага). Пазней устаноўлены яшчэ дзве скульптурныя кампазіцыі, прысвечаныя літаратурнаму герою (вул Маскоўская, АЗС “Белоруснефть”; вул. Камуністычная, Глыбоцкі ГДК).
- Пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (в. Удзела) дзейнічае механічная батлейка “Люрд і Бэтлеем”, прысвечаная Маці Божай Люрдскай і крыніцы ў горадзе Масабьель. Амаль усе фігуры батлейкі – лялькі з набораў “Барбі”.
- У XVIII ст. глыбоцкія манахі-кармеліты асвоілі выраб цудадзейнага лякарства – шакаладу. З яго дапамогай лячылі ліхаманку, катар страўніка і нават падаўжалі жыццё :-))). Купіць яго можна было толькі ў манастырскай аптэцы.

- На ўваходных дзвярах Сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы адлюстравана выява незвычанай істоты – васіліска. Камень, з якога выкладзена падлога Сабора, утварыўся 450 млн. гадоў таму назад. Л-ра: Хайноўскі, А. Незвычайная знаходка // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 10 кастрычніка. – С. 8.
- У скляпеннях Сабора Ражджаста Прасвятой Багародзіцы вяліся здымкі новага айчыннага кінафільма "Чорны замак" паводле вядомага рамана беларускага пісьменніка Ул.Караткевіча "Чорны замак Альшанскі".
Для тых, хто здолеў прачытаць 85 фактаў, прапануем 86-ы. Непадалёку ад в. Пліса пасярод поля стаіць высокі комін. Пад ім знаходзіца пекла, дзе ў смаляных катлах варацца тыя, хто не ходзіць у бібліятэку і не чытае кнігі. Памятайце пра гэта. ;-)))
- 422

