420 год — Касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у вёсцы Задарожжа

06.10.2021
Аб заснаванні Задарожскага касцёла, старэйшага храма на Глыбоччыне (1601 г.) існуе цікавае паданне.

…Паблізу Задарожжа, якое называлася тады Задарожжа-Каралеўскае, бо было асабістым уладаннем караля Рэчы Паспалітай, кіпела бітва. Кароль Рэчы Паспалітай Сігізмунд (Жыгімонд) ІІІ асабіста камандаваў войскамі. Бітва зацягнулася. Абодва бакі неслі вялікія страты. Тады кароль лёг на вяршыню ўзгорка, раскінуўшы рукі крыжам, і даў зарок: “Калі Бог даруе перамогу нашым войскам, тут, на гэтым узгорку, будзе пабудаваны храм.
Войскі Сігізмунда перамаглі, і кароль стрымаў сваё слова: на месцы сённяшняга касцёла ў Задарожжы быў пабудаваны драўляны касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны Ласкавай. Будаўніцтвам кіраваў намеснік воласці Пётр Арэхаўскі. Касцёлу былі перададзены вёска Задарожжа і фальварак Курноўшчына для ўтрымання вікарыя (памочніка ксяндза), канторы і слуг касцёльных. Абавязковым пунктам фундацыі з’яўлялася ўтрыманне пры касцёле “школкі”.
У 1733 годзе па прычыне спарахнеласці касцёл быў перабудаваны нанова з дрэва. У XVIІІ ст. Задарожская парафія лічылася адной з буйнейшых на землях Глыбоччыны. У 1781 годзе ў ёй налічвалася 1213 чалавек. У школе на той час вучылася 9 дзяцей, з якіх толькі два вучні належалі да шляхецкага саслоў’я.
Звыш 130 гадоў касцельныя званы збіралі вернікаў на службу, узносілі іх малітвы Богу. У 1902 г. драўляны храм згарэў. З улікам вялікай колькасці вернікаў гэтай парафіі (каля 5 тысяч чалавек), было прынята рашэнне ўзнавіць святыню. У 1903 г. быў зацверджаны каштарыс будынка новага касцёла на суму 51 265 рублёў 50 капеек. Для параўнання, каштарыс на чарцёж і пабудову каменнай царквы ў Празароках, складзены і зацверджаны ў тым жа годзе, склаў 14 815 рублёў 35 капеек. Усе арганізацыйныя і будаўнічыя работы ляглі на плечы тагачаснага ксяндза Антонія Валентыновіча.
А для прыцягнення дадатковых сродкаў была выдадзена паштоўка з праектным малюнкам Задарожскага касцёла і заклікам да вернікаў ахвяраваць сродкі на яго ўзвядзенне. На ёй, у прыватнасці, напісана:
“У Задарожжы на папялішчах касцёла, які згарэў у Вялікасуботнюю ноч 1902 года, з ахвяраў людзей добрай волі ўзвышаецца новы мураваны касцёл Маці Боскай Ласкавай.
У сувязі з тым, што 5000-ай парафіі, якую да галечы давёў шматгадовы неўраджай, у будаўніцтве можа дапамагчы толькі ўласная праца. Звяртаемся да чулых сэрцаў хрысціянскіх аб братняй, хаця якой, сціплай дапамозе.
Пробашч Задарожскі кс. А. Валентыновіч, губерня Віленская, павет Дзісненскі, паштовая станцыя Пліса.” Чарцёж і малюнак новага будынка касцёла ў строгім гатычным стылі здзіўляў сваёй велічнасцю і хараством.

Заклік быў пачуты і на грашовыя ахвяраванні “людзей добрай волі з Літвы і Белай Русі” касцёл быў пабудаваны. Аб гэтым сведчыць памятная шыльда, якая знаходзіцца ўнутры храма.


Праект віленскага архітэктара Антона Дубовіка (аўтара праекта Мёрскага і перабудовы 1902-08 гг. Глыбоцкага касцёла Св. Тройцы), быў рэалізаваны.
Аднак ён значна адрозніваўся ад малюнка на паштоўцы, бо дзяржаўнае фінансаванне будаўніцтва святыні было значна зніжана і будынак храма не вытрымаў першапачатковага вырашэння. Аднак, памеры храма — 44x26x20 метры — ураджваюць!
Урачыстае асвячэнне новага будынка касцёла адбылося ў 1910 годзе.
Няцяжка ўявіць сабе, чаго каштавала будаўніцтва кс. Антонію Валентыновічу. Восем гадоў ён быў цалкам адданы узвядзенню новай святыні ў Задарожжы і збіраў, дзе толькі мог, грашовыя ахвяры, дрэва на будаўніцтва. У каго не было грошай, то прыносілі камень, самі выраблялі кірпічы. Аднойчы пры спатканні з панам Івашэўскім, якому належалі бабруйшчынскія землі, ксёндз Валентыновіч папрасіў яго аб ахвяраванні пэўнай колькасці соснаў з бабруйшчынскіх лясоў на бэлькі і дах. Пан Івашэўскі палічыў гэта за вялікі гонар і выдзеліў са свайго лесу 150 сосен, выказаўшы пры гэтым надзею, што, дзякуючы такім нястомным клопатам ксяндза, касцёл у Задарожжы абавязкова будзе збудаваны.
Так і сталася. І сёння стаіць Задарожскі касцёл Маці Божай Ласкавай, і будзе стаяць на вякі. Ён казачна глядзіцца ў любую пару года, нагадваючы чалавеку, заклапочанаму буднямі, пра Бога, вечнасць, веру. З якога боку ні пад’язджаеш да Задарожжа, першае, што кідаецца ў вочы з далечыні, — касцельныя вежы.

Задарожскі касцёл ніколі не зачыняўся, нават тады, калі рушылі храмы, ператваралі іх у клубы, збожжасховішчы.
Люцыян Паўлік, ксёндз марыянін, які прыехаў служыць у Задарожскую парафію, пры падтрымцы парафіян змог выратаваць ад разбурэння старэйшы храм у раёне.
50 гадоў ён ахвярна служыў Пану Богу ў Задарожскім касцёле, выпрошваючы ласкі Божай для ўсіх людзей добрай волі. У дзень 90-годдзя з дня нараджэння Люцыяну Паўліку быў уручаны Залаты крыж Ватыкана. Такой узнагароды ўдастоены лічаныя каталіцкія святары свету.
У Задарожжа прыязджае шмат тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй. Тут, у старажытным драўляным касцёле, быў хрышчоны Вацлаў Ластоўскі, гісторык, адзін з удзельнікаў беларускага адраджэння пачатка ХХ ст.
Непадалёку ад касцёла жыў дзед рускага пісьменнка-раманіста Аляксандра Грына. Яўзебій (Яўсей) Грынеўскі меў ва ўладанні фальварак Якубінкі, які быў пасагам яго жонкі Надзеі. Бабуля Аляксандара Грына пахавана на тэрыторыі касцёла.
Задарожжа – тое месца, якое часта наведваў наш славуты мастак Язэп Драздовіч. Адзін з яго маляваных дываноў з выяваю задарожскага касцёла (1937) зберагаецца ў Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе". Рамантычным і таямнічым выглядае касцёл фотаздымках нашага земляка Віктара Малышчыца.




Задарожскі касцёл Найсвяцейшай Багародзіцы Ласкавай быў пабудаваны ў эпоху Рамантызму, у духу гатычнай даўніны. Ён з’яўляецца значнай дамінантай на адлеглых абшарах, стаіць на ўзвышшы, бачны за дзесятак кіламетраў і захапляе наведвальнікаў сваёй веліччу і хараством.
Парафіяльнае свята касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай адбываецца 15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Маці Божай.
Храм з'яўляецца аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны ІІІ катэгорыі (213Г000385).





Крыніцы:
Вініковіч, А. Задарожская святыня / А.Вініковіч // Веснік Глыбоччыны. — 2017. — 19 жніўня. — С.5.
Марцынкевіч, Р. Усе гэтыя гады ён моліцца за наш край з цвёрдай верай у моц малітвы / Р.Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. — 1999. — 25 снежня. — Пра ксяндза Задарожскага касцёла Люцыяна Паўліка.
Марцынкевіч, Р. Фэст у задарожжы, або Душапастарскі шлях ксяндза марыяніна Люцыяна Паўліка / Р.Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. — 2006. — 2 верасня.
Марцынкевіч, Р. Залаты крыж Ватыкана / Р.Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. — 2001. — 28 красавіка. — Пра ксяндза Люцыяна Паўліка.
Марцынкевіч, Р. Касцёл Маці Божай Ласкавай у Задарожжы чакае вас / Р.Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. — 2010. — 25 жніўня.
Марцынкевіч, Р. Юбілей Задарожскай святыні / Р.Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. — 2010. — 25 жніўня. — Святкаванне вернікамі 100-гадовага юбілею касёла Маці Божай Ласкавай у Задарожжы
Панкрат, А. Святыня края — Задорожский костёл // Веснік Глыбоччыны. — 2018. — 19 мая — С.1, 5.
Сайт Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея
Хайноўскі, А. Задарожжа і яго ваколіцы / А.Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны.- 2009.- № 57-58. — 25, 29 ліпеня.
Ізаітка М.В., бібліятэкар АБМ Глыбоцкай ЦРБ
- 1077

