Выстава "Дуда мая ты спеўная"

Міжнародны фестываль дудурскіх рэгіёнаў "Дудурскі рэй" адбыўся, але рэха яго яшчэ гучыць сярод размоў глыбочан, на старонках перыёдыкі, ў сацыяльных сетках. Нам жа хочацца больш падрабязна распавесці пра адзіную на бібліятэчнай прасторы Беларусі тэматычную выставу "Дуда мая ты спеўная", на якой прадстаўлены выданні мастацкага і даследчага зместу, у якіх узгадваецца музычны інструмент дуда і музыка-дудар.
Прэзентацыя выставы прайшла вельмі шыкоўна. Бібліятэка яшчэ не вітала ў сваіх сценах такой прадстаўнічай міжнародной супольнасці, прадстаўнікоў амаль што ўсёй Еўропы. Сярод гасцей былі музыкі з Беларусі (Мінск), Бельгіі, Вялікабрытаніі (Шатландыя), Польшчы (Вялікпольшча), Расіі (Карэлія), Чэхіі (Маравія). Было прыемна бачыць сярод гасцей прадстаўнікоў мясцовых самакіраванняў з суседніх Латвіі (Даўгаўпілс) і Літвы (Швянчоніс).
На выставе "Дуда мая ты спеўная" прадстаўлены літаратурныя творы беларускіх і замежных паэтаў і пісьменнкаў. Сярод найбольш вядомых паэтычных твораў - вершы Я.Купалы "Важна рэй Ігнат Буйніцкі ў нашых танцах водзіць..." і Ф.Багушэвіча "Мая дудка", паэма К.Вераніцына “Тарас на Парнасе”, вершы глыбочан Янкі Пачопкі і Віталя Гарановіча, паэтычныя творы Цёткі, А.Русака, А.Міцкевіча, Я.Райніса і іншых паэтаў розных стагоддзяў.



Празаічныя творы прадстаўлены апавяданнямі В. Ластоўскага і З.Бядулі з аднайменнай назвай “Дудар”, раманам Ул.Караткевіча "Хрыстос Прызямліўся ў Гародні", трылогіяй К.Акулы "Гараватка", у якіх дудары з'яўляюцца сімвалам нацыянальнай ідэі. 38 літаратурных мастацкіх твораў і 6 даследчых работ з 17 вядомых прадстаўлены на выставе. Упэўнены, што гэта далёка не ўсе творы і будзе працягнута пошуковая работа па збору матэрыялаў аб дудзе і дударах.

Прыемна, што выстава папоўнілася выданнямі аб дударстве на Польшчы і фотаздымкамі вядомых польскіх дудароў, якія падараваў Я. Яскульскі, дырэктар Музея музычных інструментаў ў Познані. З трох электронных носібітаў, падараваных дударамі Д.Дзёміным (Карэлія) і Л.Дэвідсанам (Шатландыя), пачалося калекцыяніраванне аўдыя і відэяносьбітаў дударскай тэматыкі. Спадзяёмся, што да наступнага фэсту выстава папоўніцца новымі экспанатамі.





Трэба сказаць асобна, што выстава сфарміравалася дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы Віталя Воранава, які прэзентаваў бібліятэцы выданні мінулага стагоддзя.
Але свята было б не поўным, калі б на ім не адбылося нечаканых сустрэч, знаёмстваў і адкрыццяў. Так, мы пазналі што госць з Карэліі, выканаўца музыкі на эстонскай дудзе Дмітрый Дзёмін - ураджэнец Глыбокага, і да таго яшчэ ўнук Алеся Дубровіча, глыбоцкага паэта, бюст якога ўстаноўлены на Алеі знакамітых землякоў.
Другой прыемнай нечаканасцю для нас стала адкрыццё таго, што аўтарам выцінанкі, якая вельмі аздобіла выставу, з'яўляецца супруга беларускага госця-дудара Дзяніса Сухога - Наталля Сухая. Як аказалася, яе работа ўжо стала сімвалам мінскага дударскага фэсту!
Наталля Сухая - сябра Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, майстар выцінанкі і ўзначальвае секцыю выцінанкі ў Саюзе, займаецца арганізацыяй выстаў і іншых мерапрыемстваў па гэтаму віду народнай творчасці, з'яўляецца аўтарам праекта "Папяровы Сусвет". Наталля - адзін з аўтараў кнігі "Мая выцінанка", якая вытрымала ўжо два перавыданні. Спадзяёмся, што Наталля будзе госцяй дударскага фэсту ў Глыбокім у наступным годзе.


- 2634

