ДУБРОВІЧ АЛЕСЬ

Cапраўднае прозвішча Алеся Дубровіча - Аляксей Рыгоравіч Рэдзька.
Нарадзіўся ён у 1910 годзе ў беднай сялянскай сям'і ў весцы Каралевічы Дзісенскага павета Віленскай губерні, цяпер Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў вясковую школу, займаўся самаадукацыяй. Ужо ў 18 год пачаў друкавацца ў газеце "Доля працы" (1928). Яго першы верш "Беларусь" быў апублікаваны ў 1931 г.
Падняволенне заходне-беларускай вёскі абудзіла ў маладым хлопцу рэвалюцыйны пратэст і жаданне змагацца супраць панскага прыгнёту. Прымаць удзел у рэвалюцыйнай барацьбе Аляксей Рэдзька пачаў рана.
У 1933 г. стаў удзельнікам I нелегальнага з'езду пісьменнікаў, на якім быў створаны літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.

У першым і адзіным нумары часопіса "Літаратурная старонка", які быў легальным камуністычным выданнем у Вільні і вакол яго гуртаваліся рэвалюцыйна настроеныя літаратары, надрукавана "Дэкларацыя групы паэтаў да ўcix пісьменнікаў Заходняй Беларусі". У гэтую групу ўваходзіў i А.Рэдзька, які таксама падпісаў дэкларацыю (студзень 1934 г.). У тым жа нумары часопіса быў змешчаны яго верш "Мы" які стаў паэтычным крэда паэта. А.Рэдзька свярджаў: "Натхненне нашае ў змаганні за шчасце новага жыцця".
"Мы"
Мы – скрыўджаных няпраўдаў струны.
Адным распалены агнём
Мы гімн пакуце граем сумны
І славу барацьбе пяём.
Натхненне наша ў змаганні
За шчасце новага жыцця,
Мы летуцім аб светлым ранні
І шмат у песнях пачуцця.
Мы сэрцам полымным і чыстым
Асвецім шлях сябрам другім, -
І верым, - песняй урачыстай
Мы перамозе зложым гімн.
Рэвалюцыйны па змесце часопіс праіснаваў нядоўга. Польская дэфензіва разграміла яго. Арганізатараў выдавецтва, у тым ліку А.Рэдзьку, арыштавалі і пасадзілі ў турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне ў прыналежнасці да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
Два з паловай гады без суда прабыў А.Рэдзька ў Лукішках, знакамітай віленскай турме для палітычна неблаганадзейных. Палітвязні выдавалі рукапісны часопіс «Краты». Заснавальнікам яго быў Максім Танк. "Краты” пісаліся ад рукі ў 2-3 экзэмплярах. Выходзіў часопіс фарматам невялікай кніжкі. На старонках часопіса былі прозвішчы В.Таўлая, А.Рэдзькі, М.Танка, Я.Патаповіча. Сярод вязняў "Краты” карысталіся вялікай папулярнасцю. Людзі чакалі часопіса, як свята. З яго старонак гучала мастацкае слова высокай пробы.
Пасля судовага працэсу ў 1936 г. А.Рэдзька выйшаў на свабоду, фактычна адбыўшы пакаранне да суда.

У 1936 - 1939 г.г. на старонках "Беларускага летапісу", а пасля і "Калосся", з'яўляюцца вершы Алеся Дубровіча. Гэтым Дубровічам быў Аляксей Рэдзька, вымушаны маскіравацца перад польскай дэфезівай і цэнзурай.
Вершы А.Дубровіча мелі выразную сацыяльную афарбоўку, клікалі да вызвалення роднага краю з-пад уціску. Ён марыў пра "сінязорны край", які параўнуе з "хмарамі, затарамі", а ў вершы пра абавязак паэта заклікаў яго быць "прарокам яснейшых дзён".
У адным са сваіх пісьмаў былы рэдактар «Беларускага летапісу» Максім Танк пісаў, што вершы Дубровіча вылучаліся сярод маладых заходнебеларускіх паэтаў досыць ярка і арыінальна. Аляксей Дубровіч упарта авалодваў мастацкім словам, вучыўся ў Янкі Купалы і іншых вядомых пісьменнікаў, быў на парозе творчага ўзлёту.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР А.Дубровіч працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынёй сельсавета, быў дэлегатам народнага сходу ў Беластоку (1939 г.). Перад Вялікай Айчыннай вайной А.Дубровіч працаваў у Вілейскай раённай газеце, змяшчаў там вершы, нарыс

У час вайны вёў падпольную работу ў родных мясцінах на Глыбоччыне. Разам са сваімі братамі Дзмітрыем, Васілём, бацькам і суседам Васілём Капшулем стварыў падпольную групу і звязаўся з партызанамі. Перадаваў ім інфармацыю аб размяшчэнні сіл ворага, перапраўляў зброю, дапамагаў харчаваннем, вопраткай.
У пачатку лістапада 1942 г. гітлераўскія акупанты арыштавалі групу падпольшчыкаў, сярод ix быў i А.Дубровіч. Паэт быў расстраляны разам з бацькам і двума братамі каля вёскі Галубічы.Перазахаваны на могілкі вёскі Каралевічы.
Валянцін Таўлай у зборніку "Мы іх не забудзем" адзначыў: "У асобе Алеся Дубровіча наша паэзія страціла паэта значных магчымасцей". Сапраўды так, бо творцу тады быў толькі 31 год... 3 надрукаваных пасля смерці паэта вершаў некаторыя з іх былі перапрацаваны, а некаторыя першапачатковыя варыянты - страчаны. Гэта ў першую чаргу датычыць верша "Калісь любові хмель весьняны...", які быў надрукаваны ў чацвёртым нумары квартальніка "Калосьсе" за 1938 г.
Нізкі вершаў А. Дубровіча змешчаны ў паэтычных зборніках паслеваеннага часу, друкаваліся на старонках перыядычных выданняў.
"Зорны край"

Мне песняй выліць хочацца
Увесь жар грудзей маіх.
Наперад!.. Не варочацца,
Хоць шлях калюча-ліх!
За хмарамі, за горамі
Есць сінязорны край.
Іду к яму нязморана —
Гэй, сэрца, марш іграй!
Прыпол там, зорак поўны я
Згарну з той сінявы.
Да вас, прасторы родныя,
Да сцежак палявых.
Вярнуся, поўнай жменяю
Сыпну пад стрэхі хат,—
Няхай гараць праменнямі,
Да дня гараць няхай!
У Глыбокім пражывае старэйшая дачка А.Дубровіча Валынец Алена Аляксееўна. Унукі паэта жывуць у Глыбокім і ў Расіі.


Памяць аб слаўным земляку захоўваецца на Глыбоччыне.
На месцы расстрэлу вяскоўцаў непадалёку ад Галубіч (урочышча Жвіроўня), пастаўлены новы помнік.
Адна з вуліц горада Глыбокае носіць імя Алеся Дубровіча.
Бюст Алеся Дубровіча ўстаноўлены ў Скверы знакамітых землякоў (2012).
Творы А.Дубровіча ў зборніках:
- Мы іх не забудзем: Зб., прысвеч. памяці пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў баях з нямец.-фашысц. захопнікамі / Склаў А.Вялюгін. - Мн. : Дзярж. выд-ва БССР, 1949. - 227 с.
- Сцягі і паходні: творы паэтаў з былой Заходняй Беларусі / [склаў, аўтар прадмовы У. Калеснік]. - Мінск : Беларусь, 1965. - 254, [1] с.
- Крывёю сэрца: [зборнік вершаў беларускіх паэтаў, загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны] / укладальнік [і аўтар устунага артыкула А. Вялюгін]. - Мінск : Беларусь, 1967. - 177, [1] с. - (Бібліятэка беларускай паэзіі)
- Ростані волі: з заходнебеларускай паэзіі / [укладальнік і аўтар прадмовы У. А. Калеснік. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. - 414, [1] с.
Крыніцы:
- Волкаў, І. Алесь Дубровіч // Шлях перамогі. – – 30 мая. – 3 стар.
- Волкаў, І. Успомнім добрым цёплым словам //Веснік Глыбоччыны. – 1999. – 15 верасня
- Чыгрын, С. Юнацкіх дзён лавіў акорд // Сяргей Чыгрын // Першацвет.- 1993.- №11.- С.97.
- Беларускія пісьменнікі: бібляграфічны слоўнік. Том 2 Верабей–Іваноў .– Мн., Бел. энц. імя П.Броўкі, 1993. – С. 384-389
- Трагічныя лёсы глыбоцкіх літаратараў. Сайт Мой родны край — Глыбоччына
- Алесь Дубровіч
- 1425

