Пост — праздник души
На кніжных паліцах – навінкі!
БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДЗЕ
Неделя милосердия в Глубокской районной библиотеке
Выставка-обзор «СПИД: опасно этого не знать!»
Чарневіцкая сельская бібліятэка ў лістападзе 2025 года
«Бояться не нужно, нужно знать»
  Духовно-просветительская встреча "Пост — праздник души" состоялась  в Обрубской сельской библиотеке-клубе. ... Читать далее...
Беларускіх аўтараў. На роднай і рускай мовах. Класікаў і сучаснікаў! ... Читать далее...
Студыя паэтычнай творчасці «Сустрэчы для душы» разам з кіраўніком Жаннай Юркевіч успомнілі слаўнае імя Уладзіміра Караткевіча. ... Читать далее...
 «Аллея добрых книг» открылась  в Глубокской районной библиотеке. ... Читать далее...
В читальном зале Глубокской детской библиотеки действует выставка-обзор «СПИД: опасно этого не знать!», приуроченная ко Дню профилактики ВИЧ-инфекции. ... Читать далее...
 Чарневіцкая бібліятэка дзейнічае як інфармацыйна-культурны цэнтр для жыхароў сваёй зоны абслугоўвання... ... Читать далее...
 Ежегодно 1 декабря отмечается Всемирный день борьбы со СПИДом, который является следствием ВИЧ-инфекции. ... Читать далее...
Версия для слабовидящих

Статистика пользователей

Период:

2020-01-01 - 2025-12-14

Зарегистрировалось:

137

Сёння 5

Тыдзень 294

Месяц 569

Усяго 260,085

 

 Drazdovich Y. Mlyn

25 кастрычніка па традыцыі на Беларусі святкуюць дзень млынароў... Даўней лічылася, што да гэтае пары ўсё збожжа змолатае, і млынары могуць адпачываць. Свята адзначалі проста на млыне, пачастунак накрывалі на жорнах... 

"Шмат таямнічага звязана з млынамі і млынарамі. Згадаць толькі паданне, што старажытны Менск заснаваны млынаром Мянескам. Шмат млыноў я сустракала падчас падарожжа па старонках беларускай літаратуры, шмат млыноў пабачыла на свае вочы падчас вандровак па роднай зямлі.... Ветракі, вадзяныя, паравыя... Найчасцей у руінах, часам непазнавальна перабудаваныя. Памятаю, як давялося прайсці некалькі кіламетраў па брукаванцы, якая вяла да вадзянога млына XVІІІ стагоддзя, каменнага, на тры паверхі... Прыйшлі — брукаванка заканчваецца каля плота нечай сядзібюы, і толькі горку цэглы з-за плота відаць.

Але як хвалюе кожная сустрэча з млыном... Сёння мы пройдземся і па кніжных старонках, і па рэальных дарогах, каб пагаварыць аб выдуманых беларускімі пісьменнікамі млынарах і сапраўдных млынах", -- піша Людміла Рублеўская.

А што вядома пра млыны на Глыбоччыне? Краязнаўцы сцвярджаюць, што паводле крыніц з 1784 года існавалі:

1. Кармеліцкі пад кляштарам (Капаніца).

2. Кармеліцкі ў Лаўрынаўцы, на ручаіне, малоў толькі вясной.

3. Кармеліцкі ветраны каля Глыбокага

4. На Ражаніцы (Аржаніцы) ў Шарабаях, уласнасць Радзівілаў.

5. На Ражаніцы ў Міхальцах.

6. На Дабрылаўцы ў Удзеле.

7. Цеханавецкага ў Залессі, на пракапаным канале з возера Гародна (Сетаўскае) і Марочына.

8. Базыльянаў віленскіх (кляштара святой Тройцы каля Вострай Брамы) ў Палавіцы, на ручаі, які выцякае з возера Астроўна.

9. Корсака ў Свіле на ручаі, які выцякае з возера Свіла. (Задарожская парафія)

10. Дабашыньскага, пры карчме Зябкі, на полацкім гасцінцы "паміж гарамі з возера Доўгага" вада ў стаў падавалася.

11. Дабашыньскага ў Пушчы на ручаі Глыбочка, які цячэ з балот у возера Пліса, званы Мykizino (хіба што Мылічына).

12. Сяліцкага пры двары Чарневічы, на рацэ Аута.

13. Нарніцкага на Ауце, палова мілі (каля 3,5 км) ад млына Сяліцкага.

14. У Плісе, на Мнюціцы, млын Падбіпентаў. 

15. Млын Вярхнянскі на рацэ Вярхнянцы, якая ўпадае ў Мосарскае возера.

16. Млын Мосарскі на той жа рацэ. 

“Спіс вадзяных млыноў у дэканатах і парафіях Віленскай дыяцэзіі 1784 года". Крыніца: Жылка, Ф. Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць / Францішак Жылка. - Мінск : Энцыклапедыкс, 2021. - 279, [1] с.- С. 210

 У 1939 годзе ў мястэчку  Глыбокае  былі 4 млыны. У Глыбокім, Кашталянаўшчыне, Міхальцах і Шарабаях. Крыніца: Майорава, З. Вытокі сённяшняга дня: 40–50-я гады з гісторыі раёна // Шлях перамогі.– 1989. – 1 студзеня

А колькі было раней?

Glybokae mlyn 2 Краязнаўцы сцвярджаюць, што ў Глыбокім у розныя часы было пяць (магчыма і болей) млыноў. Адзін з іх быў каля двара Радзівілаў (1694 г., пачатак вул, Мінскай), па дакументах значыцца млын на Капаніцах (І-я пал. XVIII ст., тэрыторыя кансервавага завода), валавыGlybokae mlyn Fota A.Dybouski 2006 млын кляштара кармэлітаў (1830 г., прыводзіўся ў дзеянне сілай валоў, на тэрыторыі гаспадарчага двара кляштара), паравы млын М. Зіберглейта і Д. Іхільчыка (1929 г., непадалёку ад чыгункі), 

млын Пераца Мірымана з першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі дызельным рухавіком (1910 г., вул. Чыгуначная),  

 

 

    Меліся млыны ў вёсках Бабруйшчына, Шарабаі, Лучайка, Мнюта, Юзуфова, Пліса, Зябкі, Чаронка, Чарневічы  іншых вёсках. І гэта не поўны пералік вясковых млыноў...

zyabki mlyn 22Сярод рэшткаў колішніх млыноў прыцягвае ўвагу і будынак у вёсцы ЗябкіУ 1920-х гадах мясцовы жыхар Рафаіл Ітман вырашыў пабудаваць млын і для гэтага запрасіў двух інжынераў з Германіі. Яны спраектавалі чатырохпавярховы будынак, завезлі з Германіі абсталяванне. Жорны рухала паравая машына, якая месцілася ў падвальным памяшканні, зерне на верхнія этажы падымаўся ліфтам. Мелася зернесховішча. Упрыгожваў будынак балкон.

Побач стаялі гаспадарчыя пабудовы -- кузня, воўначасалка і дом млынара. Млын адразу набыў папулярнасць. Сюды з'язджаліся малоць зерне з усіх навакольных вёсак. І ў чарзе стаялі часам па трое сутак.

zyabki mlyn 4861 1350924532 b2Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР млын быў нацыяналізаваны. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў часткова пашкоджаны. Пасля вайны, -- па ўспамінах Л.А. Гарнастай, -- млын перайшоў у рукі саўгаса. Млын быў у стане вырабляць муку вышэйшага гатунку, тут “дзёрлі” крупы з ячменю. Але ўжо ў пачатку 1990-ых ён пачаў губляць сваю неабходнасць. У сярэдзіне 90-х на млыне стаяў адзін электрычны рухавік. У 1960-я гады ля млына была пабудавана лесапілка. Тут распілоўвалі бярвёны на дошкі і габлявалі іх. У 1998 г. лесапілку перанеслі на машынны двор саўгаса. Жыццё млына прыпынілася.

 zyabki mlyn Будынак можна лічыць узорам прамысловай архітэктуры... І прыемна, што ў апошні час млын і іншыя зябкаўскія будынкі набылі гаспадара.

  

Mnyuta mlyn Водны млын у вёсцы Мнюта належыў  Уладыславу Бжастоўскаму.  Таксама выпрацоўваў электрычнасць на ўласныя патрэбы прадпрыемства і маёнтка. У час Вялікай Айчыннай вайны быў спалены.  Пасля 1945 г. быў адноўлен як калгасны млын і мясцовая гідраэлектрастанцыя (ГЭС).  Калгасная ГЭС вырабляла электрычнасць для пяці тутэйшых вёсак.  Пасля падключэння вёсак да дзяржаўных Глыбоцкіх электрычных сетак, гідраэлектрастанцыя і млын былі зачынены. Зараз будынак пустуе.

Пра млыны на рэчцы Мнюта ўзгадвае  Юрась Касцюк: "Быў тут калісьці (в.Мнюта) і млын, (Дарэчы, ў межах былога Пліскага раёна на Мнюце стаялі тры вадзяныя млыны: у Плісе, Мнюце, Лужках. На іх не толькі малолі муку, дралі крупы, часалі воўну, млыны давалі тайную электраэнергію).

Мнюцкі млын у хрушчоўскія часы закінулі, механізмы разабралі, плаціну таксама разламалі. Яшчэ больш незайздросны лёс спасцігнуў пліскі млын. Па неахайнасці аднаго з работнікаў ён згарэў. Лужэцкі таксама не выжыў у тыя часы. I рэчка Мнюта, якая мае хоць і пакручастае рэчышча, і ўтварае на сваім шляху да Дзісны-ракі два возеры: Мнюцкае ды Вялецкае, хуткаплынная, пачала зацягваць з Пліскага возера ваду, як помпа. Возера абмялела, пачало зарастаць, ды і сама рэчка звузела ў берагах і змялела. А ўсё пачалося з таго, што не стала млыноў, плаціны якіх выконвалі функцыі рэгулятараў сцёку. Калісьці па возеры ды Мнюце ганялі платы. А цяпер... Рака не замярзае ў маразы. Цячэнне хуткае, перапад вышынь у рэчышчы значны, і таму на ёй зараз зімуюць качкі, а каля моста ў Плісе і лебедзі." (Касцюк Ю. Мнюта // Край: альманах. Наваполацк, 1997 г.)

У канцы XVIII стагодзьдзя у мястэчку Пліса існавалі «гаспадарскі дом», драўляная царква, 6 крамаў, 2 корчмы, вадзяны млын на 4 паставы. Вадзяны млын Корвін-Паўлоўскага не толькі малоў зерне для вяскоўцаў, але і вырабляў электрычнасць, якую прадаваў для малачарні. 

Abrub mlyn 1959 gНапачатку 60-х гадоў быў пабудаваны млын у Абрубе, цэнтральнай сядзібе калгаса імя Кірава. З Мацясоў, Шыпоў, Ластавіч, Кавалёў і іншых вёсак везлі людзі зерне на абрубскі млын. "Больш трэці веку адстаяў нерухома стары млын, шіто ў вёсцы Абруб калгаса імя Кірава. Пажылыя людзі памятаюць, як выручаў ён іх у 50—60-я гады. Тут здрабнялі зерне на розны густ: і на булкі, і на хлеб, і на бліны. Прыязджалі сяляне з усяго на- ваколля. ІІрацаваў тут знатны млынар Іван Макаравіч Шабан. Добрая слава ішла аб яго майстэрстве, уменні дагадзіць у размоле зерня любой гаспадыні". Складанае эканамічнае становішча вымусіла кіраўніцтва гаспадаркі аднавіць млын.  "Адшукалі людзі таго старога майстра, які працаваў на млыне раней. Івану Макаравічу Шабану ўжо за 80 але згадзіўся адладзіць млынарню, навучыў усім тонкасцям работы свайго вяскоўца Міхаіла Макаравіча Шаўчонка. I зноў загудзеў стары млын на радасць людзям, зноў пацягнуліся павозкі і  трактарныя прычэпы з мяшкамі зерня. А адтуль — задаволеныя і крыху пабялелыя ад мукі едуць вяскоўцы дадому, дзе іх з радасцю сустракаюць гаспадыні. Будзе на бліны і на булкі, на хлеб і парсючку падмяшаць..."   (Недзведзь, Г. І ажыў стары млын / Г.Недзведзь // Веснік Глыбоччыны.- 1994.- 23 верасня). 

12 год аддаў млынарні Міхаіл Макаравіч Шаўчонак, затым перадаў справу Уладзіміру Раманавічу Багдановічу.

 Luchajka mlyn

Калгасныя млыны ў паслеваенны час дзейнічалі ў многіх гаспадарках. Захаваўся будынак колішняга млына ў вёсцы Лучайка, цэнтральнай сядзібе былога калгаса імя Леніна. 
 
Cw1kZzAFVmYУ Чарневічах на рацэ Авута таксама стаяў вадзяны млын.

Ён быў пабудаваны ў 30-я гады XX cтагоддзя. Знаходзіўся на правым беразе ракі Аута і ўяўляў сабой  двухпавярховы будынак з вялікім вадзяным колам, якое прыводзілася ў дзеянне сілай падаючай вады. Жыхары з ўсяго наваколля  з’язджаліся сюды, каб змалоць зерне. Падчас вайны, у 1943 годзе, млын згарэў разам з мясцовым жыхаром, які  знаходзіўся на той час у будынку. 

У 1957 годзе мясцовы калгас распачаў будаўніцтва новага млына. Будавалі яго не на месцы былога, а вышэй метраў на 50 па цячэнні ракі. Запрацаваў млын ў 1958 годзе, але яго галоўнай функцыяй  стала выпрацоўка электраэнергіі. Працаваў  наступным чынам: вада круціла  турбіну, а турбіна – генератар, які выпрацоўваў электраэнергію, забяспечваючы Чарневічы святлом.

Перад млынам было  вадасховішча, якое ўтрымлівалася  насыпной дамбай. У дамбе меўся шлюз для спуску вады і шлюз для падачы вады на турбіну.  Калі ў вадасховішчы збіралася шмат вады, то падымалі шлюз і яе спускалі. На пачатку 60-х гадоў з-за нядбайнасці  работнікаў млына шлюзы былі затоплены. Вада разбурыла і дамбу, і будынак. Рэшткі млына былі разабраны і вывезены ў 1986 годзе.

Як памяць пра тое, што Чарневічы былі вядомыя і славіліся ў бліжэйшай акрузе  сваім млыном, стала вуліца Мельнічная, якая і вядзе да месца, дзе некалі стаяў млын. (Пратасевіч Н.Ф. "Чарневіцкі млын". -- Чарневіцкая сельская бібліятэка, 2022).

  

Charonka mlyn Y.Askerki"Млын Яна Аскеркі ў вёсцы Чаронка – адзінае, што засталося ад шматлікіх гаспадарчых пабудоў тут. ...  Зараз ля млына ў добрым стане туліцца з дзясятак хатак ..." - Г.Шарынскі.                                                             

  
 Yuzufova Padsville mlyn F. A.DzehcyaronkaШуміць вада па рэштках колішняга млына на рацэ Свіліца, каля вёскі Юзуфова.
Падсвільчане ўзгадваюць, што непадалёку ад паселка Падсвілле на рацэ таксама стаяў млын.
   

Kashtalyanaushchyna mlyn Механічны млын з рухавіком унутранага згарання ў вёсцы Кашталянаўшчына належыў Быхаўцам (Бохвіцам). Пабудаваны ў 1930-х гг., ён амаль поўнасцю разабраны ў 2000-х гадах.  

  

Babrujshchyna mlyn Цешыць вока сваёй велічнасцю будынак вадзянога млына ў вёсцы Бабруйшчына, перабудаваны ў жылы дом. 
У бізнесовым даведніку 1929 года пазначана, што ўладальнікамі млына ў Бабруйшчыне былі Szenkier M. i J. i Rywosz. Мясцовы доўгажыхар Б.Рмашка сцвярджаў, што ў Бабруйшчыне была і леспілка Шэнкера і Рывоша, якая магчыма працавала пры мельніцы...   
 
 
 
У краязнаўчым рабоце Р. Шарыпкіна "Сядзіба графскага роду Моль у маёнтку Залессе-Астроўна (агляд і  даследаванне гісторыі маёнтка з 1850-х г.г. да верасня 1939 г." (2017) узгадваюцца сведчанні старажылаў, якія будучы дзецьмі ці зусім маладымі хлопцамі і дзяўчатамі ў 1921-1939 г.г., працавалі па найму ў пана Станіслава Моля, карысталіся яго млынам што знаходзіўся ў маёнтку Залессе.

Zalesse mlyn

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Zharabai mlyn 22Падмуркі вадзянога млына ля вёскі ШарабаіНезаслужана забытым і пакінутым помнікам развіцця сельскай гаспадаркі XIX стагоддзя лічаць мясцовыя жыхары вадзяны млын, які калісьці стаяў на рацэ Аржаніца ў вёсцы Шарабаі. Ён быў неад'емнай часткай жыцця i быту сялян ycix бліжэйшых вёсак і хутароў.

Па ўспамінах жыхаркі в. Гірстуны Юзэфы Адольфаўны Згірскай: "... На месцы цяперашняга развалу стаяў вялікі млын. ... На самой рацэ стаялі заставы, якія збіралі ваду, на вадзе стаяла турбіна, якая прыводзіла ў дзейнасць увесь механізм млына. ... 

3 расказаў майго бацькі памятаю, што млын належыў генералу, у якога быў двор і 20 гектараў зямлі. Людзей, якія ў яго працавалі, звалі дваракамі. На пачатку XX стагоддзя зямлю і млын у генерала адкупіў пан Міхаіл Цыбовіч. ... Працаваў млын безперапынна. Пры Польшчы млынаром быў Паўлюк Апевала. Некалькі разоў млын рамантаваўся. Вельмі многа людзей прывозілі сюды збожжа на падводах, а пазней, перад вайной i на машынах. Калі малолі зерне простым сялянам, плату бралі пудамі, а больш заможныя разлічваліся злотымі. Пані таксама была вельмі працавітая. Працавала разам з сялянамі закасаўшы рукавы. У 1939 годзе, калі Германія аб'явіла вайну Польшчы, пан Цыбовіч з сям'ей выехаў у Літву, пакінуўшы i зямлю і млын. ... У 1951 годзе млын перайшоў ва ўласнасць калгаса "Парыжская камуна".

Zharabai mlyn Cw1kZzAFVmYЗ успамінаў жыхаркі вёскі Шарабаі Бервячонак Ядвігі Паўлаўны: "... Трыццаць год адпрацаваў мой бацька, Апявала Павел, млынаром. Пачынаў яшчэ ў 30-я гады пры пану Mixaілy Цыбовічу. Млын  меў для развіцця сельскай гаспадаркі вельмі вялікае значэнне. 3  блізкіх i далёкіх вёсак людзі везлі зерне на наш млын. Была старая дарога, на якой выстрайваліся чэргі конных калёс, пазней калгасных машын. Доход ад млына ішoў у дзяржаўную казну. Калі падвялі злектрычнасць, млын перастроілі i падключылі пад электраток. Пасля майго бацькі працавала яшчэ некалькі млынароў. Апошні з ix быў Міхалевіч Фёдар.

Напачатку 1970-га года, калі пачалі насыпаць новую дарогу i будаваць мост, млын пачаў развальвацца, а дзесьці ў 1975 годзе зусім перастаў працаваць. Стала меньш гаманліва і людна ў нашых мясцінах. Больш млын ніхто не рамантаваў i не аднаўляў. У цэнтральнай сядзібе калгаса, у вёсцы Зарубіна пабудавалі свой калгасны электрамлын. А пра наш, выдзяны, у хуткім часе забыліся зусім..."  Крыніца: "Даследчая праца настаўніцкага клектыву Шунеўскай СШ".

  

Ва ўласнасці памешчыкаў Грабніцкіх у 1886 г. былі сукновальня, вадзяны і ветраны млын. Знаходзіўся млын ў в. Міхальцы, недалёка ад сучаснай  фермы “Міхальцы”, на рацэ Аржаніца. Некалі даўно працаваў на вадзе, быў там і загадчык, які жыў непадалёку. Людзі прыязжалі нават з другіх раёнаў, таму што можна было змалоць зерне на муку, зрабіць вальцоўку і шмат яшчэ чаго. А потым усё прыйшло ў заняпад, на гэты час засталіся толькі разваліны...

   
Mihalcy mlyn Рэшткі млына ля вёскі Папшычы.

  

Drazdovich Krayavid z mlynomСТАРЫ МЛЫН

Каля рачулкі безназоўнай у светлай вотчыне маёй
Ёсць млын стары, ад вока схоўна спавіты даўніной нямой.

Ён тут спрадвеку. Невядома, хто збудаваў яго і як.
Не раз, паўдзённай гнаны стомай, спачыць сюды прыходзіў я.

Рабілася світальна, добра і цёпла неяк на душы
у гэтых сценах прахалодных, у гэтай нерушнай цішы...

Янка Лаўкоў

  Па матэрыялах інтэрнета, выкарыстаны фотаздымкі, змешчаныя ў свбодным доступе.