Літаратурнае Глыбокае ў летнія святочныя дні

У Парку Паэзіі адвячоркам 3 ліпеня было спеўна і паэтычна!
У гэты дзень да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 610- годдзя горада Глыбокае ў парку Паэзіі адбыўся паэтычны праменад “Мы лучше города не знаем, мы чувствуем его душой”, падрыхтаваны супрацоўнікамі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
На мерапрыемства былі запрошаны мясцовыя паэты Таццяна Ломыш і Анастасія Стралкоўская, якія чыталі ўласныя вершы, прысвечаныя роднаму гораду. Вершы пра горыч страшнай вайны прачытала паэт і журналістка Галіна Сутула.
Аздобілі мерапрыемства цудоўнымі песнямі Ганна Шакола і студыя паэтычнай творчасці “Сустрэчы для душы”. Таленавіты кампазітар і спявачка Ганна Шакола выканала ўласныя песні, напісаныя на вершы Віталя Гарановіча. Удзельнікі студыі паэтычнага майстэрства "Сустрэчы для душы", якая працуе пры Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, выканалі добра вядомыя песні савецкага часу.
Для гасцей праменада дзейнічала выстава-інсталяцыя выданняў мясцовых аўтараў. Тыя, хто хацеў адчуць асалоду ад беларускага слова -- адчуў яго спаўна!





Гэта дзея была апошнім звяном у летнім літаратурным ланцужку, які стварае для чытачоў Глыбоцкая раённая бібліятэка.
Вялікай падтрымкай для супрацоўнікаў установы з'яўляецца студыя паэтычнай творчасці “Сустрэчы для душы”. Яе ўдзельніцы часам з'яўляюцца як героямі мерапрыемстваў, так і шаноўнымі гасцямі бібліятэкі.
Днямі раней для іх бібліятэкары падрыхтавалі музычна-паэтычную старонку “Веру ў сяміструнную гітару”, якая прысвячалася юбілеям паэтаў-бардаў Юрыя Візбара і Булата Акуджавы. У зале дзейнічала выстава вершаваных зборнікаў паэтаў і артыкулаў з перыёдыкі аб іх жыцці і творчасці. Святлана Баброўская прачытала вершы Ю.Візбара і Б.Акуджавы. Відэапрэзентацыя нагадала самыя вядомыя бардаўскія песні, якія, на жаль, паступова сыходзяць з музыкальных праграм... Скончылася мерапрыемства праглядам фільма-манаграфіі "Вершина Визбора".
Літаратурна-музычная гадзіна “Захавай у сэрцы любоў”, прымеркаваная да 100-годдзя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ), адбылася ў чытальнай зале Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Удзельнікамі гадзіны сталі наведвальнікі дзённага знаходжання Глыбоцкага цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі для інвалідаў па зроку. Сяброўкі студыі паэтычнай творчасці падрыхтавалі міні-канцэрт, а Настасся Стралкоўская чытала вершы з уласнага зборніка “Мелодия души”. Мясцовы кампазітар і спявак Браніслаў Грамакоўскі выканаў песні, напісаныя ім на словы мясцовых аўтараў.



Юркевіч Ж.Б., бібліятэкар Глыбоцкай ЦРБ
- 294

