Краязнаўча-творчая гадзіна “Беларуская саломка”

Работнікі Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі вырашылі пазнаёміць падлеткаў з даўняй беларускай мастацкай практыкай саломапляцення і запрасілі іх на краязнаўчую гадзіну “Беларуская саломка”. Гэты від народнай творчасці ўнесены ў "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь нематэрыяльных праяў творчасці чалавека на тэрыторыі Глыбоцкага раёна". На Глыбоччыне сур'ёзна займалася саломапляценнем народны майстар Беларусі Марыя Вячаславаўна Ермаловіч .
На сустрэчу бібліятэкары запрасілі Наталлю Пятроўну Васілеўскую, метадыста па саломапляценні Падсвільскага філіяла раённага Дома рамёстваў. Наталля Пятроўна даўно і актыўна займаецца гэтым відам народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. За час работы ў Доме рамёстваў, яна стварыла вялікую калекцыю саламяных вырабаў: лялькі, цацкі, дэкаратыўныя пано і тэматычныя кампазіцыі.
Пра такіх умельцаў, як Наталля Пятроўна, кажуць: залатых рук майстар. Цікавасць да рукадзелля была з дзяцінства. У школе гафтавала крыжыкам. Падчас вучобы ў інстытуце вязала спіцамі і шыдэлкам. Спадабалася ўбачанае кашпо -- узялася за макрамэ. А потым паспрабавала сябе ў рабоце з саломкай.
І гэта ня гледзячы на тое, што асноўная прафесія Наталлі Васілеўскай з творчасцю не звязана. Яна скончыла факультет "Тэхналогія перапрацоўкі пластмасы" Мінскага тэхналагічнага інстытута па спецыяльнасці "хімік-тэхнолаг". Працавала на Падсвільскім ільнозаводзе. Кадравае скарачэнне стала тым выпадкам, пра які кажуць: усё, што ні робіцца -- да лепшага.
Лёс прывёў маладую жанчыну ў сферу творчую. Наталлі Пятроўне прыйшлося працаваць у Падсвільскім Доме піянераў, мясцовай школе і Доме культуры. Вяла кружкі і аматарскія аб'яднанні з дзецьмі і дарослымі. Пачынала з макрамэ і вязання, пазней захапілася і па кнігах вывучыла тэхніку пляцення з лазы. Саломапляценню таксама вучылася самастойна.
І гэты від мастацтва стаў галоўнай справай жыцця Наталлі Пятроўны Васілеўскай. Ствараліся кветкі, анёлы, дамавічкі, абярэгі ... А якімі незвычайна прыгожымі аказаліся навагоднія цацкі з каласкоў! Не жадаючы спыняцца на дасягнутым, майстар "скарала" новыя вяршыні. Захапілася стварэннем саламяных пано на мешкавіне. Заўважыла, як удала спалучаецца гэтая тэхніка з макрамэ, пачала эксперыментаваць далей-болей... "Калі ёсць жаданне тварыць, будуць і ідэі", -- сцвярджае Наталля Пятроўна.
Жыццёвыя абставіны паспрыялі Наталлі рэалізаваць не толькі свой творчы патэнцыял. Яе асаблівая місія ў тым, што на працягу многіх гадоў яна садзейнічае захаванню і распаўсюджванню гэтай сонечнай творчасці, не дае знікнуць даўняму народнаму мастацтву.

На ўласным прыкладзе Наталля Пятроўна паказала падлеткам, што пры жаданні "матэрыял прыродны" можа зрабіць творцу "майстрам народным".
Усе прысутныя з вялікім задавальненем пазнаеміліся з майстрам і з цікавасцю разглядалі прадстаўленыя на выставе работы.
Поспехаў Вам і творчага плену, Наталля Пятроўна!
- 212

