15 год назад адкрыўся касцёл Маці Божай Ружанцовай і Ісуса Хрыста ў в. Азярцы

29 чэрвеня 2007 г. — адбылося адкрыццё касцела Маці Божай Ружанцовай і Ісуса Хрыста ў в. Азярцы.
***
Парафія св. Пятра і Паўла, апосталаў, i св. Марціна з Турс, біскупа ў в. Азярцы.
Касцёл размешчаны насупраць былога сядзібнага дома. Пабудаваны ў пачатку 21 ст. з цэглы. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільным дахам, які над алтарнай часткай з бакавымі сакрысціямі пераходзіць у вальмавы, завершаны каркаснай шатровай сігнатуркай. Да фасада далучаны прытвор-званіца. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі.
Пробашчам парафіі да 2018 года быў кс. Аляксандр Дулінец. Ад 3 сакавіка 2019 года пробашчам з'яўляецца кс. Мікалай Ціхановіч.
***
Вёска Азярцы, напэўна, адна з нямногіх на Глыбоччыне, дзе захавалася шмат будынкаў ХІХ ст., якія належылі буйному землеўладальніцкаму роду Аскеркаў. Захаваўшыеся жылыя і гаспарчыя пабудовы выклікаюць цікавасць аматараў мінулых часоў.
У своеасаблівую архітэктуру, якая спалучае гісторыю і сучаснасць, арганічна і вельмі ўдала ўпісаўся каталіцкі
храм, будаўніцтва якога пачалося ў 2004 годзе. Ініцыятарам будаўніцтва і фундатарам храма выступіў мясцовы фермер Павел Дулінец. Узвядзенне храма ў цэнтры вёскі блаславіў біскуп Віцебскі Уладыслаў Блін. Урачыстае асвячэнне касцёла святых Пятра і Паўла адбылося 29 чэрвеня 2007 г.
Вось як аб святочнай для вяскоўцаў падзеі пісала раённая газета "Веснік Глыбоччыны":
"Новая святыня на Глыбоччыне
... Многія гады вернікі з Азярцоў і навакольных вёсак дабіраліся ў Глыбоцкі касцёл. У пачатку 90-ых гадоў у саўгас “Азярцы” прыехаў працаваць малады аграном Павел Дулінец. Калі пачало зараджацца фермерства, вырашыў паспрабаваць гэтага хлеба сам. Узяў у арэнду 100 гектараў зямлі і пачаў вырошчваць гародніну. У яго атрымалася. Работа прыносіла задавальненне і добры прыбытак.
Можна было паехаць адпачываць за мяжу, адправіцца ў захапляльнае падарожжа, купіць шыкоўную машыну, а ён рашыўся ахвяраваць заробленыя сродкі на патрэбы іншым: пабудаваць Божы храм. Гэта была яго мара, якой жыў некалькі год.
Як усё пачыналася
Пад будучую святыню на выбар былі прапанаваны два месцы. Сышліся на тым, што касцёл упрыгожыць цэнтр вёскі Азярцы. I калі з месцам будаўніцтва храма справа была вырашана хутка, то з яго праектам доўга была замінка. Ці не дзесяць разоў Павел ездзіў у Віцебскую праектную арганізацыю, пакуль праекціроўшчыкі далі “дабро”.
19 чэрвеня 2003 года біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін асвяціў Крыж і месца, дзе збіраліся будаваць касцёл. Неўзабаве распачалі будаўніцтва: расчысцілі пляцоўку, вырылі катлаван, вывелі падмурак і... работы спыніліся. Вяскоўцы, якія з вялікай радасцю ўзяліся дапамагаць Паўлу, захваляваліся: “Што здарылася?”. Аказваецца, Павел шукаў такіх муляраў, якім можна было б даверыць тонкую работу: вывядзенне сцен.
Спецыялісты па кладцы сцен нарэшце былі знойдзены, і работа на будоўлі ажывілася. Цаглінка да цаглінкі будавалася святыня, акуратна, з душой, будавалася на вякі, на трывалым падмурку каталіцкай веры. Колькі маглі, незалежна ад веравызнання, ахвяравалі жыхары - навакольных вёсак, парафіяне Глыбоцкай парафіі. Дапамагалі не толькі сродкамі. Расказвае адна са старэйшых жыхарак вёскі Азярцы Ганна Янаўна Лаўцэвіч, з якой пазнаёмілася на свяце:
—Каб вы толькі ведалі, як чакалі мы гэтага дня, як прыспешвалі яго. Хоць і гадоў маю багата, дапамагала, як магла. I не адна я, усе стараліся. Але найбольшы клопат меў Паша. Молімся за яго і яго бацькоў. Такога сына выхавалі!
Ахвяра на хвапу Пану Богу
Вялікай ахвяры і шмат сіл - фізічных і духоўных - запатрабавала будаўніцтва новай святыні.
—Гэтая ахвяра складалася на хвалу Пану Богу, і прынесена яна дзеля таго, каб слабыя і грэшныя душы людскія знаходзілі тут прытулак і збаўленне, — атрымліваючы з рук галоўнага фундатара касцёла Паўла Дулінца сімвалічны ключ ад новай святыні, сказаў Арцыбіскуп Марцін Відовіч. - Не было б сёння гэтай вялікай урачыстасці з нагоды адкрыцця новага касцёла, каб не было вашага Паўла.
Словы Арцыбіскупа патанулі ў шквале апладысментаў людзей, якія прыйшлі-прыехалі на ўрачыстасць. Дарэчы, гасцей было вельмі многа. Многія не змаглі трапіць на Імшу ў касцёл, а таму маліліся на прыкасцельным пляцы.
У гэтым вялікім малітоўным хоры шчыра гучала малітва самога Паўла. Ён дзякаваў Пану Богу, з ласкі Якога паўстаў касцёл у Азярцах, і прасіў ласкі для людзей, якія прычыніліся да гэтай высакароднай справы, — для святароў, католікаў і праваслаўных, будаўнікоў, для сваіх родных і блізкіх за малітоўную падтрымку і дапамогу, для старшыні райвыканкама М. М. Кандзерскага (Міхаіл Міхайлавіч палічыў патрэбным раздзяліць з жыхарамі аграгарадка Азярцы гэтую вялікую радасць) за тое разуменне і падтрымку, без якой немагчыма было б пабудаваць новы касцёл.
— Мы будавалі дом Божы. I кожны хрысціянін, незалежна ад веравызнання, можа прыйсці сюды, каб папрасіць ласкі Божай і заступніцтва Святых Апосталаў Пятра і Паўла, —- сказаў ён на заканчэнне.
“Які прыгожы наш касцёл!”
... Свята закончылася, але вернікі не спяшаліся разыходзіцца. Звярнула на сябе ўвагу бабулька, якую беражліва падтрымлівала маладая жанчына. Стоячы на пляцы ля святыні, яна пільна ўглядалася ў касцельныя вежы.
— Што так уважліва разглядаеце? - пацікавілася ў бабулі.
—Паглядзіце, які прыгожы наш касцёл. Здаецца, пасля свайго хросту ён папрыгажэў, — адказала тая.
—Хадзем, мама, — далікатна ўзяла яе за руку дачка.
Старая няўпэўнена зрабіла крок, другі... Яна дрэнна бачыла, але, дзякуючы сваёй веры і вялікай радасці, якая перапаўняла ў гэтыя хвіліны, яна бачыла сэрцам.
Няхай жа новая святыня заўсёды прыцягвае да сябе і вечна ўзвышаецца на гэтай зямлі як арыенцір, як прытулак для слабых і грэшных.
Рэгіна МАРЦЫНКЕВІЧ"
НА ЗДЫМКE —асвячае Азярэцкі касцёл Апостальскі нунцый на Беларусі Марцін Відовіч . Фота Ул. БАРЫЛЫ.
Касцёл размешчаны насупраць былога сядзібнага дома. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільным дахам, які над алтарнай часткай з бакавымі сакрысціямі пераходзіць у вальмавы, завершаны каркаснай шатровай сігнатуркай. Да фасада далучаны прытворзваніца. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі.
ЛІТАРАТУРА:
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай і Ісуса Хрыста // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін ; фатограф А.Л. Дыбоўскі. – Мн., 2008. – С. 10.
- Марцынкевіч, Р. Новая святыня на Глыбоччыне / Р. Марцынкевіч // Веснiк Глыбоччыны. — 2007. — 18 ліп. — С. 1-2.
- 366

