Гісторыя Абрубскай сельскай бібліятэкі-клуба

Сучасная Абрубская бібліятэка адкрылася ў 1947 г. ў Ластавіцкім сельсавеце. У красавіку 1948 года цэнтр Ластавіцкага сельскага савета быў перанесены ў в. Абруб і, адпаведна, перайменаваны ў Абрубскісельсавет. Для сельскага савета быў ўзведзены новы будынак, дзе знайшоўся невялічкі пакой пад хату-чытальню.
Работа ў культасветустановах была не з лёгкіх. Патрабаванняў было шмат, а магчымасцей –нямнога. Культустановы павінны былі праводзіць палітыку парты і кіраўніцтва дзяржавы, выпускаць баявыя лісткі і плакаты, працаваць з лектарамі, асвятляць сацыялістычныя спаборніцтвы калгасных брыгад і ход пасяўных і ўборачных кампаній, ладзіць вольны час калгаснікаў – арганізоўваць работу гурткоў, праводзіць канцэрты і спартыўныя спаборніцтвы. Дзейнасць бібліятэк, клубаў, хат-чытален рэгулярна разглядаліся на райсаветах дэпутатаў працаўнікоў. І не кожны работнік мог выконваць такія патрабаванні : адны проста не спраўляліся з работай, іншыя не жадалі павышаць свой агульнаадукацыйны, ідэйна-палітычны ўзровень, некаторых не задавальнялі ўмовы працы.А калі ў работніка не было шчырага жадання ці ўмення працаваць, то і нараканняў з боку кіраўніцтва на працу ізбача было многа.Таму цякучка кадраў была вялікай. Складана вызначыць ўсіх, хто паспытаў на сабе культураўскага хлеба...
Першым бібліятэкарам была Прашковіч Галіна Лаўрэнцьеўна, якая праз нейкі час перайшла працаваць у сельскі савет.
ДАВЕДКА АБ ДЗЕЙНАСЦІ КУЛЬТУРНЫХ УСТАНОЎ ГЛЫБОЦКАГА РАЁНА за 1948 год сведчыць, што “ў раёне было 9 хат-чытален, у большасці сваім яны былі абарудаваны недастаткова, мелі мала інвентару і кніг. Адзначалася, што Абрубская хата-чытальня была абсталявана асабліва дрэнна і мела невялікі кніжны фонд – 346 экз. кніг. Яна мела радыёпрыёмнік, які не працаваў з-за адсутнасці «питания», “...на набыццё якога сельсавет не выдзеліў сродкі”. Па выніках даведкі было вырашана "метадам народнай будоўлі ўзводзіць асобныя будынкі для хат-чытален, якія месцяцца разам з сельсаветамі, безперапынна фінансаваць хаты-чытальні і на адпушчаныя сродкі набываць неабходную колькасць культінвентара і кніг.”
Пасля Прашковіч Г.Л. на працу ў бібліятэку прыходзілі розныя людзі, аднак доўга на пасадзе яны не затрымліваліся. Але імёны некаторых “ізбачоў” засталіся ў памяці жыхароў вёскі Абруб: Палянін Аляксей Аляксандравіч, Баран Канстанцін Уладзіміравіч, Беразоўская Вольга Аляксееўна, Васьковіч Васіліна Сцяпанаўна, Бясецкі.
Пры хатах-чытальныя працавалі сельскія лекторыі, членамі якіх былі спецыялісты сельскай гаспадаркі, настаўнікі, медработнікі, служачыя дзяржорганаў. Склад лектарскіх груп зацвярджаўся на райсаветах дэпутатаў працаўнікоў. У іх задачы ўваходзіла чытка лекцый для калгаснікаў на самыя розныя тэмы – ад паспяховаці калгаснага строю перад адзінаасобнікамі, павышэнні ўрадлівасці глебы і надояў малака да лекцый па здароваму ладу жыцця.

У 1951 годзе калгаснікі гаспадаркі імя Кірава метадам народнай будоўлі ўзвялі будынак, у якім размясціліся кантора калгаса і хата-чытальня. Будаўніцтва ішло пад кіраўніцтвам старшыні Абрубскага сельскага савета Сыраваткі Сяргея Амплеевіча. Ён выношваў ідэю ўзбуйнення і зліцця трох навакольных вёсак – Абруба, Ластавіч і Кавалёў у адзін населены пункт. А ў цэнтры бачыў прыгожы будынак, дзе разам будуць размяшчацца праўленне гаспадаркі, сельскі клуб і бібліятэка. У 1954 годзе ў памяшканні сучаснага клуба быў выдзелены пакой для хаты-чытальні плошчай 20 м². Пазней бібліятэка пашырыла свае плошчы да 42 м².
З гэтага часу Абрубская хата-чытальня займела пастаяннае памяшканне. Першым адчыніў дзверы новай Абрубскай хаты-чытальні для вяскоўцаў Рэдзько Уладзімір Дзмітрыевіч, ураджэнец в.Кавалі. Фонд Абрубскай хата-чытальня быў сфарміраваны з фондаў Кавальскай і Ластавіцкай хат-чытален і Майсеенскай бібліятэкі.

Абрубская хата-чытальня стала першым месцам работы аднаго з ветэранаў бібліятэчнай справы Глыбоцкай ЦБС – Марыі Аркадзьеўны Юргель. Па ўспамінах Марыі Аркадзьеўны, “бібліятэка карысталася поспехам”. Хата-чытальня была месцам, дзе заўсёды перад кінасеансам, або танцамі збіралася моладзь. Асноўным накірункам работы была палітыка-выхаваўчая работа. Работа ладзілася праз такія формы, як гутаркі па пытаннях палітычнага жыцця, гучныя чыткі газетных артыкулаў з іх абмеркаваннем, арганізацыя мастацкай самадзейнасці, далучэнне вяскоўцаў да ўдзелу ў грамадска-палітычных і культурна-масавых мерапрыемствах.
У канцы 1957 года ва ўстанову прыйшла працаваць выпускніца дзясяцігодкі Алена Вашыла (1957-1961).Не адразу ў рабоце маладога бібліятэкара ўсё было добра. Шмат цяжкасцей прышлося сустрэць дзяўчыне на першым часе. Але любоў да даручанай справы, жаданне хутчэй наладзіць бібліятэчную работу забяспечылі поспех. Актыўная работа Алены Вашыла да прыцягнення ў хату-чытальню вяскоўцаў давала свае вынікі.
У 1959 годзе чытачамі былі ўжо 500 вяскоўцаў. У вёсках Бараны і Дзегцяры працавалі перасоўкі, якімі абслугоўвалі 64 чалавекі.
"Прыемна зайсці ў Абрубскую сельскую бібліятэку, – пісала раённая газета,– якая знаходзіцца на тэрыторыі калгаса імя Кірава. Чытача тут заўсёды ветліва сустрэне бібліятэкар Лена Вашыла. Яна дапаможа кожнаму выбраць кнігу па густу, прапануе пачытаць навінку, аб якой чытач не ведаў. І таму не дзіўна, што ў бібліятэку прыходзяць кожны дзень дзясяткі хлебаробаў. Ні адзін з іх не выходзіць з гэтага пакоя без кнігі. Больш 500 чытачоў запісана ў бібліятэцы. І ў кожнага ў абанементнай картцы запоўнена два-тры, а то і больш лісткоў..” Крыніца : ” Кнігу - у кожную сям’ю // Сцяг камунізма.- 1959.- 26 снежня.
Дзейнасці хат-чытален удзялялася пастаянная ўвага з боку раённай прэсы. Фарміраваліся штабы з супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, рэдакцыі, прафсаюзных і партыйных работнікаў, якія праводзілі рэйды па культустановах раёна, аналізавалі і крытыкаваў узровень іх работы, умовы працы.
„Хворым месцам" з‘яўляюцца калгасныя бібліятэкі. Многія з іх палічваюць кніг на дзесяткі тысяч рўблёў. Але кнігі ляжаць або зваленыя дзе-небудзь у кладоўкі, або замкнуты ў шкафах на ключ. Калгасныя бібліятэкі, у большасці сваёй, знаходзяцца ў адным памяшканні з сельскай бібліятэкай. А ці нельга перавесці іх у аддаленыя брыгады, на фермы, непасрэдна туды, адкуль цяжка дабрацца ў цэнтр калгаса за кнігай?
Добры прыклад падалі праўленні калгасаў імя Энгельса, „Герой працы“, імя Кірава, якія размясцілі свае бібліятэкі ў аддаленых брыгадах, выдзелілі адказных за выдачу кніг”. У гэтым, безумоўна, была вялікая заслуга праўлення калгаса імя Кірава і яго старшыні Прашковіча Мікалая Якаўлевіча.

З 24.11.1961 па 1964 гг. Абрубскую хату-чытальню ўзначальвала Тэрэза Антонаўна Шышко (па мужу Шаўчонак). Яна ўзгадвае, што “...памяшканне было маленькім, невялікім быў кніжны фонд, які месціўся на драўляных сцелажах, было сцюдзёна. ... У мае абавязкі акрамя работы ў бібліятэцы, уваходзіла арганізацыя работы клуба, правядзенне мерапрыемстваў. Харавы калектыў налічваў 25 удзельнікаў, быў танцавальны калектыў. ... Моладзі было многа, прыходзілі ў клуб з навакольных вёсак. Самымі актыўнымі былі Спірыдонава Ірына, Яфімава Наталля, Баран Мікалай, Лобан Мікалай, Спірыдонава Міра і іншыя. Працавалі кніганошы. У многім дапамагалі настаўнікі Кіраўскай школы”.
Спецыяльнай адукацыі Тэрэза Антонаўна не мела, але імкнулася вывучаць бібліятэчную справу. У гэтым ёй дапамагала бібліятэкар суседняй Каралевіцкай хаты-чытальні Яўгенія Мікалаеўна Рэдзько, якая закончыла Мінскі бібліятэчны тэхнікум, добра валодала тэорыяй бібліятэчнай справы, мела багаты практычны вопыт.

Энергічная, жыццярадасная, Тэрэза Антонаўна рабіла шмат для таго, каб сельскія жыхары не сумавалі, жылі змястоўна і цікава.
Заўсёды героямі яе тэматычных вечароў былі аднавяскоўцы, з гонарам яна называла імёны перадавікоў гаспадаркі. Як любы творчы чалавек, Тэрэза Антонаўна імкнулася зрабіць мерапрыемства цікавым, запамінальным, любіла ўпрыгожваць іх вершамі, выкарыстоўвала параўнанні і красамоўныя выразы. Тэматычны вечар “Хвала рукам, што пахнуць хлебам”, па ўспамінах бібліятэкара, быў грунтоўна падрыхтаваным, аб ім напісалі добрыя словы ў раённай газеце. Але прыйшлося Тэрэзе Антонаўне і паплакаць, бо мясцоваму кіраўніцтву была зусім не па душы назва вечара. “Ва ўсіх людзей рукі пахнуць хлебам, бо яны яго ядуць”, - так буквальна разумела назву вечара мясцовае кіраўніцтва гаспадаркі.
У 1964 годзе Шышко Тэрэза Антонаўна перадала бібліятэку Спірыдонавай Ірыне Дзяменцьеўне, бо была прызначана загадчыкам школьнай бібліятэкі і настаўнікам спеваў.
Спірыдонава Ірына Дзяменцьеўна працавала бібліятэкарам з 1964 па 1968 гады. Яна завочна закончыла Магілёўскае рэспубліканскае культасветвучылішча імя Н.К.Крупскай. Бібліятэкары ва ўсе часы былі майстрамі на ўсе рукі – і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц... Гэтай пагаворцы поўна адпавядала Ірына Дзяменцьеўна. Атрымаўшы спецыяльныя веды, Ірына Дзяменцьеўна на пасадзе загадчыка хаты-чытальні яскрава праявіла талент арганізатарскі і артыстычны. Была вельмі актыўная, любіла спяваць, танчыла, добра малявала...
У 60-я гады мінулага стагоддзя шырока практыкаваліся выезды з абменнымі канцэртамі ў іншыя калгасы. Такія канцэрты ўспрынімалася добразычліва і радасна, гэта была магчмасць прадставіць сваю вёскоўцаў і гаспадарку ў добрым выглядзе. Ірына Дзяменцьеўна сумесна з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці ладзіла канцэрты да “чырвоных” дат календара, рыхтавала выступленні агітбрыгады.
Радасна ўспрымалі вяскоўцы правядзенне майскага фестывалю ва ўрочышчы Русакі-Падгаі, дзе сустракаліся працаўнікі суседніх гаспадарак Абрубскага сельсавета – калгаса імя Кірава і саўгаса імя Энгельса. Ірына Дзяменцьеўна дапамагала клубным работнікам ў падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю – пісала сцэнары, выступала ў ролі вядучай, спявала песні.
Па нядзелях у Абрубскім клубе, а палове 12-й гадзіны дня, паказвалі фільм. Дзеці і дарослыя бавілі час перад кінасеансам у бібліятэцы, абменьвалі кнігі, чыталі часопісы і газеты. Менавіта Ірына Дзяменцьеўна прывіла любоў да кнігі “пакаленню 50-х”, адкрыла дзецям свет кніг С.Маршака, А.Барто, С.Міхалкова. “Ёлка ў Сакольніках” была першай кнігай амаль што кожнага першакласніка, які пачынаў самастойна чытаць. )
Ірына Дзяменцьеўна добра ведала жыхароў навакольных вёсак, насіла кнігі на дом, яе памочнікамі-кніганошамі былі школьнікі. Сама Ірына Дзяменцьеўна жыла ў Ластавічах і ў сябе дома арганізавала пункт выдачы літаратуры для аднавяскоўцаў. Работай клуба і бібліятэкі пастаянна цікавіўся тагачасны старшыня калгаса імя Кірава – Мікалай Якаўлевіч Прашковіч, пры неабходнасці аказваў падтрымку і словам, і справай.
СА СПРАВАЗДАЧЫ загадчыка Абрубскай хаты-чытальні за 1966 год: «Инвентарь: 10 стульев, 1 стол, 4 стеллажа, 2 шкафа. Наглядная агитация: плакатов - 10, стендов – 2, транспарантов – 6. Боевых листков – 8, лозунгов – 4. Календарей трудовой славы – 1,Досок почёта – 1 , стенных газет - 5. Пропаганда сельского хозяйства. Выдано книг - 434. При библиотеке работаю кружки по сельскому хозяйству: всего кружков – 2. В них учится 96 чел. Выдано книг по атеизму – 170. Библиотека внедряет в быт новые обряды. Так был организован «Праздник Весны». К 50-летию Советской власти выдано 1878 экз. книг. К 100-летию рождения В.И.Ленина – 642 кн. По почину трудящихся Уделовского сельсовета за высокую культуру, здоровый быт, образцовый общественный порядок проводились воскресники по уборке дворов, посадке деревьев, строительству танцплощадки при клубе колхоза. На вечер, посвящённый дню Советской Армии, были приглашены солдаты воинской части Березвечье. Был прочитан доклад командиром части т.Парфенюком. В заключение был дан концерт художественной самодеятельности. Зав. Обрубской избы-читальни Спиридонова». Крыніца : Зональный архив г. Глубокое Ф. 163, Оп. 1, Д. 118. Л.28
У 1968-1971 гадах адбылася рэарганізацыя ўстаноў культасветаддзела. Хаты-чытальні радзяляліся на бібліятэкі і клубы і станавіліся самастойнымі ўстановамі. Абрубская хата-чытальня займела статус Абрубскай сельскай бібліятэкі.
І.Д.Спірыдонава засталася працаваць у клубе, а фонд перадала маладой выпускніцы бібліятэчнага тэхнікума Нэле Васільеўне Марчанка (1947 г.н.), па мужу Піскуновіч., якая ў хуткім часе выйшла замуж і паехала па месцы службы мужа. Зараз пражывае ў Магілёве.
На змену Н.В.Марчанка прыйшла выпускніца Кіраўскай СШ Майсяёнак Ірына Іванаўна. У савецкія часы бібліятэкі былі аднімі з перадавых устаноў ідэалагічнай работы, іх значнасць для краіны была высокай, адпаведна былі і высокімі патрабаванні да іх дзейнасці.
Работа бібліятэк рэгулярна правяралася вышэйстаячымі органамі. Часам праверак за месяц было некалькі.
Магчыма, не вытрымаўшы патрабаванняў да работы, Ірына Іванаўна перадала фонд Ліліі Радзівонаўне Савіцкай, па мужу Думшанка. Работа ў Абрубскай бібліятэцы стала яе першым працоўным месцам (1973 -1974 гг.).
Праз год Ліля Радзівонаўна пераехала ў Плісу, дзе ўладкавалася настаўнікам гісторыі Пліскай СШ. Ліля Радзівонаўна стала адным з вядомых краязнаўцаў Глыбоччыны, даследвае гісторыю вёскі Пліса і яе ваколіц.
П
ершым работнікам Абрубскай бібліятэкі са спецыяльнай бібліятэчнай адукацыяй стала Людміла Міхайлаўна Багдановіч (Сакалоўская). Пасля заканчэння ў 1975г. Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна па размеркаванні была накіравана на працу ў Глыбоцкі раён і актыўна ўзялася за работу: працавала з фондам, удакладняла спісы жыхароў зоны абслугоўвання, знаёмілася з насельніцтвам. Камплектаваліся бібліятэкі 70-х гадоў самастойна, праз пошту. Штомесяц бібліятэкар атрымоўвала пасылкі з новымі кнігамі.
Першымі чытачамі для яе сталі вучні мясцовай школы і маладыя хлопцы, якія , зразумел, больш цікавіліся прыгожай дзяўчынай, чым кнігамі . Актыўнымі наведвальнікамі сталі людзі пенсійнага ўзросту. Чытаць яны палюбілі дзякуючы маладой "бібліятэкарцы", якая сама з ахвотай чытала і цікава іх рэкламавала кнігі сярод чытачоў.

Па ўзгадках Людмілы Міхайлаўны, “...пастаяннымі наведвальнікамі бібліятэкі былі пажылыя суседзі-хутаране Пётра і Волька, якія ласкава называлі мяне “ізбачка”. Людміла Міхайлаўна насіла кнігі жыхарам на дом, “па хатах”.
У 1970-я гады бібліятэкі актыўна праводзілі проводзілі палітыку партыі і ўрада, дапамагалі праз кнігу вырашаць планы ХХУ з’езда КПСС, а гэта – павышэнне ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі праз адукацыю і самаадукацыю работнікаў сельскай гаспадаркі.
Людміла Міхайлаўна мела мастацкія здольнасці, самастойна афармляла агітацыйныя і інфармацыйныя стэнды, плакаты, альбомы і г.д. Абавязковай “нагрузкай” былі падворныя абходы з мэтай перапісу жыхароў, жывёлы, удакладнення іншых звестак. Гэта значна дапамагала знаёмству з мясцовым насельніцтвам.
Дзейнасць Абрубскай сельскай бібліятэкі была пад пастаянным кантролем кіраўніцтва Глыбоцкай раённай бібліятэкі, разглядалася на Саветах аддзела культуры і пасяджэннях сельскага савета. Старшыня Абрубскага сельсавета С.А.Сыраватка заўсёды адзначаў бібліятэкара Л.М.Багдановіч як добрага і адказнага спецыяліста.
Людміла Міхайлаўна ўзгадвае, што ў 70-я гады ХХ ст. у вёсцы было шмат моладзі і ў клубе абавязкова былі танцы. Таму ўвечары бібліятэка не пуставала. “Было добрай традыцыяй у пажылых жанчын заставацца на танцах і прыглядацца да танцуючых, каб потым можна было пагаварыць, якую дзяўчыну “чапаў” той ці іншы хлопец...”
У 1977 г. адбылася цэнтралізацыя бібліятэк раёна. Загадам Глыбоцкага аддзела культуры №70(а) “Аб утварэнні Глыбоцкай ЦБС” Абрубская сельская бібліятэка стала філіялам № 40 Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сітэмы. У зону абслугоўвання Абрубскай бібліятэкі ўваходзіла 7 населеных пунктаў – вёскі Абруб, Лаўрынаўка, Ластавічы, Кавалі, Мацясы, Русакі, Лаўрынаўка, дзе пражывала 997 чалавек.

У 70-х гг. кніжны фонд з універсальнай дзесяцічнай класіфікацыі (УДК) пераводзіўся на табліцы ББК (бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі). Гэта была вельмі крапатлівая справа, якая патрабавала значнай ўвагі. Багдановіч Л.М. адна з першых зрабіла перавод кніжнага фонду і каталогаў на ББК, аказала дапамогу ў пераводзе фонду Шыпоўскай бібліятэкі.
У 1977 г. адукаванага, граматнага і адказнага работніка Багдановіч Л.М. перавялі на пасаду загадчыка перасоўчым фонадам Глыбоцкай ЦРБ. Праз нейкі час яна перайшла на пасаду інспектара аддзела кадраў Глыбоцкага аддзела культуры, затым стала вядучым спецыялістам аддзела культуры Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта.
З 1977 і 2020 год (з невялікім перарывам) бібліятэкарам Абрубскай бібліятэкі працуе Леакадзія Міхайлаўна Ільюшчанкава.
Маладая дзяўчына завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна, паступова набывала вопыт работы і стала адным з лепшых работнікаў сістэмы. На працягу сваёй дзейнасці Леакадзія Міхайлаўна прафесійна, адказна і творча падыходзіць да справы. І за доўгі адрэзак часу ні разу не пашкадавала аб абранай прафесіі.
Ёй пашчасціла працаваць з самым вялікім за ўсю гісторыю ўстановы кніжным фондам – 12 391 экз. кніг, калі дзяржава актыўна забяспечвала літаратурай бібліятэкі. У канцы 70-х -пачатку 80-х для чытачоў адкрыліся імёны П.Праскурына, Ф.Абрамава, Ч.Айтматава, В.Быкава, Ю.Сямёнава і інш. Бібліятэка мела вялікую колькасць перыёдыкі, сярод якой было больш саюзных часопісаў. ... Гэта быў шыкоўны час для аматараў чытання! Зразумела, іх сапраўдных было нямнога, але ім чытаць было што...
Леакадзія Міхайлаўна адразу прыняла актыўны ўдзел у жыцці калгаса, з’яўлялася памочнікам партыйнай арганізацыі гаспадаркі, савецкай улады ў падрыхтоўцы і правядзенні ўсіх грамадска-палітычных падзей – выбарчых кампаній, перапісу насельніцтва, рэспубліканскіх тэматычных дзён агітатара, дзён здароўя, раённых святаў і фестываляў. Граматная, руплівая, адказная, уважлівая, яна ў хуткім часе заваявала павагу і аўтарытэт сярод працаўнікоў гаспадаркі, мясцовай інтэллігенцыі, людзей сталага ўзросту.
![]()
Л.М.Ільюшчанкава дапамагла з выбарам будучыні для многіх пакаленняў школьнікаў. Нягледзячы на аддаленасць бібліятэкі, яны пастаянна наведвалі бібліятэку. Для іх бібліятэкар заўсёды шукала цікавыя формы работы: літаратурныя калейдаскопы, урокі дабрыні, гадзіны гістарычнай памяці, краязнаўчыя, экалагічныя вандроўкі і экскурсіі і інш.
Л.М.Ільюшчанкава разумела, што будучае за маладымі. Таму старалася праз кнігу пашарыць іх агульны кругагляд, навучыць бачыць вакол цікавае і прыгожае. Л.М.Ільюшчанкава імкнулася стварыць утульную атмасферу для юных чытачоў. Творча падыходзіла да афармлення дзіцячага кутка. Вывучыла методыку саломапляцення і арганізавала аматарскае аб’яднанне для сваіх юных наведвальнікаў.
На пачатку 1990-х гг. у краіне актывізавалась краязнаўчая дзейнасць. Леакадзія Міхайлаўна пачала збіраць гісторыю вёсак Абрубскага сельсавета, фарміраваць папкі газетных артыкулаў аб калгасе імя Кірава і яго працаўніках, аб творчых людзях мясцовасці. Гэтыя матэрыялы сталі асновай краязнаўчай выставы. Краязнаўчыя матэрыялы па гісторыі Абрубскай сярэдняй школы, з’яўлення старавераў у вёсцы Ластавічы, тапаніміцы Абрубскага краю і інш. прадстаўлены на краязнаўчай выставе.
У 2015-16 гг. бібліятэкар падрыхтавала грунтоўныя альбомы з матэрыяламі аб земляках-удзельніках Вялікай Айчыннай і земляках, адзначаных краінай за працоўныя дасягненні. Л.М.Ільюшчанкава, аматар і папулярызатар беларускай літаратуры, не забывала творчасць літаратараў-землякоў – членаў пісьменніцкіх саюзаў журналіста Уладзіміра Сауліча, ураджэнца в. Мацясы і паэта Віталя Гарановіча, колішняга дырэктара Кіраўскай СШ; прэзентавала паэтычныя зборнікі Алены Пажога, настаўніцы Кіраўскай СШ і Яўгеніі Бартко, былога сакратара Абрубскага сельскага савета.
У няпросты час вяскоўцы шукаюць прытулак сваёй душы ў храме, а адказы на пытанні аб сэнсе жыцця – у праваслаўнай літаратуры. Л.М.Ільюшчанкава сабрала грунтоўны матэрыял аб гісторыі храма, прыхадскім свяце, яго служыцелях, пра заснавальніка дынастыі святароў Аўсіевічаў а. Пятра, жыццё і дзейнасць якога – прыклад сапраўднага служэння Веры і Богу. конкурсу Глыбоцкага райвыканкама
У 2016 годзе даследчая работа Л.М.Ільюшчанкавай «Под благодатным небом. История Свято-Успенской церкви деревни Ковали Глубокского благочиния» увайшла ў лік пераможцаў ІІ-га рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання” у намінацыі “Гісторыя Праваслаўя роднага краю”. За гэтае даследванне Леакадзія Міхайлаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Беларусі, Падзякай Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата і падборкай кніг духоўнага зместу.
З 2004 года Абрубская бібліятэка прапануе сваім карыстальнікам 5 відаў платных паслуг.
Аддаленасць ад вёскі ніколі не перашкаджала сапраўдным аматарам чытання прыйсці за кнігай у бібліятэку. Вернымі сябрамі бібліятэкі былі і застаюцца Шаўчонак Тэрэза Антонаўна, Карчагіна Ганна Сафронаўна, Багішава Зінаіда, Цімафеева Міра Асціф’еўна, Шылёнак Антаніна Фёдараўна, Алексіна Таццяна Віктараўна, Лаўрыновіч Валянціна Андрэеўна, Гушчына Аксана і яе дачка Ірына, і многія іншыя.
Ільюшчанкава Л.М. не чакае, калі прыйдуць да яе ў бібліятэку. Яна робіць падборкі літаратуры і ідзе да чытачоў на працоўныя месцы, у аддаленыя вёскі, да хворых і нямоглых. Яна пастаяння госця ў работнікаў мехдвара, канторы, ФАПа, магазіна.
2016 год, Год культуры, стаў знакавым для Абрубскай сельскай бібліятэкі, філіяла № 40 ДУК “Глыбоцкая ЦБС”. 1 жніўня 2016 года Абрубская сельская бібліятэка была рэарганізавана ў бібліятэку-клуб. З гэтага часу пачалася іншая гісторыя культурнай установы.
У перыяд з 2016 па 2020 год бібліятэку-клуб узначальваў Шчарбіцкі Мікалай Валянцінавіч. Дзякуючы сваёй мужчынскай руплівасці ён навёў парадак на бібліятэчнай тэрыторыі, маючы транспарт, далучыў да чытання многіх састарэлых чытачоў.
У жаночым калектыве бібліятэчных работнікаў Мікалай Валянцінавіч быў самым лепшым калегай.
Па генеральных планах гаспадаркі клуб і бібліятэка з цягам часу павінны былі стаяць у цэнтры вялікай вёскі. На адным з суботнікаў, паўстагоддзя таму назад, вакол новага будынка быў закладзены невялічкі парк. Дрэвы выраслі, а планы, на жаль, не збыліся.
Але Лакадзія Міхайлаўна Ільюшчанкава ніколькі не сумуе! Шырокае поле за дарогай, лагоднае шапаценне дрэў штодзень радуе душу і вока. Будынак бібліятэкі стаіць на востраве чысціні, пакою, утульнасці і пастаянна прыцягвае ўвагу праязджаючых.
Бібліятэкар
Па сяброўску ветліва сустрэне,
Прапануе крэсла, стос газет.
У вачах іскрыстае свячэнне,
Хоць яна, вядома, не паэт.
Разумею гэта ажыўленне.
Бо яна сапраўдны чарадзей:
З рук яе ка мне шчаслівы геній,
Пачатковец да мяне ідзе.
Вось яна шчыруе каля залы.
Паспрабуй-ка кожнаму ўгадзі.
- Я даўно ўсё тут перачытала,-
Кажа ёй калгасны брыгадзір-
Мне б такі раман!..» і чырванее
У вяснушках загарэлы твар.
А сяброўка добра разумее,
Што ў яе на сэрцы за цяжар.
Борздзенька лісты перабірае
Брыгадзірка воддаль ля акна.
Можа ў новай кнізе адшукае
Для сябе штось важнае яна...
М.Губернатараў
- 1069

