На двары – сакавік, а ў бібліятэцы – "Катафея"

У Падсвільскай гарпасялковай бібліятэцы адкрылася чарговая выстава "КАТАФЕЯ".
Наведвальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца з работамі Валянціны Садоўскай, галоўным героям якіх з'яўляецца кот.
Валянціна Венядзіктаўна Садоўская нарадзілася ў вёсцы Азярцы Глыбоцкага раёна. Першыя ўрокі рукадзелля атрымала ад матулі – Ганны Мартынаўны. Доўгімі зімовымі вечарамі маленькая Валя сядзела каля матулі і, затаіўшы дыханне, глядзела, як тая падбірала ніткі па колеры, як малявала ўзоры, а затым вышывала кветкі на навалачках і ручніках, як белае палатно расквечвалася дзіўнымі ўзорамі.
Пасля школы Валянціна выйшла замуж, нарадзіла сына і дачушку. Яна шыла дзецям эксклюзіўныя касцюмчыкі, сама была заўсёды апранута элегантна. Валянціна з чырвоным дыпломам скончыла Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, працавала бухгалтарам. Мае сорак два гады працоўнага стажу. Час праляцеў – не прыкмеціла. Павырасталі дзеці і ўнукі, у іх цяпер сваё жыццё і свае інтарэсы. У Валянціны Венядзіктаўны з’явілася шмат вольнага часу, і яна занялася вышыўкай.
Першыя карціны вышываліся на адным дыханні. Не адчуваючы часу і стомы, сядзела над імі да раніцы. Горныя пейзажы, зялёныя лужкі, букеты кветак, дзяўчаты ў нацыянальным убранні, матылькі ў фармаце 3D… Усё, да чаго ляжала душа, майстрыха пераводзіла ў каляровыя ўзоры з нітак. Унучкам – Марце і Інне вышыла бабуля рушнікі. Як сказала майстрыха: “На памяць”. Таксама Валянціна Венядзіктаўна вышыла некалькі ікон з бісеру. Час ад часу займаецца бісерапляценнем. Але ўсё ж перавагу аддае вышыўцы.


У захапленні ад работ і родныя, і сяброўкі. Дзівяцца толькі: калі яна паспявае і гаспадарку даглядаць, і агародам рады даваць, і кветкі садзіць, і яшчэ быць удзельніцай ансамбля “Весялушкі”, які працуе пры Падсвільскім цэнтры культуры. Ад матулі, аказалася, дачцэ не толькі майстэрства рукадзелля перадалося, але і прыгожы голас.
Работы Валянціны Венедыктаўны выстаўляліся ў Падсвільскай бібліятэцы на персанальнай выставе, так сама яе работы выстаўляліся на "Вішневым фестывалі", "Падсвільскім світанку", "Славянкім базары". Майстар з’яўляеца актыўнай удзельніцай зборных выстаў, як у пасёлку так і раёне.

- 280

