Выстава работ Яніны Ліманоўскай “Мястэчка пры гасцінцы”

У Глыбоцкай раённай бібліятэцы на працягу месяца дзейнічае выстава інсітнага мастацтва. Аўтар работ — Ліманоўская Яніна Балеславаўна,
мастачка з Варапаева. Імя Яніны Ліманоўскай ёсць у зборніку «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны», а маляванкі занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

На выставе прадстаўлены карціны з кветкамі, пейзажнымі замалёўкамі і шэраг работ з варапеўскімі краявідамі. Варапева. “Мястэчка пры гасцінцы” у Пастаўскім раёне мае сваю гісторыю, у якой ёсць імя Станіслава Варапая, графа Пшэздзецкага, графскага садоўніка Івана Сікоры ...
Мы упэўнены, што ў гісторыю мястэчка ўвойдзе і імя Яніны Балеславаўны, якая ў малюнках фіксуе архітэктурнае аблічча Варапаева, яго ваколіц, прымушае ўзгадваць добра ці мала вядомыя мясціны пасёлка.
На карцінах — і арачны мост у парку, які сто гадоў назад цудоўна ўпісваўся ў колішняе графскае памесце (парк, дарэчы, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі), і пабудаваная нядаўна Царква Уваскрэсення Хрыстова, і будынкі 50—90-х гадоў мінулага стагодззя...
З ваколіц Варапаева — Свята-Пакроўская царква ў Парыжы (Асінагарадку), “Шымуковы могілкі” за Шабаноўскім возерам, іншыя краявіды. А яшчэ нацюрморты, на якіх, напэўна, усе кветкі, якія вырошчваюць варапаеўскія гаспадыні.
Каштоўна, што Яніна Браніславаўна сваімі мастацкімі работамі захоўвае відарысы мястэчка.
Запрашаем аматараў інсітнага мастацтва пазанёміцца з работамі Яніны Ліманоўскай.
03.08.2021? Ізаітка М.В., бібліятэкар АБМ Глыбоцкай ЦРБ
- 438

