Выстава "Прысвячэнне Язэпу Драздовічу" у Глыбоцкай раённай бібліятэцы
.
Спяшаемся запрасіць у Глыбоцкую раённую бібліятэку НЕчытачоў! Бо чытачы ўжо паспелі пазнаёміцца з выставай акварэлі, графікі і фатаграфіі, якая размясцілася ў бібліятэцы
У мінулым годзе з 29 ліпеня па 3 жніўня ў Глыбокім праходзіў мастацкі пленэр. Удзельнікамі і арганізатарамі гэтай мастацкай падзеі выступілі мінскія мастакі, выпускнікі кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Глыбокае для плэнеру было абрана з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
На выставе прадстаўлены работы ў трох тэхніках – акварэль, графіка і фатаграфія. Замалёўкі нашага горада, яго будынкаў, храмаў, ваколіц, азёрныя хвалі і шолах трыснёгу - у акварэльных работах Ніны Маргаевай, Таццяны Анушка і Веры Каўзановіч.
Графіка прадстаўлена двума работамі Галіны Флікоп-Світа. У гэтых работах колішняя вуліца Копцеўская вядзе нас да храмаў, якія нібыта анёлы ў нябёсах, апякаюць і ахоўваюць нас.
Фотатрыпціх “Су-тварэнне. Неба” Кацярыны Малама нараджае думку аб тым, што душы нашы прыходзяць у цела з Космасу, там мы берым духоўныя веды. А Зямля дае фізічную моц...
"У сваіх натурных работах мы імкнуліся перадаць і цікавы рэльеф мясцін, дзе на ўзгорках узвышаюцца храмы і праглядаюцца з усіх бакоў і кірункаў; і рытмы стрэх хатаў, якія добра бачныя з вышыні, і гульню святла і ценю, што выразна назіралася ў гэтыя спякотныя дні, і маляўнічыя заходы сонца над возерам Кагальным, а таксама адлюстраванні дрэваў у вадзе сажалкі мясцовага дэндрапарку. Разнастайнасць матываў і вобразаў, якая нас напаткала ў Глыбокім, пасадзейнічала нашай надзвычай плённай працы і прывяла да добрых вынікаў", - распавяла яго арганізатар і ўдзельніца Галіна Флікоп-Світа. http://catholicnews.by/mastacki-plenjer-u-glybokim-jubileju-jazjepa-drazdovicha-prysvjachaecca/
Прыемна, што Глыбокае паўстае перад намі розным - лёкім і празрыстым, жыццярадасным і задуменным, са сваёй архітэктурай і азернымі відарысамі. Спадзяёмся, што настане той час, калі фонд бібліятэкі папоўніцца альбомам "Глыбокае ў творах жывапісу".
Удзельнікамі адкрыцця выставы былі бібліятэкары сельскіх бібліятэк раёна, супрацоўнікі Глыбоцкага дома рамёстваў. Як заўсёды, найбольш спадабаўшыеся работы наведвальнікі выставы могуць адзначыць стыкерамі.
28 лютага 2019 г.



- 1061

