Выстава "Там на крыжах трымаюцца аблокі"


20 снежня ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы "Там на крыжах трымаюцца аблокі". Выстава прысвечана храмам нашага раёна, якія ў 2018 годзе адзначылі юбілеі.
Беразвецкі базыліянскі кляштар. Гісторыя гэтай святыні пачалася 380 гадоў таму назад, калі кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV зацвердзіў тастамент (духоўнае завяшчанне адносна прызначэння нашчадкаў) Язэпа Корсака, у якім ён завяшчаў частку сваіх уладанняў для кляштара манахам-базыльянам у Беразвеччы.
Кляштар на працягу стагоддзяў быў цэнтрам каталіцкага, затым праваслаўнага прыходаў, адукацыйным цэнтрам Дзісненскага павету. Сваёю прыгажосцю ён зачароўваў фатографаў і мастакоў.
Чорна-белыя фотаздымкі Першай сусветнай вайны, "за польскім часам", пасля Вялікай Айчыннай вайны, паказваюць, як мяняўся сам будынак у залежнасці ад канфесіі, матэрыяльных сродкаў, пануючай улады.
Выклікаюць цікавасць малавядомыя здымкі канца 1919 - пачатку 1920 гг., аэраздымкі рэшткаў беразвецкага лагера ваеннапалонных, знятыя нямецкай паветранай разведкай 5 ліпеня 1944 года.
Работы мінскага архітэктар Аляксандр Невара, з устаўленымі З-D мадэлямі храма, дазваляюць убачыць, як бы выглядаў кляштар, каб яго не пасцігнула разбурэнне.
Прадстаўлены Беразвецкі кляштар і ў жывапісных творах - рэпрадукцыях карцін нашых землякоў - Язэпа Драздовіча (рэпрадукцыі прадставіла Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук), Эдуарда Мацюшонка і Віктара Арочкі.
Сярод дакументаў - атэстат аб заканчэнні Беразвецкай другакласнай настаўніцкай жаночай школы, спісы людзей, што знаходзіліся ў беразвецкай турме ў 1939 – 1941 гадах і загінулі на “Дарозе смерці” пад Улай.
Ініцыятарам выставы стаў Юры Калбасіч, выкладчык мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, мясцовы краязнаўца.


Царква Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Кавалі. Драўляны храм у 2018 г. адзначыў 270 год са дня свайго заснавання.
Аб гісторыі гэтага помніка драўлянага дойлідства, паведаў яго настаяцель а.Мікалай. Царква некалі належала Глыбоцкім кармелітам, аб чым пісаў у сваёй кнізе "Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісенскага і Вілейскага павета ў Віленскай губерні" 1896 г. А. Сапуноў: «Цяперашні Кавальскі храм пабудаваны ў 1748 годзе Глыбоцкім кармелітамі ....» Праз некалькі гадоў касцёл становіцца уніяцкай царквой, затым праваслаўным храмам. Было ўсталявана прастольнае свята - Дзень Успення Святой Ганны - 25 жніўня.
Распавёў а.Мікалай аб святарах, служках і святарскіх дынастыях Аўсіевічаў, Палякоў, якія неслі службу ў храме. Па сённяшні дзень храм не мае электрычнасці, што надае яму некую першабытнасць. Але, як казаў а.Мікалай, "храм напаўняецца жывым цяплом праз шчырыя малітвы прыхажан і агеньчыкі надзеі, што запальваюць веруючыя..."
Шматлікія фотаздымкі самой царквы, момантаў службы ў храме, святкавання Дня Успення Святой Ганны прадстаўлены з асабістых архіваў краязнаўцы, былой настаўніцы Абрубскай СШ, Таццянай Мікалаеўнай Жук, свяшчэннаслужыцеляў а.Міхаіла (Каляды), а.Мікалая (Войтава), глыбоцкіх фатографаў Міхаіла Тарасёнка і Дзмітрыя Шудзеля.
На выставе прадстаўлена літаратура, якая дазволіць зацікаўленым пашырыць веды аб гісторыі нашых святынь.
Спадзямся, што агеньчыкі веры і надзеі, якія жывуць у душах і сэрцах нашых жыхароў, прывядуць іх да разумення неабходнасці ведання мінулага нашай радзімы.
Запрашаем усіх у бібліятэку пазнаёміцца з выставай "Там на крыжах трымаюцца аблокі"!
- 770

