Навіны
Капліца Святога Антонія Падуанскага, вёска Прошкава

Капліца Святога Антонія Падуанскага знаходзіцца ў паўночнай частцы вёскі Прошкава на старадаўніх могілках. Капліца прыпісана да Задарожскай парафіі і дзейнічае як касцёл Святога Антонія Падуанскага.
Узведзена капліца ў канцы XIX ст. і з’яўляецца помнікам народнай архітэктуры. Пра гэта сведчыць яго лаканічны вонкавы выгляд, практычна пазбаўлены дэкаратыўных элементаў. Капліца ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная спадчына ІІІ катэгорыі (213Г000411).
Прамавугольны ў плане зруб з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Двухсхільны гонтавы дах пераходзіць над апсідай ў вальмавы гранёны. Над трохвугольным франтонам фасада ўзвышаецца 2-ярусная 4-гранная вежа-званіца пад шатровым пакрыццём. Уваход праз нізкі прамавугольны прытвор пад двухсхільным пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах. Унутры зала перакрыта плоскай столлю. Над уваходам на ўсю шырыню храма балкон хораў, падтрыманы 2 слупамі. Цэнтральны і бакавыя алтары выкананы ў тэхніцы стука пад шэры штучны мармур.
У савецкі час капліца не выкарыстоўвалася. У 1974 годзе даследчык Л. В. Алексееў так апісваў гэты храм: “Окон в этой часовне уже нет, пол прогнил, на алтаре разбросан богослужебный реквизит…».
Храм быў цалкам адноўлены ў канцы 1990-х гадоў. Быў дабудаваны прытвор, які ўдала ўпісаўся ў архітэктуру пабудовы, на ўзроўні франтона адноўлена вежка-званіца.
***
3 успамінаў жыхаркі вёскі Прошкава Войніч Леанарды Юстынаўны.
"... гэту капліцу пабудаваў Рафал Дубашынскі. Іх было ў Прошкаве і ў акрузе 7 братоў. Сам Рафал быў вельмі хворы і ён рашыў ахвяраваць людзям, пабудаваць капліцу. Але пабудаваў ён яе ў вёсцы Барыскавічы і толькі потым перанёс на пастаяннае месца ў Прошкава, на месца старога могільніка. Сама каплічка была рублена тапарамі. Доўгі час касцёл насіў імя Святога Рафала.
Але прыйшоў нялёгкі час і фігурка Святога Рафала знікла. I ксёндз Люцыян Паўлік, які потым абнавіў яго (1996 год), даў яму імя Святога Антонія. Але людзі памятаюць дзень 24 кастрычніка, калі святкуецца дзень Святога Рафала".
ЛІТАРАТУРА
- Алексеев Л. В. По Западной Двине и Днепру в Белоруссии: [о памятниках истории и культуры] / Л. В. Алексеев. - Москва : Искусство, 1974. - 143 с. - (Дороги к прекрасному)
- Капліца святога Антонія // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 303.
- Касцёл Іаана // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 237.
- 214

