Навіны
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт адышлі

З бібліятэчнага архіва
Курганы… Колькі іх на нашай глыбоцкай зямлі. І кожны на працягу многіх стагоддзяў хавае ў сабе таямніцы нашай гісторыі. Хавае да таго часу, пакуль ля кургана не з’явіцца археолаг з шумнай кагортай сваіх памочнікаў – школьнікаў. Закіпіць работа, і праз некалькі гадзін гэты задзірванелы ” маўчун ” раскажа нам аб далёкім мінулым нашага краю.
Курганы, як месцы пахавання нашых далёкіх продкаў, заўсёды цікавілі вучоных – археолагаў. Гэта невялікія пагоркі, якія насыпаліся з пяску над магілай. Размяшчаюцца яны па аднаму, па два, але большасць курганоў знаходзіцца на могільніках, дзе іх часам можна бачыць дзесяткі, а то і сотні ў адным месцы.
Такі курганны могільнік ля вёскі Чарневічы і зацікавіў вучоных – археолагаў пад час адной з навуковых экспедыцый на Глыбоччыну летам 2001 года. Тады ж было вырашана арганізаваць і правесці тут раскопкі. Месца гэта вяскоўцы называюць “валатоўкі”, бо, згодна паданню, тут пахаваны людзі вялікага росту і незвычайнай сілы – волаты.
Адным з першых раскопкі Чарневіцкіх курганоў правёў яшчэ ў 1886 годзе мясцовы памешчык Бярновіч. Праўда, знаходкі яго не здзівілі, бо гэта былі толькі косткі ды некалькі гліняных чарапкоў з вуголлем. І толькі ў адным кургане ён знайшоў ручку ад шаблі. Першае навуковае апісанне чарневіцкіх курганоў зрабіў Ф. В. Пакроўскі ў сваёй ” Археалагічнай карце Віленскай губерні ” яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя. Затым грунтоўнае іх вывучэнне правялі ў канцы 30 – ых гадоў ХХ стагоддзя супрацоўнікі археалагічнага музея Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні Алёна і Уладзімір Галубовічы. З іх справаздачы вынікае, што ў ваколіцах вёскі Чарневічы знаходзіцца 7 курганных могільнікаў. Усяго імі было раскапана 79 курганоў, пахаванні ў якіх датуюцца ІХ – ХІІ стагоддзямі.
Частка матэрыялаў з раскопак была перададзена археалагічнаму музею Віленскага універсітэта, а частка засталася ў Глыбоцкім краязнаўчым музеі. Па форме ўсе курганы чарневіцкай групы больш – менш падобныя. Гэта – насыпы конусападобнай формы з досыць крутымі схіламі. Ля падножжа курганоў маюцца раўкі, з якіх і бралася зямля для насыпання курганоў. Большасць курганоў, з раскапаных Галубовічамі, мела рэшткі вогнішча ля асновы ( зямля змешана з вугольчыкамі і попелам ). У такіх курганах магільныя ямы капаліся на месцы дагарэўшага вогнішча, а цела нябожчыка клалася або проста на зямлю, або на які – небудзь подсціл. Пры гэтым вогнішча выконвала культава – ачышчальную функцыю, бо мела месца як у курганах з трупапалажэннем, так і ў курганах з трупаспаленнем і, нават, у пустых курганах.
Пры раскопках жаночых пахаванняў археолагам траплялася вялікая колькасць розных упрыгожанняў : пацеркі, пярсцёнкі, бранзалеты,фібулы, амулеты – падвескі і інш. Як правіла, у нябожчыкаў ( мужчын і жанчын ) на поясе быў нож.
У мужчынскіх пахаваннях сустракаліся сякеры,наканечнікі коп’яў і стрэл. Сярод выяўленых у курганах упрыгожанняў асаблівую цікавасць мае сярэбраны медальён – падвеска ў выглядзе арабскага дырхема канца Х – пач. ХІ стагоддзяў.
У адным з Чарневіцкіх пахаванняў былі выяўлены косткі каня і ўпрыгожанні ад конскай збруі. Каля ног нябожчыка, радзей ля галавы, ставіўся гліняны гаршок. У адной з магіл было знойдзена восем гаршкоў рознага часу вытворчасці. Такім чынам, курганную групу ля вёскі Чарневічы можна адносіць да таго часу, калі крывічы перайшлі ад абрада спалення памёршых на агні да трупапалажэння пад курганамі, у магілах.
Вывучыўшы матэрыялы папярэдніх даследаванняў, гэтым летам у Чарневічы прыехалі археолагі Акадэміі навук РБ Сяргей Дзярновіч і Андрэй Вайцяховіч. Гасцінна сустрэлі сталічных гасцей жыхары вёскі і асабліва старшыня калгаса Янкевіч Аляксей Антонавіч, за што яму асаблівая падзяка. У першы ж дзень экспедыцыі быў абследаваны могільнік. Два курганы, што здаліся найбольш цікавымі, былі падрыхтаваны да работы. Праца на адным з іх пачалася раніцай наступнага дня.
Вучні мясцовай школы з задавальненнем працавалі рыдлёўкамі, пастаянна чакаючы ўбачыць нешта цікавае і незнаёмае. Насып паступова змяншаўся. Археолагі толькі паспявалі рабіць замеры, здымкі ды чарцяжы, каб потым грунтоўна вывучыць будову кургана.
Унізе пад насыпам паказаўся слой попелу і вугалю. Ведаючы вынікі папярэдніх даследаванняў, археолагі папрасілі далей працаваць вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць старажытнае пахаванне. Доўга не прымусіла сябе чакаць першая находка – рэшткі глінянага гаршка з даволі цікавым арнаментам. Разгледзеўшы арнамент, вучоныя далі нам тлумачэнне – выраб мясцовых ганчароў пачатку ХІІ стагоддзя. Шкада толькі, што гэта была першая і апошняя знаходка ў часе ўсёй працы на могільніку. У другім раскапаным намі кургане быў знойдзены шкілет чалавека без якіх – небудзь рэчаў.
Нягледзячы на тое, што падчас працы ў рукі археолагаў трапіла толькі адна знаходка, раскопкі можна лічыць паспяховымі. Бо матэрыялы аб пахавальным абрадзе нашых продкаў былі зафіксаваны і пасля належнай апрацоўкі з’явяцца на старонках гістарычных газет і часопісаў. А галоўнае – вучні мясцовай школы змаглі яшчэ раз дакрануцца да сваёй гісторыі, да археалагічных даследаванняў мінулага вёскі.
А. ХАЙНОЎСКІ, навуковы супрацоўнік
раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Веснік Глыбоччыны.- 2002 .- 17 жніўня
- 206

