Навіны
“Глыбоцкая ПМК меліяводгас”

85 гадоў Глыбоцкаму раёну
Адно з вядомых прадпрыемстваў на Глыбоччыне – перасоўная механізаваная калона № 46 меліярацыі (ПМК-46).
Дзякуючы яе работнікам сельскія гаспадаркі раёна пашыраюць свае сельгасугоддзі. Меліяратары прыходзяць на заросшыя хмызняком, забалочаныя плошчы – і вяртаюць іх гаспадаркам у стане, прыгодным для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, што праводзяцца на гэтых плошчах, уключаюць планіроўку паверхні, узорванне, дыскаванне, знішчэнне кустоўя, хмызняку, пустазелля, выдалення камення, адвод лішкаў вільгаці з паверхневага і ворыўнага слоя глебы, стварэнне неабходных дадатковых запасаў вільгаці ў глебе.
ПМК “Меліяводгас” была створана 1 лютага 1973 года на базе былога калгаса "Парыжская камуна". Узначаліў новую арганізацыю ПМК-46 Шаламіцкі Леанід Пятровіч. У спадчыну ад былой гаспадаркі новай арганізацыі засталіся адміністрацыйны будынак, клуб, бібліятэка, магазін і двухсямейны дом у вёсцы Шунеўцы.
З першых дзён стварэння ПМК-46 тут працавалі галоўны бухгалтар Галубоўская Яўгенія Антонаўна, бухгалтар па аўтатранспарту Дзягель Галіна Васільеўна, намеснік дырэктара па механізацыі Балтушкін Віктар Мікалаевіч, машыністы Самуйла Генрых, Кірылаў Васіль, Сырапятка Пётр, Заблоцкі Іван, трактарыст Зубко Фёдар, шафёр Квач Іван, Заблоцкі Пётр, Цяліца Мікалай, вартаўнік Катовіч Валянціна і інш.
Напрыканцы 1976 года калектыў ПМК “Меліяводгас” узначаліў Рындзёнак Іван Іосіфавіч. З прыходам новага кіраўніка пачаўся актыўны рост прадпрыемства і добраўпарадкавнне населенага пункта. Была заасфальтавана дарога Глыбокае – Шунеўцы і пачаўся рэгулярны рух прыгараднага аўтобуса. Пабудаваны дзіцячы сад і гандлёвы цэнтр. У 1978 годзе 54 сям’і засяліліся ў два новыя добраўпарадкаваныя дамы з газам, вадой і іншымі камунальнымі выгодамі. Пачалося будаўніцтва інтэрната для працаўнікоў. За пяць год 150 маладых сямей атрымалі кватэры.
У 1981 годзе ПМК-46 заняла 1-е месца ў трэсце “Полацкводбуд” і 2-е – у Міністэрстве меліярацыі воднай гаспадаркі БССР па выніках працы. У 1984 годзе калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай калегіі Мінводгаса СССР і прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі як пераможца ва Усесаюзным аглядзе па шырокаму ўкараненню брыгаднага гаспадарчага разліку ў будаўнічых арганізацыях.
У 1986 годзе калектыў калоны ПМК-46 стаў пераможцам рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва. Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву Рындзёнка І.І. на працягу 30 гадоў ПМК-46 лічылася адной з лепшых калон не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў рэспубліцы. У жніўні 2004 года ПМК аб’ядналі з Глыбоцкім ПМС. Калектыў павялічыўся, прыбавілася і тэхнікі, пашырыўся і аб’ём работы. Прыйшлі і новыя спецыялісты- вопытныя, адказныя і мэтанакіраваныя.

У 2006 годзе на пасаду дырэктара “Глыбоцкая ПМК меліяводгас” прызначаны Танканог Эдуард Аляксеевіч, які ў свой час быў начальнікам Глыбоцкай ПМС. Па выніках работы за 2013 год Танканог Э. С. удастоены званняў “Лепшы кіраўнік года” і “Чалавек года Віцебшчыны”.
За гады існавання прадпрыемства змяніла некалькі назваў, аднак асноўны профіль дзейнасці застаўся ранейшым - мелірыятыўнае будаўніцтва. Сёння прадпрыемства “Глыбоцкая ПМК меліявадгас” займаецца абслугоўваннем, рамонтам і рэканструкцыяй мелірыятыўнай сеткі на тэрыторыі Глыбоцкага раёна, што складае 25% ад аб’ёма выконваемых работ, астатнія 75%- агульнабудаўнічыя.
За 37 год існавання прадпрыемства было ўведзена ў эксплуатацыю 33 764 га асушаных зямель, пабудавана 222 км. дарог, уведзена ў эксплуатацыю гідратэхнічных збудаванняў-935 шт., у т.л. 53 масты, пабудавана 3 пруды аб’ёмам 1530 тыс.м.куб. ПМК мае сучасную тэхніку - пагрузчык”Амкадор”, сем самазвалаў, новыя мелірыятыўныя машыны, касілкі, бетонамяшалкі, трактары, японскій экскаватар “Хітачы” і іншую тэхніку.

З сакавіка 2023 года арганізацыю ўзначаліў малады кіраўнік Палідавец Аляксандр Расціслававіч.
УП “Глыбоцкая ПМК меліяводгас” заслужана займае лідыруючае месца сярод меліяратыўных прадпрыемстваў Віцебшчыны.
Мясцовыя майстры-умельцы для ўвекавечання свайго прадпрыемства стварылі міні-шэдэўры – тэхніку, на якой амаль паўстагоддзя працуюць работнікі ПМК-46.


- 211

