Навіны
Дзень Перамогі – не толькі свята, але і дзень памяці і ўшанавання

Эмацыянальна шчымлівымі і радаснымі былі святочныя пераможныя дні для жыхароў Глыбоччыны. Такі настрой стваралі работнікі мясцовай улады, сферы адукацыі і культуры.
Памяць аб загінуўшых земляках засведчылі жыхары вёскі Бабічы. А гэта 64 вяскоўца, якія аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікі мітынгу былі розных пакаленняў – вучні ДУА «Мярэцкаўская базавая школа Глыбоцкага раёна», для якіх ваенная гісторыя – далёкая гісторыя, і людзі сталага ўзросту, якія добра памятаюць не само ліхалецце, але нялёгкія пасляваенныя гады.
Работнік Бабічоўскай сельскай бібліятэкі-клуба запрасіла на мітынг не толькі вяскоўцаў, але і пражываючых ў Бабічоўскай бальніцы сястрынскага догляду.
Мітынг пачаўся Гімнам Рэспублікі Беларусь. Са словамі гонару за Перамогу і ўшанаваннем памяці загінуўшых землякоў выступіў старшыня Узрэцкага сельскага выканаўчага камітэта Д.В.Барысаў. Для прысутных школьнікі правялі невялікую літаратурную кампазіцыю. Мітынг закончыўся хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да помніка.



У Чарневічах работнікі культуры правялі мітынг ля помніка загінуўшым землякам. Сярод выступоўцаў былі старшыня Празароцкага сельскага выканаўчага камітэта І.І.Міхайлоўская і дырэктар Чарневіцкай базавай школы В.В. Вырвіч. Удзельнікі
мітынгу былі запрошаны на святочны канцэрт “Была весна – весна Победы”, да якога была падрыхтавана літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная дзецям ваеннага часу.
11 мая для жыхароў вёскі Чарневічы ўдзельнікі аздараўленчай групы “Эдэльвейс” і члены студыі паэтычнай творчасці Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі “Сустрэчы для душы” падрыхтавалі святочны канцэрт “Расцвела салютом Победа… ”.
І гэта хутчэй быў не канцэрт, а сустрэча даўніх сяброў, якіх аб’яднала песня. Артысты і гледачы разам спявалі добра знаёмыя песні, слухалі гісторыі стварэння маленькіх песенных шэдэўраў, якія распавяла вядучая, кіраўнік студыі паэтычнай творчасці Ж.Б.Юркевіч. Арганізатарам мерапрыемства былі дырэктар Чарневіцкага Дома культуры Р.М.Пустыннікава і супрацоўнік сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Ізаітка М.В.


- 349

