Навіны
Помнім сваіх герояў

3 ліпеня займае асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны і лёсе беларускага народа. Святкуючы Дзень Незалежнасці, мы аддаем даніну памяці і схіляемся перад патрыётамі, якія аддалі сваё жыцце за свабоду Айчыны. Гэта свята ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам кожны дзень уносіць уклад у росквіт роднай зямлі.
Гадзіна памяці “Мужнасць і гераізм савецкага народа" адбылася ў Залескім сельсавеце.
Супрацоўнікі Запрудскага дома фальклору і сельскай бібліятэкі пачалі гадзіну ўзнёслымі вершамі аб гераічнай Беларусі, расказалі аб той цане, якую на працягу стагоддзяў плаціла наша зямля за мірнае жыццё і якія трагічныя старонкі гісторыі перажыла Глыбоччына разам з усёй краінай ў ХХ стагоддзі. Вядучыя ўзгадалі прозвішчы землякоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы краіну ад фашысцкай навалы і выказалі словы падзякі і гонару сваім землякам, якія вярнуліся з вайны і пачыналі новае жыццё.
Прадстаўнікі раённай і мясцовых улад -- Султанава І.А., кіраўнік справамі Глыбоцкага РВК, Заяц Б.І. старшыня Залескага сельсавета, Зяновіч Н.П., старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса, Лазаронак Т.А., старшыня Глыбоцкага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў, Дубаўка В., намеснік кіраўніка УП "Мярэцкія" па ідэалагічнай рабоце ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым жыхарам Запруддзя і навакольных вёсак. Выступоўцы акцэнтавалі ўвагу прысутных на неабходнасці выхавання ў падрастаючага пакалення павагі да мінулага і сучаснасці нашай Бацькаўшчыны, захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.


Разам з вяскоўцамі, настаўнікамі ў гэты дзень усклалі кветкі і юныя жыхары Запруддзя, вучні Залескай школы. Для моладзі гэта падзея мае асаблівы сэнс, бо прывучае з дзяцінства ведаць гісторыю краіны і той кошт, які заплацілі іх прадзеды за незалежнасць Беларусі.

Віншуем усіх са святам Незалежнасці!
Г.Гаравая, бібліятэкар Запрудскай сельскай бібліятэкі, А.Жэлткевіч, дырэктар Запрудскага дома фальклору.
- 323

