Навіны
Пяткевіч Ганна

Пяткевіч (Вязіцкая) Ганна Венядзіктаўна. Ураджэнка вёскі Балтрамеі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці (16.08.1963). Скончыла Шаркаўшчынскую сярэднюю школу (1980). Працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна. У 1985 годзе скончыла поўны курс універсітэта па спецыяльнасці беларуская і руская мовы і літаратура. Акрамя вучобы спявала ў хоры, займалася ў паэтычным гуртку “Узлёт”, якім кіраваў літаратуразнаўца Алег Лойка.
Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванню была накіравана ў Глыбоцкі раён. Працавала настаўніцай у Задарожскай, а затым Іванаўскай школах. Пасля ўладкавалася на працу у СШ № 2 горада Глыбокае піянерважатай. Працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 2.
Паэзіяй пачала цікавіцца пад уздзеяннем настаўніцы Болкалаўскай школы Вырвінскай Ганны Іосіфаўны. Першы свой верш напісала, калі вучылася ў 6 класе.
Аднойчы Ганна Венядзіктаўна сказала:”Калі жывеш на глыбоцкай зямлі і не стаў паэтам, то абязкова ім станеш..." Яе вершы увайшлі у паэтычны зборнік “Далягляды” (1999), літаратурна-публіцыстычнага зборніка “Пралеска сіняй Беларусі”.
Падчас творчай вечарыны паэта Тамаша Ляшонка Ганна Венядзіктаўна пазнаёмілася з магілёўскім кампазітарам Мікалаем Яцковым і прапанавала яму некалькі сваіх вершаў. На верш “Тумановы вечар” кампазітар напісаў музыку і прапанаваў песню знакамітай у свой час спявачцы Нелі Багуслаўскай. Песня прагучала на некалі папулярнай тэлеперадачы “Прэм’ера песні”, у здымках якой прыняла ўдзел і Ганна Пяткевіч. У 2000 годзе аўтары песні прымалі ўдзел у фінальным гала-канцэрце рэспубліканскага фестывалю “Песню берите с собой” у Салігорску.
Пэўны час кіравала школьным літаратурна-паэтычным клубам Узлёт”, падчас заняткаў каторага вучні пісалі творы розных жанраў.
Непазнаная душа жанчыны, яе духоўны свет – вось тое, што ўвасабляе ў сабе творчасць Ганны Венядзіктаўны. У ёй удала спалучаюцца калейдаскоп жаночых перажыванняў, спадзванняў, мар. Ганна чалавек з тонкім пачуццёвым складам душы, ас сваім асабістым поглядам на жыццё. Вось такая яна, гарэзлівая і сумная, адданая лёсу і паэзіі. Менавіта паэзія дапамагае жыць, бо без гэтага жыць вельмі цяжка…
***
Незабудкі цнатлівыя ўсмешкі
Ад вачэй прыхавала змярканне.
Я люблю гэту вузкую сцежку
I полоску ракі ў тумане,
Дзе так мройна застылі ракіты,
Птушкі спевам просторы не поўняць,
I на бераг, ракой апавіты,
Апускаецца белая поўня.
Я люблю час таемных імгненняў
Пад крылом залатога Сусвету,
Дзе хвалюе мае летуценне
Маладое вячэрняе лета.
***
У прыгажуні блакітныя вочы
Дзве зоркі казалі пра іх неаднойчы
у прыгажуні -- цудоўная мова,
І прага пяшчотнага добрага слова
І так гэта слова зайздросна гучала
Павазе і шчырасці так навучала,
Што я паўтарала штодзённа нанова
Аснова ўсяму наша родная мова
І мусіць я так паўтарала удала
Што прагу да слова у дар атрымала
Трымаю той дар і скажу неаднойчы,
Я дзякую вам, незвычайныя вочы
Трымаю той дар і зусім не баюся
Што можа калі я са шляху саб’юся.
Бо ведаю самаю цёмную ноччу
Дарогу пакажуць блакітныя вочы.
***
А жанчына, як на іконе,
На руках трымае дзіця.
Завіток лагодны ля скроні -
Вось яна, прыгажосць жыцця.
Патаемная лёгкасць косаў,
У вачах спакой чысціні,
Для яе -- вышыня нябёсаў
І бурштынавых зор агні.
Цеплынёй агорнецца ночка,
Ці ж няма на тое прычын?
Проста сэрца ружовай шчочкай
Сагравае маленькі сын.
Перад гэтай вялікай тайнай
У паклоне схіліўся свет,
Её прысвечаны незвычайны,
Самы вытанчаны санет!
І ўзвысіцца род чалавечы
Над прасторай зямнога быцця -
На руках у жанчыны- ВЕЧНАСЦЬ,
На руках у жанчыны-ДЗІЦЯ
***
Жанчына ў цёплыя далоні
Бярэ наш грэшны шар зямны.
Станьце перад ёю на калені
І не прыпісвайце віны,
За войны ўсе і за пажары,
За подых змрочных навальніц.
Яна растопіць лёд і хмары,
Разгоніць веерам спадніц.
Яна ўсмешкаю сваёй
Адорыць кожнага з людзей,
Хай будзе вечна маладой,
Каб на душы было святлей.
- 487

