Завочнае знаёмства “Разам дружная сям’я” ў Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы


19 мая ў Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў дзіцячага пазнавальнага клуба “Кнігавічок”, прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і. Завочнае знаёмства “Разам дружная сям’я” дало магчымасць вучням у разнастайнай форме пазнаёміць прысутных з кімсьці з членаў іх сямей – самым цікавым для іх, любімым і дарагім. Дзеці падрыхтавалі пісьмовыя паведамленні, многія прынеслі малюнкі і фотаздымкі з сямейных альбомаў, з якіх, у выніку, была створана выстава.
Удзельнікі клуба з задавальненнем і гонарам распавядалі аб сваіх мамах, татах, дзядулях, бабулях, браціках і сястрычках. Многія расказвалі аб традыцыях, якія склаліся ў іх сям’і, аб тым, як яны бавяць вольны час. Таксама на сустрэчы гучалі вершы, выкарыстоўваліся прыказкі, прымаўкі, загадкі пра сям’ю.


Да мерапрыемства была падрыхтавана тэматычная выстава “Тепло родного очага”, якая прапанавала як мастацкую літаратуру вядомых дзіцячых аўтараў, так і кнігі выдавецтва Беларускай праваслаўнай царквы. Сустрэча, як і заўсёды, прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, якую дапамаглі стварыць гульня-размінка і вясёлыя музычныя кліпы.
Бібліятэкар С.А. Атвалка

