Інфармацыйна-прававы урок “Ведай межы!”

Да Міжнароднага дня правоў дзіцяці супрацоўнікі Падсвільскай дзіцячай бібліятэкі правялі інфармацыйна-прававы урок “Ведай межы!”
Правы маюць усе людзі. І дзеці таксама. Але першапачаткова іх правы прадстаўляюць бацькі, дарослыя людзі. Бо, па-першае, пакуль дзіця расце, яму патрэбны ўмовы не толькі для годнага жыцця, але і для паўнавартаснага развіцця. Па-другое, не стаўшы паўналетнім, дзіця не распараджаецца цалкам сваім жыццём і лёсам - гэтым займаюцца дарослыя, а значыць дзіця трэба ахаваць ад шкоды, якая можа быць нанесена ў тым ліку і дарослымі. Бібліятэкар нагадала дзецям аб асноўных дакументах, у якіх замацаваны правы дзяцей: Канвенцыя аб правах дзіцяці, Дэкларацыя аб правах дзіцяці, закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”.
Але, з узростам у дзіцяці з'яўляюцца і абавязкі: клапаціцца пра сваіх бацькоў і аказваць ім дапамогу па хатніх справах і гаспадарцы, дзеці павінны вучыцца ў школе і выконваць абавязкі вучня, існуюць грамадскія абавязкі ў дзяцей. Аб гэтымтаксама ішла размова.
Дзеці пазнаёміліся з паняццямі “закон”, “ права”, “абавязак” . Затым у гульнявой форме, на прыкладзе вядомых дзіцячых казак удзельнікі мерапрыемства высветлілі, якія правы “Канвенцыі” выконваюцца ў дачыненні да іх любімых казачных герояў, а якія парушаюцца.
Замацаваць атрыманыя веды па прававой тэме дзеці змаглі, удзельнічаючы ў гульнях і конкурсах: “Я ведаю Канвенцыю..”, “Дазваляецца – забараняецца”, “Казачныя героі”, “Хто даслаў тэлеграму?”





Марцынкевіч В., бібліятэкар Падсвільскай дзіцячай бібліятэкі
- 305

