21 лютага размаўляем па-беларуску!

На пачатку лютага сектар маркетынгу Глыбоцкай ЦРБ аб’явіў раённую бібліятэчную акцыю “Залацінкі роднай мовы”, прымеркаваную да Дня роднай мовы.
Бібліятэкарам было прапанавана ўзгадаць словы на тэму “Ежа, адзенне, прадметы хатняга побыту”, характэрныя для сваёй мясцовасці. Калегі прынялі актыўны ўдзел, і можна смела сказаць, што акцыя ўдалася!
Сярод мноства вызначаных слоў адны аднолькава ўжываюцца ў розных куточках Глыбоччыны, а некаторыя – незразумелыя для іншага рэгіёну. Але ўсе яны сведчаць пра непаўторнасць і ўнікальнасць, прыгажосць і напеўнасць нашай роднай беларускай мовы! Гэта падцвярджае і "Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны". : [у 2 ч.] / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава", Кафедра беларускага мовазнаўства. - Віцебск : ВДУ, 2012―2014
А калі вы 21 лютага скажаце сваім родным:
-- Госці будуць!
Надзень швэдар з сачыкам, бо цісне мароз, ускінь барлёчыкі і злётай у склеп. Там у дзяжурцы стаіць рэндлік з галярэткай, прынясі, пастаў у чалеснік і люшку закрый. Толькі за пярэпаўку не зачапіся!
Я ўжо зварыла груцу, пагрэла пашыбні з пастаялкай, нарэжу вандзонку з вантрабянкай. Можа яшчэ рулі і сяляву прыстрою. І паглядзі ў турэпцы пляшку, ад бацькі хавала...
А дзецей хрушчамі і ляндрынкамі пачастуем. Будзе чым гасціць. Абы толькі былі!
Бо па гэтай гроханцы ды па такому шарпаку кіхі з апонамі ў роварах палопаюцца, толькі на дыліжане і трасціся. Але ж і на ім сцюдзёна. Ніякая ясёнка з башлыком не памогуць.
Бірулькі свае пахавай ад жэўжыкаў у шафэчку, бо пагубляюць. Дуронікі гэтыя ніколі бізуна не паспыталі!
Знайдзі мне графку, каб панадолак трошкі вышэй падняць...
А бацьку трэба загадзя даць пігулак і мурцоўкай нацерці, каб не дурэў, як госці будуць, – то за такі маналог (глыбоцкі побытавы жаргон) будзе вы малайцы!
Віншуем усіх з Днём роднай мовы і заклікаем часцей карыстацца гэтымі словамі!
Адзенне
Баёўка – бязрукаўка (в. Карабы, Карабоўскі сельсавет)
Барлёчы – абутак, які носяць на двары (в. Івесь, Псуеўскі сельсавет)
Башлык – капюшон (в. Ломашы, Ломашаўскі сельсавет)
Гумовікі – гумовыя боты (в. Карабы, Карабоўскі сельсавет)
Ісподкі – рукавіцы (в. Удзела, Удзелаўскі сельсавет)
Лапсердак – пінжак (в. Шунеўцы, Карабоўскі сельсавет)
Нажутка – жаночая блузка (в. Запруддзе, Залескі сельсавет)
Паднадолак – ніз сукенкі ці спадніцы (в. Бортнікі, Пліскі сельсавет)
Плюшоўка – верхняе жаночае адзенне з плюшавай тканіны (в. Бабічы, Узрэцкі сельсавет)
Сачык – жаночая жалетка (в. Бабічы, Узрэцкі сельсавет)
Швэдра – цёплы свэтар (в. Марцэбыліна, Азярэцкі сельсавет)
Ясёнка – паліто (в. Азярцы, Азярэцкі сельсавет)
Прадметы хатняга побыту
Дзяжурка – маленькая бочачка (в. Ломашы, Ломашаўскі сельсавет)
Дэнка – дошка для наразання (в. Дзеркаўшчына, Карабоўскі сельсавет)
Коц – коўдра, пакрывала (г. п. Падсвілле)
Кубел – драўляны посуд, у якім захоўваецца зерне ці мука (в. Празарокі, Празароцкі сельсавет)
Рэндлік – каструля (в. Запруддзе, Залескі сельсавет)
Суднік – паліца для сталовага посуду (в. Празарокі, Празароцкі сельсавет)
Сцірка – кухонны ручнік (в. Удзела, Удзелаўскі сельсавет)
Чалеснік – уваходная выемка ў печы (в. Галубічы, Галубіцкі сельсавет)
Чапяла – ухват для патэльні (г. п. Падсвілле)
Фіранка – занавеска (в. Галубічы, Галубіцкі сельсавет)
Ходнік – палавік (в. Дзеркаўшчына, Карабоўскі сельсавет)
Шафэчка – тумбачка для посуду на кухні (в. Празарокі, Празароцкі сельсавет)
Ежа
Вандзонка – капчонае сала, кілбасы (в. Шунеўцы, Карабоўскі сельсавет)
Вантрабянка – калбаса ліверная (в. Дзеркаўшчына, Карабоўскі сельсавет)
Галярэтка – застыўшы булён у халадцы (в. Бортнікі, Пліскі сельсавет)
Груца – пярловая каша (в. Галубічы, Галубіцкі сельсавет)
Квашаніна – халадзец (в. Карабы, Карабоўскі сельсавет)
Ляндрынкі – цукеркі (в. Абруб, Абрубскі сельсавет)
Паземкі – суніцы (в. Чарневічы, Празароцкі сельсавет)
Пастаялка – свежая смятана (в. Верхняе, Удзелаўскі сельсавет)
Пашыбні – драныя бліны (в. Верхняе, Удзелаўскі сельсавет)
Пляшка – бутэлька са спіртным (в. Івесь, Псуеўскі сельсавет)
Рагачча – сукі, вецце дрэў, скінутае ў кучу (г. п. Падсвілле)
Рулі – страва з малака і накрышанага ў яго хлеба ці батона (в. Шунеўцы, Карабоўскі сельсавет)
Сарока – мучны блін, спечаны на скварках (в. Чарневічы, Празароцкі сельсавет)
Сялява – амлет, прыгатаваны ў печы ў чыгунку (в. Залессе, Залескі сельсавет)
Хрушчы – печыва з цеста (в. Шунеўцы, Карабоўскі сельсавет)
Рознае
Апона – шына ў ровары (в. Псуя, Псуеўскі сельсавет)
Бізун – плётка, рэмень (в. Карабы, Карабоўскі сельсавет)
Бірулькі – маленькія рэчы (г. п. Падсвілле)
Бразготкі – званочкі (в. Псуя, Псуеўскі сельсавет)
Брыка – вазок з высокімі бартамі для перавозкі сена (в. Каралевічы, Галубіцкі сельсвет)
Відок – вышыванка, зашклёная ў рамцы (в. Дзеркаўшчына, Карабоўскі сельсавет)
Габэлік – рубанак (в. Гатаўшчына, Пліскі сельсавет)
Графка – шпілька (в. Мацюкова, Пліскі сельсавет)
Гроханка – дарога з выбоінамі і ямамі (г. п. Падсвілле)
Грубка – печка (в. Каралевічы, Галубіцкі сельсавет)
Двойні – вілы (в. Запруддзе, Залескі сельсавет)
Дыліжан – вазок з высокімі бартамі (в. Ломашы, Ломашаўскі сельсавет)
Каета – вучнёўскі сшытак (в. Верхняе, Удзелаўскі сельсавет)
Кіха – шына ў ровары (в. Гатаўшчына, Пліскі сельсавет)
Люшка – засоўка ў печы (в. Мнюта, Пліскі сельсавет)
Мурцоўка – націранне на спірту ад хваробы (в. Бабічы, Узрэцкі сельсавет)
Насатка – насоўка (в. Шунеўцы, Карабоўскі сельсавет)
Пігулкі – таблеткі (в. Псуя, Псуеўскі сельсавет)
Пярэпаўка – агародджа (г. п. Падсвілле)
Рэзгіні – прыспасабленне насіць траву (в. Ломашы, Ломашаўскі сельсавет)
Турэпка – маленькая сумачка (в. Верхняе, Удзелаўскі сельсавет)
Цырубалкі – асколкі (в. Прошкава, Зябкаўскі сельсавет)
Шарпак – снежны наст (в. Галубічы, Галубіцкі сельсавет)
Будзем рады, калі вы дашлеце нам на
Давайце разам захоўваць залацінкі роднай мовы!
- 382

