Дзень роднай мовы ў Падсвіллі

Добрай традыцыяй стала ў Падсвільскай гарпасялковай бібліятэцы адзначаць Дзень роднай мовы. Традыцыйна ў гэты дзень чытачы запрашаліся на дыктоўку . Сёлета бібліятэкары змянілі фармат і месца правядзення. Свята адзначылі сумесна з настаўнікамі і вучнямі Падсвільскай дзіцячай школай мастацтваў.
Усе прысутныя прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Яны праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць і яшчэ раз даказалі, што ведаюць і любяць сваю родную мову. І дарослыя, і лзеці актыўна прымалі ўдзел у інтэлектуальных конкурсах,
перакладалі словы з рускай на беларускую мову, адгадывалі загадкі-жарты. Веданне беларускага фальклору і мовы паказалі ў конкурсе “Рассыпаныя прыказкі”. Гульнявое мерапрыемства прайшло з карысцю - дапамагло замацаваць веды аб аб сваёй Радзіме, пашырыла слоўнікавы запас і паказала разнастайнасць і багацце роднай мовы.
Конкурсы, гульні разбаўляліся музычнымі нумарамі. Аліса Ігнатовіч выступіла з песняй “Мульцікі-пульцікі”, з пачуццём выканала песню “Жураўліная чарада” Ангеліна Цяліца. Ансамбль “Весялушкі” парадаваў прысутных песнямі на беларускай мове.



Чытачы нашай бібліятэкі - Валянціна Лагош, Таццяна Млечко, Аляксандра Місевіч - чыталі вершы.



Вядучыя мерапрыемства Яцкоўская Святлана і Аўласевіч Наталля яшчэ раз звярнулі ўвагу, што глыбоцкая зямля багата на літаратурныя таленты. На выставе “Ручай крыштальны мовы роднай” былі прадстаўлены кнігі паэтаў і пісьменнікаў Глыбоцкага краю.
Хочацца заўважыць, што вядомаму не толькі на Глыбоччыне, але і далёка за яе межамі глыбоцкаму паэту Алесю Жыгунову спаўняецца 70 год. І ён піша не толькі лірычныя вершы. Менавіта на словы Алеся Жыгунова напісаны гімн нашага пасёлка "Падсвілле -- радзіма мая". Глыбоцкі самадзейны кампазітар Браніслаў Грамакоўскі напісаў мелодыю. Мы віншуем Алеся Міхайлавіча з добрай датай і жадаем творчых поспехаў, моцнага здароўя, аптымізму і чакаем новых вершаў!
Таіса Роліч – самабытны паэт гарадскога пасёлка Падсвілле таксама прачытала ўласныя вершы, якія
прысвяціла роднай мове. Музыкант Уладзімір Бурэнь напісаў і прэзентаваў новую песню на словы Таісы Роліч “А мне навошта залатая восень”.
З добрым настроем развітваліся прысутныя і ўдзельнікі свята. Свята падцвердзіла добрую выснову,
што падсвільчане любяць Бацькаўшчыну і якасна валодаюць матчынай мовай.
На добрую памяць застаўся агульны фотаздымак.
Наталля Аўласевіч, бібліятэкар Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі.
- 349

