Дзень беларускай мовы працягваецца!
4 сакавіка Глыбоцкую дзіцячую бібліятэку наведалі члены клуба “Калейдаскоп”. Яны ўдзельнічалі ў падарожжы – віктарыне “Ведай мову сваю, беларус!”
Спачатку дзеці спрабавалі свае сілы ў конкурсе “Перакладчыкі”. Лепшай была Гуляшка Ганна. Потым вучням было прапанавана выразна прачытаць вершы беларускіх пісьменнікаў пра мову. Перамагла Конахава Ксенія.
У конкурсе “Народная мудрасць” удзельнікі павінны былі не толькі адгадаць загадкі, але і падабраць сінонімы да адгадак. У конкурсе “Чорная скрыня” дзецям было прапанавана па лексічным значэнні слова адгадаць прадмет, які знаходзіцца ў скрыні, і назваць іншыя лексічныя значэнні гэтага слова ( падабраць амонімы ). Конкурс “Займальная граматыка” вымагаў ад удзельнікаў добрага ўмення разгадваць рэбусы. Вучні добра справіліся з гэтай задачай. Самым складаным аказаўся конкурс “Апрані і пачастуй”. Словы, запісаныя на картках, трэба было размеркаваць на 2 групы: “Нацыянальнае адзенне” і “Нацыянальныя стравы”.
Таксама ўдзельнікі клуба пазнаёміліся з беларускімі пісьменнікамі-юбілярамі 2020 года і іх творамі, прынялі ўдзел у гульні “Пазнай прыказку па малюнку”, віктарыне “Беларускія народныя святы”.





Закончылася мерапрыемства песняй “Беларусь мая сінявокая”, якую дружна праспявалі ўдзельнікі клуба. Самыя лепшыя знаўцы беларускай мовы атрымалі буклеты, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы.
Бібліятэкар Хахолка А.А.
- 759

