Міжнародны дзень роднай мовы ў Ломашаўскай сельскай бібліятэцы

Што такое мова? Зразумела, кожны адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова. 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашага народа родная мова – беларуская.
Святкаванне гэтага цудоўнага дня ў Ломашаўскай сельскай бібліятэцы было адзначана правядзеннем наступных мерапрыемстваў: конкурса знаўцаў роднай мовы “З любоўю да роднага слова” для ўдзельнікаў клуба “Юныя сябры бібліятэкі”, гульні-віктарыны “Таямніцы беларускіх слоў” для вучняў 8-9 класаў.


Удзельнікі клуба здзейснілі падарожжа па цудоўнай краіне Мовазнавіі. На шляху дзяцей сустрэлася шэсць станцый: “Скарагаворкі”, “Загадкі”, “Слоўнічак”, “Гульні”, “Прыдумай загадку”, “Прыказкі і прымаўкі”. На кожнай станцыі для дзяцей былі падрыхтаваны самыя разнастайныя заданні, з якімі яны спраўляліся на “выдатна”.

А вучні 8-9 класаў змаглі паспрабаваць сябе ў ролі знаўцаў таямніц беларускіх слоў. Прысутныя з задавальненнем знаёміліся з беларускімі словамі, перакладалі с беларускай мовы на рускую, спрабавалі свае веды ў “Літаратурным марафоне”.

Спадзяёмся, што гэты дзень нікога не пакінуў абыякавым. І ўсе прысутныя змаглі не толькі адкрыць для сябе родную мову з новага боку, але яшчэ раз адчулі гонар і павагу за сваю краіну!
21 лютага 2018 года. Бібліятэкар Ломашаўскай сельскай бібліятэкі Бондар А.А.
- 955

