"Дыктоўка за партай". Падсвільская бібліятэка адзначыла Дзень роднай мовы
У каляндары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.
Падсвільская гарпасялковая бібліятэка таксама далучылася да святкавання гэтага Дня.
На мерапрыемства запрасілі аматараў роднай мовы. Прысутным было прапанавана ўзнавіць у сабе забытае пачуццё “пісаць дыктант”. Тэкст "прадыктавала" былая настаўніца Падсвільскай СШ Алла Васільеўна Піскуновіч і, трэба адзначыць, яна адзначыла дастаткова высокі ўзровень граматнасці удзельнікаў дыктоўкі.
Прыгажосць беларускага слова вельмі яскрава падмечана ў вусна- паэтычнай творчасці. Песні, легенды, паданні, прыказкі і загадкі – колькі ў іх глыбокай мудрасці і высокай паэзіі, колькі жыццёвай сілы і хараства ў іх мове.
Значэнне роднай мовы, роднага слова для чалавека падкрэсліваецца ў шмат якіх творах беларускіх пісьменнікаў, а так сама нашых глыбоцкіх і падсвільскіх аўтараў.
Як хораша сказаў наш зямляк Алесь Жыгуноў пра вышыванку, нашу беларускую, такую прыгожую і родную. З кожным годам усе больш людзей вяртаюцца да сваіх вытокаў, адраджаюць народную вопратку.
Раслі мы, Колі, Лені, Янкі…
І на Купалу Йвана ў ноч
Нас прыбіралі ў вышыванкі
Такія – не адвесці воч…
Было незвычана прыемна бачыць сярод удзельнікаў гасцей, прыбраных у самаробныя вышыванкі. Гэта - Валянціна Венедіктаўна Садоўская, Лілія Сяменаўна Барзакоўская, Мар’ян Мечыслававіч Місевіч.
Багатая выстава выданняў падсвільскіх аўтараў “Падсвілле літаратурнае” дапоўнілася жывым словам Зоі Максімаўны Наваенка, Таісіі Міхайлаўны Роліч, Людмілы Антонаўны Баброўскай. Вершы мясцовых паэтак прагучалі ў выкананні прыхільнікаў іх творчасці.
У мілагучнасці і музыкальнасці беларускага слова мы пераканаліся, паслухаўшы з задавальненнем запісы песні на вершы Зоі Наваенкі і музыку Ганны Шаколы як "у запісу". У "жывым" выкананні Вольгі Лубчонак і Уладзіміра Бураня гучалі песні на словы Таісіі Роліч, напісаныя мясцовымі кампазітарамі.
Прыемным падарункам сталі беларускія найгрышы на баяне і гармоніку музыкантаў-прафісіяналаў Мікалая Федаравіча Савуліча і Уладзіміра Уладзіміравіча Бурэня.
Усе прысутныя вырашылі: далучыцца да святкавання Дня роднай мовы і 21 лютага цалкам размаўляць па-беларуску, заўтра - размаўляць на “трасянцы”, а паслязаўтра, глядзіш, і будзеш пастаянна гаварыць на чыстай беларускай мове. )))
- 1253

