Вусны часопіс “У свеце дзіцячых пісьменнікаў Беларусі”

20 красавіка ў Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы для вучняў 4 “Г” класа СШ №1 г. Глыбокае быў праведзены вусны часопіс “У свеце дзіцячых пісьменнікаў Беларусі”.

Першая старонка часопіса была прысвечана творчасці Уладзіміра Ягоўдзіка. З яго кнігі “Шлях Рагвалода” дзеці даведаліся пра сем цудаў Беларусі. Кнігі “Лясныя таямніцы” і “Год – карагод” напісаны цікава, займальна, даступна, маюць проста фантастычныя фотаздымкі. Удзельнікі мерапрыемства сустрэліся з рознымі звярамі, птушкамі, раслінамі беларускіх лясоў, з цікавасцю ўдзельнічалі ў віктарыне “Пазнай птушку” і ў гульні “Птушкалоў”.

На другой старонцы вуснага часопіса дзеці пазнаёміліся з творчасцю Алены Масла. Была прачытана і абмеркавана казка “Цудадзейныя лекі” з кнігі “Таямніца закінутай хаты”. Хто прыдумаў гадзіннік і тэлефон? Як з'явілася электрычнасць? Як рухалі тэхнічны прагрэс беларусы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, а таксама жартоўная казачная віктарына – у пазнавальнай кнізе А. Масла “Адкрыцці стагоддзяў”. Казачніца напісала цудоўную кнігу пра таямнічы і захапляльны свет беларускіх балот – “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі”. У кнізе ёсць гульня і кулінарныя рэцэпты! Пры дапамозе гульні “Знаўца балот” чацвёртакласнікі замацавалі свае веды пра жывёл, птушак і расліны балота.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая, творчасці якой была прысвечана трэцяя старонка часопіса, выкарыстоўвае незвычайную падачу дзіцячай гісторыі (кніга-пярэкрут «Вухуцік. Васільвася»), запатрабаваныя ў чытачоў кароткія ролікі пра кнігі – буктрэйлеры. У сваіх кнігах прадугледжвае цікавыя заданні і гульні.Яна нават прыдумала, як замяніць лічбавы гаджэт на... кніжны. Каб абараніць дзяцей ад празмернага «завісання» ў сацыяльных сетках, пісьменніца прапануе знаёмства са сваім персанажам, які з віртуальнага свету прыйшоў у рэальны. Так з’явілася кніга «Знаёмцеся- #Падабай. к@!». Таксама было прачытана і абмеркавана апавяданне К. Хадасевіч-Лісавой “Конкурс прыгажосці”. Затым дзеці прынялі ўдзел у вясёлай гульні “Палачка талентаў”.

Кожная дзіцячая кніга Ірыны Токаравай (яе творчасці была прысвечана чацвёртая старонка вуснага часопіса ) – інтэрактыўнае падарожжа ў свет гульні і логікі, знаёмства з жыццём людзей у Старажытным Егіпце і Грэцыі, паглыбленне ў таямніцы Мірскага замка, першая сустрэча з банкаўскай сістэмай і вывучэнне звычак жывёл. Вельмі падабаецца чытачам дзіцячы дэтэктыў “Прыгоды Шэрлака Хомса і доктара Сладсана”. Дзіця раскрывае злачынства разам з героямі. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць адчуць сябе дэтэктывамі падчас правядзення гульняў “Чорная скрыня” і “Адгадай, хто такі”.
Напрыканцы мерапрыемства дзеці падзяліліся ўражаннямі ад кніг У. Ягоўдзіка, А. Масла, К. Хадасевіч-Лісавой, І. Токаравай; задумаліся над пытаннем, чаму вучаць іх творы.
20.04.2023г. Бібліятэкар А.А. Хахолка
- 340

