Вусны часопіс “У свеце дзіцячых пісьменнікаў Беларусі”

Шчаслівы той чалавек, хто любіць чытаць. А з гэтым у апошні час сярод дзяцей сапраўдная праблема. Вельмі мала чытаюць нашы дзеці ніг на беларускай мове. Таму не выпадкова напярэдадні Дня роднай мовы ў Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы для вучняў 4 “В” класа СШ №2 г. Глыбокае быў праведзены вусны часопіс “У свеце дзіцячых пісьменнікаў Беларусі”.
Першая старонка часопіса была прысвечана творчасці Уладзіміра Ягоўдзіка. З яго кнігі “Шлях Рагвалода” дзеці даведаліся пра сем цудаў Беларусі. Кнігі “Лясныя таямніцы” і “Год – карагод” напісаны цікава, займальна, даступна, маюць проста фантастычныя фотаздымкі! Удзельнікі мерапрыемства сустрэліся з рознымі жывёламі, птушкамі і раслінамі беларускіх лясоў, з цікавасцю ўдзельнічалі ў віктарыне “Пазнай птушку” і ў гульні “Птушкалоў”.
На другой старонцы вуснага часопіса дзеці пазнаёміліся з творчасцю Алены Масла. Былі прачытаны і абмеркаваны казкі “Воблачка” і “Цудадзейныя лекі” з кнігі “Таямніца закінутай хаты”.
Хто прыдумаў гадзіннік і тэлефон? Як з,явілася электрычнасць? Як рухалі тэхнічны прагрэс беларусы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, а таксама жартоўная казачная віктарына – у пазнавальнай кнізе А. Масла “Адкрыцці стагоддзяў”.
Казачніца напісала цудоўную кнігу пра таямнічы і захапляльны свет беларускіх балот – “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі”. Героі кнігі – хлопчык Бульбінка і дзяўчынка Журавінка – адпраўляюцца ў неверагоднае падарожжа па балотных абшарах, знаёмяцца з жыхарамі балот, далучаюцца да фантастычных прыгод, а яшчэ вучацца гатаваць, бо ў кнізе ёсць і кулінарныя рэцэпты! Пры дапамозе гульні “Знаўца балот” чацвёртакласнікі замацавалі свае веды пра жывёл, птушак і расліны балота.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая, творчасці якой была прысвечана трэцяя старонка часопіса, прыкладае нямала намаганняў, каб яе кнігі былі цікавымі і захапляльнымі. Яна адной з першых у беларускай літаратуры выкарыстала новы фармат - кніга-квэст («Ключ ад Вялікай Каштоўнасці»). Выкарыстоўвае пісьменніца і незвычайную падачу дзіцячай гісторыі (кніга-пярэкрут «Вухуцік. Васільвася»), і запатрабаваныя ў чытачоў кароткія ролікі пра кнігі – буктрэйлеры. У сваіх кнігах аўтар прадугледжвае цікавыя заданні і гульні. Яна нават прыдумала, як замяніць лічбавы гаджэт на... кніжны.
Каб абараніць дзяцей ад празмернага «завісання» ў сацыяльных сетках, пісьменніца прапануе знаёмства са сваім персанажам, які з віртуальнага свету прыйшоў у рэальны. Так з’явілася кніга «Знаёмцеся -- #Падабай.к@!».
Таксама было прачытана і абмеркавана апавяданне К. Хадасевіч-Лісавой “Конкурс прыгажосці”. Затым дзеці прынялі ўдзел у вясёлай гульні “Палачка талентаў”.
Кожная дзіцячая кніга Ірыны Токаравай (яе творчасці была прысвечана чацвёртая старонка вуснага часопіса ) – інтэрактыўнае падарожжа ў свет гульні і логікі, знаёмства з жыццём людзей у Старажытным Егіпце і Грэцыі, паглыбленне ў таямніцы Мірскага замка, першая сустрэча з банкаўскай сістэмай і вывучэнне звычак жывёл. Пісьменніца прыдумала незвычайны ход: хлопчык Цім на суткі пераўтвараецца ў жывёлу. І яго вачыма мы назіраем за жыццём той ці іншай жывёлы. Вельмі падабаецца чытачам дзіцячы дэтэктыў “Прыгоды Шэрлака Хомса і доктара Сладсана”. Дзіця раскрывае злачынства разам з героямі. У кожным апавяданні ёсць пытанні, выдзеленыя колерам. Задумваючыся над гэтымі пытаннямі, юны чытач развівае лагічнае мысленне. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць адчуць сябе дэтэктывамі падчас правядзення гульняў “Чорная скрыня” і “Адгадай, хто такі”.


Напрыканцы мерапрыемства дзеці падзяліліся ўражаннямі ад кніг У. Ягоўдзіка, А. Масла, К. Хадасевіч-Лісавой, І. Токаравай; задумаліся над пытаннем, чаму вучаць іх творы? Некаторыя вучні адразу ўзялі ўпадабаныя кнігі дадому.
17.02.2023 г. Бібліятэкар А.А. Хахолка
- 384

