Сцежкамі продкаў прайшлі у Плісе

"Сцежкамі нашых продкаў" -- так прыгожа назвалі рэгіянальнае фальклорнае свята работнікі культуры Пліскага сельсавета. У тэатралізаваным пралогу Жанчына Спадчына распавяла пра гістарычны шлях вёсак Пліскага сельсавета, быт і традыцыі іх жыхароў:
"Для кожнага з нас беларусаў дзедаўская сядзіба - тая спадчына, матэрыяльная і духоўная, якую атрымалі мы ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзеткам і ўнукам.
Што страцілі мы з гэтай спадчыны? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды, прадзеды трэба..."
Шчыра і весела, музычна і маляўніча, віншавальна і ўзнёсла віталі вяскоўцаў супрацоўнікі Мнюцкага і Чарневіцкага сельскіх дамоў культуры і бібліятэк, Гатаўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба, Мацюкоўскай і Бортнікаўскай сельскіх бібліятэк.




Святочныя народныя строі ператварылі сучасных жанчын у даўнейшых сялянак, які шчыра спявалі народныя песні, частавалі гасцей мясцовымі прысмакамі, аднавілі колішні, даўно падзабыты, кірмаш, правялі народныя гульні. Дапамагалі гасцям свята Несцерка і Мікіта
Выклікала цікавасць у гасцей свята выстава вырабаў з бульбы, якія падрыхтавалі вучні ДУА "Пліская сярэдняя школа. Глыбоцкага раёна".
Бібліятэкары і клубныя работнікі падрыхтавалі выставу даўнейшых рэчаў, якія знайшліся на дзедавых гарышчах, прадставілі краязнаўчыя матэрыялы аб вёсачак сельсавета.
Таксама культработнікі прадставілі кулінарныя ласункі, сярод якіх пачэснае месца заняў добра вядомы брэнд Глыбоччыны --- "Масляны баран".





Яшчэ ён не пусты, наш куфар старажытны.
Цвіце ў ім лён густы і каласіцца жыта.
У куфры тым ляжаць з ільну і кветак скарбы.
Лясы і сенажаць далі свае ім фарбы.
Абрусы, ручнікі і посцілкі - надзіва.
Любоў, жыццё, вякі і ўся мая Радзіма...
Не буду варажыць аб густах і жаданнях.
Я знаю: скарб ляжыць у куфрах старадаўніх!
- 472

