Свята “Ігнат Буйніцкі ў памяці народнай” прайшло ў Празароках

Пагорак высокі,
За ім – Празарокі,
Да помніка шлях нас прывёў.
Ігнат тут Буйніцкі
У народных крыніцах
Свой талент акцёра знайшоў.
Быў блізкі народу,
Вадзіў карагоды
І польку ў пары з дачкой танцаваў,
Ён п’есы тут ставіў,
Чым край свой праславіў
І бацькам тэатра рэспублікі стаў.
У Празароках адзначылі 163-гадавіну з дня нараджэння Ігната Буйніцкага. У культурным асяроддзі Беларусі яго лічаць заснавальнікам першага нацыянальнага прафесійнага тэатра.
Свята “Ігнат Буйніцкі ў памяці народнай” традыцыйна распачалося ля помніка славутаму земляку. Першымі прагучалі вершаваныя радкі краязнаўцы Івана Волкава, прысвечаныя І.Ц.Буйніцкаму ў выкананні школьнікаў.
Арганізатар і вядучы свята, бібліятэкар Празароцкай бібліятэкі В.І.Бурэнь, звярнулася да прысутных з прывітальным словам і распавяла аб значнасці мерапрыемства. Яна ўзгадала асноўныя моманты біяграфіі выдатнага беларускага акцёра і тэатральнага дзеяча Ігната Буйніцкага. Зрабіла акцэнт на тое, што чалавек адукаваны, перадавых настрояў, ён тонка адчуваў, разумеў і з захапленнем вывучаў песенную і танцавальную творчасць беларусаў. Стварыўшы першую тэатральную трупу, дзядзька Ігнат прайшоў шлях ад сямейных вечарынак да прафесійнага тэатра.

Адметнасць асобы і значэнне дзейнасці Ігната Буйніцкага для развіцця беларускай культуры раскрыла настаўніца гісторыі ДУА “Празароцкая дзіцячы сад–сярэдняя школа імя І.Ц.Буйніцкага” Марыя Адольфаўна Сулімава .
З фіналам верша Івана Волкава, прадэкламаванага вучнямі названай школы, удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі на магілу і да помніка славутаму земляку. Помніка чалавеку вялікай душы і шчодрага сэрца...


Свята прадоўжылася ў Празароцкім сельскім доме культуры. Святочны канцэрт падрыхтавалі самадзейныя артысты Прошкаўскага, Псуеўскага і Празароцкага дамоў культуры.

У файе дома культуры экспанаваліся творы народных умельцаў празароцкага краю, дзейнічала выстава друкаваных краязнаўчых матэрыялаў з фонду мясцовай бібліятэкі.
Ізноў на Радзіме Ігната Буйніцкага, як калісьці, гучалі беларуская музыка і народныя спевы, якія палымяна стагодззе назад папулярызаваў наш зямляк.
Бібліятэкар В.І.Бурэнь
30.08.2024 г.
- 240

