“Родныя мясціны – сэрцу дарагія”. Свята вёскі Саннікі

У сонечны жнівеньскі дзень на Празароччыне адзначылі свята вёскі Саннікі.
Вёска Саннікі, што ў Празароцкім сельсавеце, мае сваю адметную, даўнюю гісторыю. Яе назва згадваецца ў кнізе «Памятники железного века». Але найбольш вядомыя старонкі гісторыі гэтага населенага пункта адносяцца да пачатку XX стагоддзя.
Вёска знаходзіцца на скрыжаванні дарог у напрамку Чарневіч і Дзісны. А значыць, жыццё тут заўсёды віравала. У гістарычных крыніцах вядома як сядзіба. У 1886 годзе тут працавалі млын і вінакурны завод.
Па перапісу Расійскай імперыі 1897 года значыцца : Саннікі (маёнтак Церабенёва) - 51 чалавек; Саннікі (карчма Церабенёва) – 3 чалавекі, вёска Саннікі 155 жыхароў.
Згодна даных перапісу 1905 года ў вёсцы Саннікі налічвалася 155 жыхароў (71 мужчына і 84 жанчыны). Мелі яны 162 дзесяціны зямлі. Тут размяшчаліся маёнтак Церабянёва (ва ўладанні было 220 дзесяцін зямлі) і маёнтак Сыцінай (165 дзесяцін). (А.Зінкевіч // Веснік Глыбоччыны.- 1995.- 22 жніўня)
У 30-я гады ХХ стагоддзя тут знаходзіліся багатыя дагледжаныя сядзібы паноў Бароўскіх. Пасля Вялікай Айчыннай вайны сядзібы перададзены пад размяшчэнне бальніцы, клуба, бібліятэкі, праўлення калгаса імя Варашылава (пазней “Празароцкага”), пачатковай школы. У парку пэўны час была танцпляцоўка.
Час рухаецца няўмольна. Саннікоўская пачатковая школа зачынена ў 1975 годзе. Саннікоўская сельская бібліятэка праіснавала да сярэдзіны 1980-х гадоў. Цэнтр калгаса перамясціўся ў Празарокі з 1973 года да 2011-га. Цяпер у в. Саннікі пражывае 38 чалавек.
На Свяце прадстаўнікі Празароцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў традыцыйна ўшаноўвалі ветэранаў працы, дбайных гаспадароў, юбіляраў з дня нараджэння, сямейныя пары і ўсіх, хто прыкладае намаганні дзеля таго, каб населены пункт Саннікі заўсёды існаваў на карце і ў памяці людзей. Свае творчыя падарункі мясцовым жыхарам і гасцям мерапрыемства дарылі самадзейныя артысты Празароцкага сельскага дома культуры.
Бібліятэкар Празароцкай сельскай бібліятэкі прапанавала ўдзельнікам свята гістарычны экскурс у мінулае вёскі Саннікі, нагадала яе побыт, адметнасці і традыцыі. Наглядным пацверджаннем непаўторнасці гэтага куточка зямлі стала выстава “І ажываюць памяці старонкі…”. На ёй былі прадстаўлены фотаздымкі з сямейных архіваў і краязнаўчыя матэрыялы энцыклапедычнага выдання “Гарады і вёскі Беларусі”, альбома “Глыбоччыны духоўнасці глыбіні”.
Прыемным адкрыццём для Валянціны Драгун, яе дачкі Святланы і сястры Пашкевіч Ірыны стала тое, што ў краязнаўчым выданні “Глыбоччыны духоўнасці глыбіні” змешчаны летнія песні, запісаныя ад іх бабулі Лахан Францішкі, якая прыгожа спявала і ў касцёле, і на святах. Не дачакаўшыся з вайны мужа, Францішка Іосіфаўна засталася вернай свайму каханню на працягу доўгага жыцця і вырасціла адна сына. Не вярнуліся з франтоў Другой Сусветнай вайны яшчэ тры жыхары вёскі, радавыя: Гаманёк Канстанцін, 1898 г.н. ( загінуў у 1939 г.); Піліпёнак Станіслаў Антонавіч, 1925 г.н. (загінуў 19.03.1945 года ў Польшчы); Пірог Васіль Антонавіч, 1908 г.н. (памёр 13.11.1942 г. у фашысцкім палоне).
У 1949 годзе ў вёсцы арганізаваны калгас імя Варашылава. Жыхары перасяляліся з хутароў у вёску, стваралі сем’і, працавалі ў жывёлагадаўлі, паляводстве, рамантавалі калгасны івентар. Жыццё працягвалася і працягваецца…
І можна толькі пагадзіцца з радкамі перадавіцы ў газеце “Звязда”: “Кожная беларуская вёска – гэта маленькі сусвет, дзе ёсць адметныя героі, цікавыя традыцыі і дзівосныя краявіды. Гэта дапамагае ўсвядоміць, што такая акцыя, як свята вёскі, - добрая падстава абуджэння гістарычнай памяці і гонару за сваю малую радзіму”.
Бібліятэкар Празароцкай сельскай бібліятэкі Бурэнь В.І.
22.08.2024 г.
- 655

