Вечарына “Сударыня – масленица” у Падсвільскай гарпасялковай бібліятэцы

Масленіца – старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды. Для святкавання Масленіцы вызначаны восьмы тыдзень перад Вялікаднем (Пасхай).
Сама назва свята сведчыць аб перавазе малочных страў у гэты перыяд. Галоўная ежа на Масленіцу – масла, сыр, і канешне, бліны: жытнія, пшанічныя, грэчневыя, з маслам, з смятанай, з мёдам. Многія даследчыкі традыцыйнай культуры галосна гавораць, што бліны – гэта сімвал сонца. І што ужыванне такой сімвалічнай стравы паспрыяе набліжэнню вясны. Цяжка з гэтым не згадзіцца.
У народзе Масленіца заўсёды лічылася вясёлай парой – людзі ладзілі гулянні, танцавалі, спявалі песні, пяклі блінцы і хадзілі адзін да аднаго ў госці.
Вось і ў Падсвільскую гарпасялковую бібліятэку на вечарыну “Сударыня – масленица” завіталі даўнія сябры ўстановы. Кожны з іх прыйшоў у бібліятэку са сваімі сонечнымі цуда-блінамі!
Бібліятэкары падрыхтавалі для гасцей святочную праграму. Спачатку нагадалі гасцям пра зараджэння свята:
Навукоўцы-фалькларысты і этнографы лічаць, што Масленіца адзначалася ў гонар боства Вялеса (Валоса), якое з’яўлялася ахоўнікам жывёлы. Вялес на працягу года зберагаў статак, клапаціўся пра яго павелічэнне, таму свята было ўрачыстай падзякай богу-ахоўніку. Пазней, з прыняццем хрысціянства, адным з цэнтральных момантаў свята стаў чацвер на масленічным тыдні, у які ўшаноўваўся святы Уласій — прадаўжальнік язычніцкага Вялеса (гэтаму ў значнай ступені, відаць, садзейнічала гукавое падабенства, блізкасць імён). Уласій — хрысціянскі святы, якога ў 312 г. язычнікі пакаралі смерцю за тое, што ён не пажадаў пакланяцца старым багам, а прыняў веру Хрыста.
Распавялі, што масленічны блін з'яўляецца не проста святочным пачастункам, а сімвалам сонца. Лічылася, што з'еўшы такую страву, чалавек, атрымае часцінку сонечнага святла і цяпла, і чым больш бліноў напякуць, тым больш будзе сонечных дзён увесну. Таму бліны пякліся і еліся ў незлічоных колькасцях.
Выпякаўся звычайна цэлы стос бліноў, першы з якіх яшчэ цёплым клалі на дахавае акенца для продкаў. Лічылі, што яны сілкуюцца парай ад першага, рытуальнага, бліна.
Расказалі пра традыці мяслічнага тыдня:
Панядзелак - "Сустрэча". Адкрываюцца кірмашы. Рыхтуюцца месцы гулянняў. Робіцца лялька Масленіцы.
Аўторак - "Заігрыш". З гэтага дня пачынаюць хадзіць адзін да аднаго ў госці і катаюцца з горак. Незамужнія дзяўчаты варожаць.
Серада - "Ласуха". Зяці ідуць да цешчы на бліны.
Чацвер - "Шырокі чацвярток". Пачынаецца шырокая масленіца: пякуць і ядуць шмат бліноў, танцуюць, вяселяцца, удзельнічаюць у кулачных бойках.
Пятніца - "Цешчыны адвячоркі". Маладыя запрашаюць бацькоў нявесты. Зяць абавязаны асабіста паклікаць цешчу.
Субота - "Залоўкіны вячоркі". Маладыя нявесткі запрашаюць да сябе родных мужа і абдорваюць іх падарункамі.
Нядзеля - "Провады". Пудзіла Масленіцы водзяць па вёсцы і з захадам сонца спальваюць на вялікім вогнішчы. У гэты дзень прынята папрасіць прабачэння адзін у аднаго.
Удзельнікі мерапрыемства дзяліліся рэцэптамі найсмачных бліноў, адказвалі на пытанні віктарыны, удзельнічалі ў конкурсах, спявалі прыпеўкі і танчылі. Свята ўдалося на славу!
Хто на Масленку сумуе,
Таму ў годзе не шанцуе.
Таму давайце зараз
Будзем гульні граці,
Зіму праважаці,
Зіму праважаці,
Вясну сустракаці.
Будзем забаўляцца
I блінцамі сілкавацца.
Яцкоўская С.П., загадчыца Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі
- 267

