Адраджаем народныя традыцыі

Супрацоўнікі Запрудскага дома фальклору і бібліятэкі ў суполцы актыўна займаюцца адраджэннем народнах святаў, абрадаў, традыцый і звычаяў. Прыклад таму праведзеная 19 лістапада тэатралізаваная праграма “Калаўрот народных святаў”. Пачалося мерапрыемства з калядоўшчыкаў з песняй “Добры вечар” у выкананні дарослага фальклорнага калектыву “Прасніца”.
Затым была Масленіца з блінамі, успомнілі самае вялікае і любімае свята - Вялікдзень, адзначылі Талаку, адгулялі Дажынкі ды папалі на кірмаш. Гучала музыка ў выкананні калектыва народных інструментаў “Запрудскія музыкі”, танцы выконваў калектыў беларускіх народных танцаў “Каценька”, вадзіў карагоды і спяваў – дзіцячы фальклорны калектыў “Весялуха”.
Вясковыя жыхары, а іх сабралася поўная зала, з задавальненнем правялі вольны час, успомнілі народныя святы, паслухалі цудоўную беларускую мову і музыку. Завяршылася свята словамі вядучага : “Шануйце, зберагайце, адраджайце свае традыцыі і перадавайце іх нашым дзеткам. Няхай і далей круціцца наша кола народных святаў”.
На завяршэнні мерапрыемства бібліятэкар запрасіла дзяцей у бібліятэку, дзе пазнаёміла з новымі кнігамі і паказала, як ажываюць малюнкі ў часопісах.




Гаравая Г.Р., бібліятэкар Запрудскай бібліятэкі
21 лістапада 2023 г.
- 301

