Падсвільскі край – радзіма Язэпа Драздовіча

У Падсвільскай гарпасялковай бібліятэцы да 135-годдзя з дня нараджэння знакамітага мастака дзейнічае выстава “Падсвільскі край – радзіма Язэпа Драздовіча”.
Першая асацыяцыя, якая ўзгадваецца з імем нашага земляка - маляванка, маляваны дыван (у перакладзе на рускую мову “расписной ковёр”) — від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзін з відаў размалёўкі. У 1930-1950-х гадах маляваныя дываны былі на сценах амаль у кожнай сялянскай, местачковай ці беднай гарадской хаце. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным часцей за ўсё у чорны колер. Іншы раз у якасці асновы майстры выкарыстоўвалі паперу альбо цырату. Выконваліся яны адвольнай размалёўкай пэндзлем без папярэдняга нанясення грунту клеявымі ці алейнымі фарбамі. Тэхніка роспісу магла дапаўняцца ўжываннем набіванак і трафарэтаў. Паводле кампазіцыйна-дэкаратыўнага вырашэння адрозніваюць арнаментальныя, арнаментальна-выяўленчыя і сюжэтна-тэматычныя дываны. Гэта тэорыя.
А ў жыцці на Глыбоччыне творча працягвае традыцыю маляванкі Святлана Скавырка. Менавіта яе работы і работы яе вучняў, прадстаўлены на выставе. Побач з карцінамі месцяцца дакументы, якія раскрываюць шматлікую даследчую работу навукоўцаў і краязнаўцаў па спадчыне Язэпа Драздовіча.


А напярэдадні ў бібліятэцы быў арганізаваны майстар-клас па маляванцы.



Цудоўным капіістам «маляванак» Драздовіча выступіў зямляк Адрэй Зінкевіч, работы якога прадстаўлены ў чытальнай зале і стварылі ў бібліятэцы радасную і казачную атмасферу.
У чыытальнай зале адбылося знаёмства юных падсвільчан з унікальнай з'явай у народным мастацтве Беларусі - краязнаўчае дасье “Падсвільскі край – радзіма Язэпа Драздовіча”.





"Вялікі патрыёт Айчыны, Язэп Драздовіч абраў шлях вандроўніка, які здзяйсняў бясконцыя вандроўкі-блуканні па роднай зямлі - ад хутара да хутара, ад вёскі да вёскі, перабіваючыся выпадковымі заробкамі. Але ўспрымаў гэты свой шлях не драматычна, а як служэнне народу, вяртанне яму даўгоў. Ужо пры жыцці Язэпа Драздовіча называлі першым нацыянальным мастаком і стваральнікам "беларускага стылю", - распавялі бібліятэкары.

На сустрэчу з падлеткамі бібліятэкары запрасілі падсвільчанку Ніну Сяргееўну Падляшчук , якая з дзяцінства памятае «дзядзьку Язэпа», які часта бываў у іх доме, рысаваў «маляванкі», майстраваў цацкі. Сімвалам прысутнасці мастака ў бібліятэцы быў цудам захаваўшыйся анёл яго работы.
Заключным акордам сустрэчы прагучаў "Маналог Язэпа Драздовіча" паэта Алеся Жыгунова ў выкананні Апанасевіч Яны.
Яцкоўская С.П., заг. Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі.
- 238

