Вёсцы Празарокі споўнілася 500 год!

У 2023 годзе спаўняецца 500 год з першага пісьмовага ўпаміну вёскі Празарокі ў гістарычных дакументах.
Пра паходжанне назвы вёскі Празарокі існуе прыгожая легенда: Сярод блакітных азёраў і густых лясоў, на памежжы двух плямёнаў – балтаў і крывічоў, тулілася паселішча. І людзі жылі тут высокія, статныя, з блакітнымі вачамі і залацістымі валасамі. Нікому яны не рабілі зло, па натуры сваёй былі мяккія і добрыя, а па сіле духу – моцныя, як крэмень. І імя ім было -- празоры.
Адказную і пачэсную справу рабілі мужчыны: баранілі сваіх суродзічаў ад нападу ворагаў. Паселішча знаходзілася ў нізіне. Доўгім ланцугом станавіліся празоры на ўзгорках уздоўж паселішча і ўглядаліся ў далечыню. І так з дня ў дзень, з году ў год. Сыны змянілі бацькоў, браты – братоў. Каля кожнага празора стаяў прысак з вуголлем. Калі пагражана небяспека, празоры адзін за адным запальвалі свае вогнішчы і далёка былі відаць трывожныя заранкі…
Але аднойчы ў празора не загарэлася вогнішча і ў адчаі вырваў ён сваё сэрца і працягнуў яго да неба... І ў рукі яму спусцілася зорка, якая запаліла яго сэрцам – і яно зазіхацела, заіскрылася адначайным мігачком!.. Паселішча было папярэджана, вораг знішчаны. Кажуць, што з тых часоў ніхто не адважваўся ступіць на гэтыя землі. А мясціна стала называцца Празарокамі. І па сённяшні дзень жывуць тут добрыя і
шчырыя людзі.
19 жніўня 2023 года адбылося Свята аграгарадка Празарокі. падчас свята была ўзгадана гісторыя вёскі, яе знакамітыя землякі, сучаныя жыхары, працаўнікі гаспадаркі. Прыемным момантам была прэзентацыя песні "Гімн краіне Празораў“ напісанай на словы Вольгі Дзмітрыеўны Гінько ў выкананні Вольгі Каляда:
Гімн краіне Празораў
Вёску назвалі маю Празарокі
Продкаў далёкія продкі,
Шчодрыя сэрцам, з роду прарокаў...
Шлях жа іх быў несалодкі.
Войнаў, пажараў, крыжоў надмагільных
Тояць абшары святыя.
Памяткай часаў тых незабыўных
Высяцца сёння святыні.
Сёння жывём тут, годна шануем
Скарбы зямлі нашай маткі.
Веру ў заўтра супольна мацуем
Светлых Празораў нашчадкі.
Празарокі, Празарокі,
Мілы сэрцу куточак зямлі.
Нашы сэрцы Празоры
Запалілі ад зораў
І з вандровак няблізкіх
Даў нам талент Буйніцкі.
Тут жывём мы ў дружнай сям’і.
Свята праходзіла ў атмасферы дабразычлівасці і ўзнёсласці, шчырымі і кранальнымі былі словы падзякі ў адрас вяскоўцаў за іх працаздольнасць, адказнасць і жыццялюбства...
У рамках Свята Празароцкая сельская бібліятэка аформіла бібліятэчна-краязнаўчую пляцоўку “Свяцілася вёска з назовам святым -- Празарокі…” Назвай паслужыў радок верша Дануты Бічэль-Загнетавай. На ёй былі прадстаўлены: выстава “Гісторыя нашай вёскі ў фотаздымках” з бібліятэчнымі краязнаўчымі матэрыяламі; фотавыстава “І ажываюць памяці старонкі…”, на якой прадэманстраваны выявы ўжо зніклых, або рэканструяваных помнікаў і будынкаў мястэчка Празарокі; паэтычны вернісаж "Празарокам прысвячаецца..." з вершамі як вядомых паэтаў Дануты Бічэль-Загнетавай, Алеся Жыгунова, Аксаны Спрынчан, Вольгі Гінько і інш, так і са шчырымі замілаванымі “спробамі пяра” колішніх вучняў мясцовай школы.
На бібліятэчна-краязнаўчай пляцоўцы дзейнічала фота-зона, дзе госці свята фатаграфаваліся на памяць аб свяце, аб сустрэчы з аднавяскоўцамі і аднакласнікамі, дзе ўспаміналі аб тым што было, разважалі аб тым што ёсць і меркавалі аб тым, што будзе...



Свята вёскі Празарокі прайшло цудоўна! І мы ўпэўнены, што і ў наступныя 500 год Празарокі будуць на пачэсным месцы ў гісторыі Глыбоччыны!
Бібліятэкар Валянціна Бурэнь 22.08.2023 года.
- 503

