Прэзентацыя альбома "Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны"
"Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны". Прэзентацыя гэтага шыкоўнага альбома адбылася пад час правядзення Бібліяночы-2018 у Глыбоцкай бібліятэцы сямейнага чытання.

Вядучыя прэзентацыі распавялі, што гэтая кніга - першае і ўнікальнае тэматычнае выданне, якое ва ўсёй паўнаце сістэмна прадстаўляе традыцыйнае адзенне жыхароў Віцебшчыны з 18 па пачатак 20 ст.
Выданне прысвечана вядомаму этнографу, краязнаўцу

Мікалаю Нікіфарўскаму. Ураджэнец Суражскага павета Віцебскай губерніі ў канцы 19 ст. першым заняўся вывучэннем народнага касцюма жыхароў паўночнага рэгіёну Беларусі. Таму першымі ў кнізе змешчаны вытрымкі з яго кнігі “Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности”.
Другім радзелам у кнізе прадстаўлены 180 рарытэтаў з даваеннай калекцыі абласнога краязнаўчага музея – фрагменты мяшчанскага касцюма канца 18 – пачатку 20 стагоддзяў – каруны, какошнікі, вянцы і сялянскага касцюма – порты, насовы, капшукі.
Трэці раздел “Этнаграфічная спадчына. Звод помннікаў” дае падрабязнае ўяўленне аб разнастайнасці народнага адзення, спосабах апрацоўкі і аздаблення тэкстылю. Напрыклад, можна даведацца, як выглядае набіваная тканіна, якая прыйшла да нас з Вялікіх Лук Пскоўскай вобласці, ці несшываная спадніца панева, характэрная для поўначы Беларусі, альбо галіфэ, – папулярная мужчынская вопратка, у якой апошнім часам яскрава выступае добра вядомы нам глыбоцкі дудар.
На жаль, на Віцебшчыне не захавалася ні аднаго поўнага камплекту народнага касцюма і ў даследчых колах Беларусі існавала меркаванне, быццам бы наш край страціў свае традыцыйныя рэгіянальныя касцюмы.
Аднак, супрацоўнікі дамоў і цэнтраў рамёстваў вобласці змаглі аднавіць комплексы мясцовых строяў 18-20 ст. Лепшыя ўзоры рэканструкцыі народных касцюмаў шыкоўна ілюструюць кнігу ў чацвёртым раздзеле. Майстрыхі правялі вялікую работу па вывучэнні і аднаўленні традыцыйнага адзення. Рэканструкцыя праводзілася па старадаўніх тэхналогіях апрацоўкі тэкстылю, з выкарыстаннем ручнога ткацтва, аўтэнтычных вышывак, спосабаў аздаблення швоў. Праводзілася значная работа па вывучэнні старых фотаздымкаў, успамінаў доўгажыхароў...

Сярод разынак выдання — карта вобласці ў народным касцюме, дзе кожны з рэгіёнаў прадстаўлены сваім непаўторным строем.
Фота найбольш удалых касцюмаў упрыгожылі кнігу. Цяпер усе жадаючыя могуць даведацца, што нашы продкі надавалі вялікае значэнне вопратцы, у іх быў добры густ і аўтэнтычныя ўборы выглядаюць прывабна і стыльна...
Дапаўняла прэзентацыю выстава фотаздымкаў «Блізкае далёкае». Яе аўтар – Міхась Аракчэеў, мінскі фатограф, графік, дызайнер, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго фотавыставы і праекты – «Людзі адной зямлі», “Распушчу касу па шоўкаваму поясу”, “Адна зямля — адна памяць” займаюць значнае месца ў культуры Беларусі і прадстаўляліся ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь, у Музеі Петруся Броўкі, мастацкай галерэі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

На выставе прадстаўлены вобраз-партрэт жанчыны ў сучасным і нацыянальнім адзенні. Без касметыкі, абцасаў, з натуральным колерам твару, вачэй, вуснаў, валасоў, у прыгожым беларускім адзенні жанчыны набываюць іншае аблічча. Адна становіцца таямнічай, нібы папараць-кветка, другая расквітае, нібыта рамонак ў лузе... Выстава яшчэ дзейнічае ў Бібліятэцы сямейнага чытання і кожны з жадаючых можа пазнаёміцца з ёю.
І ажылі старонкі выдання!.. Увазе гасцей бібліяночы былі прадстаўлены калекцыі строяў Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, якія ўвайшлі ў альбом.







Асобным радком у альбоме ідзе гісторыя жаночага галаўнога ўбору. У залежнасці ад узросту і сямейнага становішча дзяўчаты і жанчыны насілі вяночкі, скіндачкі, чапцы, намёткі, хусткі, шалі... На Глыбоччыне традыцыйна на галаву павязваліся хусткі.
Наступныя старонкі прэзентацыі адкрылі нам таямніцу самага загадкавага і цікавага галаўнога жаночага ўбору – наміткі. Лічыцца, што намітка на Глыбоччыне не існавала. Аднак, даследчыкі сцвярджаюць, што яшчэ ў сярэдзіне 19 ст. на Дзісненшчыне жанчыны намітку насілі. Ужо пазней яна трансфарміравалася ў хустку. Майстар-клас па навіванні наміткі паказала супрацоўнік Глыбоцкага дома рамёстваў Таццяна Карнеева.



Але на гэтым падзея не закончылася. Гасцям бібліятэкі была прадстаўлена жыццярадасная і маляўнічая калекцыя народнага адзення “Глыбоцкія прыгажуні”. Яе ставарылі ўдзельніцы ўзорнага тэатра моды "Аліса". Пад кіраўніцтвам Аксаны Шпакавай дзяўчаты прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе праектна-даследчых работ у намінацыі “Традыцыйная лялька”. Харэаграфіная кампазіцыя была з задавальненнем сустрэта гледачамі.



Прайшло амаль што стагоддзе і ўсе беларусы апрануліся ў “крамнае”. Уменне ткаць, шыць, вышываць, вязаць для жанчыны ўжо стала не абавязковым. Але сярод нашых адукаваных і актыўных сучасніц ёсць такія, пра якіх кажуць: нарадзілася з іголкай і пруткамі ў руках. На нейкім генетычным узроўні ім перадалося спрадвечнае жаноцкае рамяство. І яно робіць іх адметнымі сярод натоўпу іншых жанчын... Мы заўважаем іх адразу, з першага позірку.
Калекцыя “Да, я такая!” была прадстаўлена майстрыхамі-глыбачанкамі. Лёгка, на адным уздыху, яны прадэманстравалі свае работы для розных сезонаў года. У глыбоцкім дэфіле ўдзельнічалі Лілія Мікалаеўна Супко, Татьяна Ждановіч, Эмма Іванаўна Дземідовіч, Тамара Анатольеўна Вайцяховіч, Тамара Вырвіч, Таццяна Цітова, Сафія Міхайлаўна Вісьневска. Паланцін Тамары Вайцяховіч прадставіла Зібарава Алена Мікалаеўна. Фрывалітэ, аўтарскія каралі, брошкі і завушніцы дапаўнялі калекцыю...
Пад бурныя апладысменты навагоднія касцюмы Вольгі Пашковіч прадстаўлялі юныя мадэлі Нікіта Ліхаманаў, Лера Зарэмба, Васіліса і Ксюша Будкіны.







Прэзентацыя выдання "Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны" закончылася "модным паказам”. Але рукам майстрых работы не будзе канца, бо выданне падштурхоўвае да новых ідэй, хутка прыйдзе вясна, а гэта значыць, трэба рыхтавацца да новага "фэшн-сезона" і новага паказу!..
Бібліятэка сямейнага чытання шчыра дзякуе творчаму калектыву Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра рамёстваў Ірыне Грунінай, Святлане Заіка, Алёне Сухаверскай, Ганне Рымдзёнак, што знайшлі магчымасць прыехаць і ўпрыгожыць шыкоўнымі шаркаўшчынскімі касцюмамі нашу прэзентацыю.
Незвычайна рады знаёмству з Міхасём Аракчэевым і яго творчасцю. Вельмі кранула Ваша аднамаментная згода прадставіць свае работы, якія выклікаюць шчырае захапленне наведвальнікаў бібліятэкі!
Шчырыя словы ўдзячнасці даўнім сябрам бібліятэкі - калектыву ўзорнага тэатра моды "Аліса" і яе кіраўніку Аксане Андрэеўне Шпакавай, якія не толькі паказалі прыгожыя касцюмы, але і аздобілі нашае "дэфіле" харэаграфічнай кампазіцыяй.
Дзякуем супрацоўнікам Глыбоцкага дома рамёстваў за бясспрэчную падтрымку ідэі і метадычныя парады - Таццяне Карнеевай, Святлане Кавальчук, Алене Мацюшонак, Лене Міхайлоўскай, Віктару Дудкевічу, Арцёму і Таццяне Фаміным.
Асаблівая падзяка Міхаілу Тарасёнку, Дзмітрыю Шудзелю і Уладзіславу Барыла, якія дапамагалі ствараць гісторыю бібліятэкі ў фотаздымках і відэаматэрыялах! З работамі фатографаў, думаем, знаёмы ўсе глыбачане, якія сябруюць у "Одноклассниках".
Дзякуем дарагім чытачам, якія не пабаяліся цемры і прыйшлі, каб падтрымаць нас сваім сяброўствам і вернасцю!
- 2248

