Шлях у цемры асветліць дабрыня

У клубе “Сучаснік” абмеркавалі тэму валанцёрства

Чарговая сустрэча клуба «Сучаснік» (гэтае аб’яднанне для падлеткаў дзейнічае пры цэнтры прававой інфармацыі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі) адбылася ў рамках Тыдня міласэрнасці “Кропелькай цяпла сагрэем душу”. Таму і тэма для абмеркавання была выбрана адпаведная – “Шлях у цемры асветліць дабрыня”.
Кіраўнік клуба – загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Вырвіч ва ўступным слове крыху расказала пра гісторыю ўзнікнення валанцёрства.
На сустрэчу з удзельнікамі клуба – другакурснікамі Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа – супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі глыбачан, без якіх тэма добраахвотнікаў і валанцёраў не прагучала б так ярка і кранальна.
Першы сакратар Глыбоцкага РК ГА “БРСМ” Дар’я Капшуль на канрэтных прыкладах і з дапамогай медыяпрэзентацыі паведаміла, як прысутныя могуць далучыцца да маладзёжнага валанцёрскага руху на Глыбоччыне.
Пра дзейнасць дабрачыннай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, пра яго магчымасці і рэальныя справы, асабліва пра клопат аб пажылых людзях, удзельнікам пасяджэння даступна і эмацыянальна расказалі старшыня арганізацыі Ірына Анатольеўна Кучарава і кіраўнік валанцёрскай групы “Дабрыня”, аўтар сумеснага з раённым музеем праекта “Свет з цікавасцю адкрываецца” Алена Мікалаеўна Зібарава.
Трэба ўдакладніць, што валанцёрствам у каледжы таксама займаюцца і на працягу многіх гадоў, чым і дзялілася з гасцямі сустрэчы моладзь разам са сваім кіраўніком Таццянай Альбертаўнай Буката.
На развітанне – падаруначкі ад Чырвонага Крыжа і знаёмства з выставай тэматычных кніг “Рабі дабро”. І, канешне, сумеснае фота. Дарэчы, усе прысутныя зацікавіліся ўзаемным супрацоўніцтвам!






Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Глыбоцкай ЦРБ.
- 281

