Папярэдні тыдзень у Шунеўскай бібліятэцы быў прысвечаны Дню бібліятэк Беларусі

Папярэдні тыдзень у Шунеўскай бібліятэцы быў прысвечаны Дню бібліятэк Беларусі. Для юных чытачоў была створана паліца-цікавінка “Кніжка з начынкай”. На ёй
размяшчаліся кнігі не толькі з цікавым зместам і ілюстрацыямі, а з “начынкай” – кнігі з дапамогай мабільнага дадатка маглі размаўляць, ажывалі некаторыя малюнкі, звесткі дапаўняліся відэаролікамі. Зацікавіць паліца магла як хлопчыкаў, так і дзяўчынак, як малодшых школьнікаў, так і старэйшых. Нават многія дарослыя не праходзілі міма.
Многія чытачы на працягу тыдня ахвотна прымалі ўдзел у стварэнні квілта “Бібліятэка маёй мары”. Мары, трэба сказаць, былі як звычайныя - больш чытачоў, новых кніг, вялікага заробку, так і неардынарныя – бібліятэка працуе як маркетплэйс (пазнаёміўся з фондам кніг і іх зместам дома на канапе, зрабіў заказ у бібліятэку і атрымаў яго), многія мараць пра кафэ ў бібліятэцы, была прапанова аб’яднаць бібліятэкі з паліклінікамі, каб палячыць адразу і цела, і душу і шмат іншага.
Традыцыйна ў Дзень бібліятэк становяцца чытачамі першакласнікі. Для іх прайшла экскурсія «Чтобы опыт накопить, я хочу ЧИТАЙкой быть». Ім было ўсё цікава: і колькасць кніг у бібліятэцы, і выставы, і кніжкі з “начынкай”, часопісы і газеты для іх узросту. Дзеці ахвотна выбіралі сабе кніжкі, слухалі пра правільныя адносіны да іх, памераліся сіламі, патрымаўшы самыя цяжкія энцыклапедыі, паўдзельнічалі ў невялікай віктарыне пра Беларусь.
“ Кніга — гэта самая вялікая ў свеце скарбніца, якая захоўвае ў сабе багацце ўсіх народаў. Кніга яшчэ і машына часу, якая можа паведаць аб мінулым, расказаць аб цяперашнім, падказаць будучыню. Давайце павернемся да кніг, палюбім іх, як і раней, а яны нам абавязкова аддзячаць.”
С.Мядзведзева
Заг. бібліятэкі І. Нікіфаровіч
- 337

