Раіса Баравікова: «Часопіс дапамагаў жанчынам стаць асобамі»

Сёлета часопіс «Алеся» адзначыць юбілей — 100 гадоў з дня выхаду першага нумара.
У савецкі перыяд тыраж «Работніцы і сялянкі» складаў паўтара мільёна экземпляраў, а выпісвалі яе па ўсім СССР. Сваімі ўспамінамі пра выданне і яго тэматыку, пра легенду беларускай журналістыкі — Марыю Карпенка і пра іншае дзеліцца Раіса Баравікова — паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Раіса Баравікова.
Інтэрв’ю з Канстанцыяй Буйло
Супрацоўніцтва з «Работніцай і сялянкай» для мяне пачалося, калі адзначаўся 80-гадовы юбілей паэткі Канстанцыі Буйло. Галоўны рэдактар часопіса Марыя Карпенка звярнулася да мяне, бо я мела шчасце быць добра знаёмай з Канстанцыяй Антонаўнай: «Ці не возьмецеся з’ездзіць у камандзіроўку ў Маскву і падрыхтаваць для нас матэрыял?»
З вядомай паэткай я пазнаёмілася ў час маёй вучобы ў Літаратурным інстытуце. Аднойчы я, студэнтка, патэлефанавала Канстанцыі Антонаўне. Паэтка адразу ж запрасіла мяне ў госці ў сваю кватэру на Ціхвінскім завулку, дзе да вайны двойчы бываў Янка Купала — рэдактар яе першай кнігі «Курганная кветка». Не раз я наведвала Канстанцыю Буйло.
Канешне, я з задавальненнем адгукнулася на прапанову і з’ездзіла ў Маскву. Мой матэрыял быў апублікаваны ў «Работніцы і сялянцы».
А ў пачатку 90-х Марыя Іосіфаўна запрасіла мяне ў часопіс на працу.
Легенда беларускай журналістыкі
Марыя Іосіфаўна Карпенка кіравала часопісам на працягу амаль трыццаці гадоў. Несумненная яе заслуга: у савецкі час тыраж выдання сягаў за мільён экземпляраў. Выпісвалі яго па ўсім СССР. І было за што. «Работніца і сялянка» вызначалася адметнымі журналісцкімі матэрыяламі, цікавымі публікацыямі на розныя тэмы. А Марыя Іосіфаўна была не толькі таленавітым прафесіяналам, але і вядомым у краіне і за яе межамі грамадскім дзеячам. Яна была ў Камітэце савецкіх жанчын, уваходзіла ў прэзідыўм многіх грамадскіх арганізацый рэспублікі. У канцы 80-х была абраная народным дэпутатам СССР, па яе ініцыятыве як дэпутата было прынята рашэнне прадастаўляць савецкім жанчынам-маці трохгадовы аплочваемы адпачынак па доглядзе дзіцяці. Двойчы Марыя Іосіфаўна прымала ўдзел у рабоце беларускай дэлегацыі на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН.
І чалавекам Марыя Іосіфаўна была цудоўным — ветлівым, зычлівым. У яе варта было павучыцца і прафесійнаму майстэрству, і жыццёвай мудрасці. Ёсць меркаванне, што ў жаночых калектывах абавязкова здараюцца канфлікты, але нашу рэдакцыю гэта абмінула. Пры Марыі Іосіфаўне мы былі як адна сям’я, дзяліліся сваімі турботамі і радасцямі.
У часопісе я працавала каля дванаццаці гадоў. Спачатку загадчыкам аддзела культуры, потым намеснікам Марыі Карпенка, з 2000-га па 2002 — галоўным рэдактарам. З Марыяй Іосіфаўнай мне працавалася камфортна і спакойна. Яна не баялася высокага начальства: калі трэба было вырашыць нейкае складанае пытанне «наверсе», паспяхова з гэтым спраўлялася.
Адзначу і знешнюю прывабнасць Марыі Іосіфаўны — яна заўсёды апраналася з густам, мела прыгожую прычоску.
Пра культуру, сям’ю і выхаванне
Часопіс узнімаў праблемы працоўных жанчын, надавалася ўвага сямейнаму выхаванню і культуры, друкаваліся паэзія і проза. За перыяд працы я зрабіла гутаркі з многімі вядомымі людзьмі: Анатолем Ярмоленкам, Міхаілам Пташуком, Якавам Навуменкам, беларускімі спявачкамі, актрысамі, мастачкамі.
Падпісчыцы чакалі нашу «Святліцу», дзе друкаваліся рэцэпты розных страў. Вельмі запатрабаваныя былі выкрайкі адзення, якія выходзілі ў кожным нумары. У той час у многіх была швейная машынка, жанчыны ахвотна шылі, вязалі, вышывалі.
«Чытайце па-беларуску!»
Часам некаторыя пытаюцца: як часопіс мог мець мільённы тыраж па ўсім СССР пры тым, што выходзіў на беларускай мове? Раскажу два выпадкі.
У гонар 75-гадовага юбілею вядомага пісьменніка Міхаіла Шолахава ладзіўся тыдзень савецкай літаратуры на Растоўшчыне. Саюз пісьменнікаў СССР скіраваў мяне для ўдзелу ў мерапрыемстве. Я ўзяла з сабою пераклады сваіх вершаў на рускую мову, але ў станіцах людзі запатрабавалі, каб чытала арыгіналы: «Мы любім беларусаў і хочам чуць беларускую мову!»
І яшчэ выпадак. На 100-годдзі з дня нараджэння Ганны Ахматавай на Камароўскіх могілках, ля магілы паэтэсы я прачытала свае пераклады вершаў паэткі на беларускую мову. І якое захапленне было! Да мяне падыходзілі, казалі, што Ахматава неверагодна прыгожа гучыць па-беларуску.
Таму не варта здзіўляцца, што беларускамоўны часопіс выпісвалі па ўсім Саюзе. СССР быў адзінай краінай, ва ўсіх яе куточках да беларусаў, іх культуры ставіліся з прыязнасцю. Нас многае аб’ядноўвала: усе савецкія людзі перажылі страшную вайну, усе аднаўлялі краіну пасля.
У 1991-м СССР распаўся, і для «Работніцы і сялянкі» надышлі складаныя часы. Тыраж выдання скараціўся ў шмат разоў, стала цяжка выжываць. Але дзякуючы вопыту і жыццёвай мудрасці Марыі Іосіфаўны пытанні вырашаліся.
Рэдактарская праца
«Алесю» я ўзначальвала на працягу двух гадоў. Часопіс тады не быў падобны да сённяшняга. Ён выдаваўся на газетнай паперы, быў чорна-белы. Газета «Советская Белоруссия» выходзіла з каляровымі фотаздымкамі, і ў мяне з’явілася ідэя перавесці на каляровы друк нашу ўкладку з кулінарыяй і парадамі для жанчын. Так і зрабілі. Я вельмі хвалявалася, ці атрымаецца, але ўсё ўдалося. Часопіс займеў больш прывабны выгляд, павысіўся тыраж. А потым мы дабіліся, каб «Алеся» цалкам друкавалася ў колеры.
Неўзабаве мяне запрасілі на пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Прапанову я прыняла, бо хацелася цалкам звязаць сябе з літаратурай.
«Часам адчувала жаданне маляваць»
Для кожнай жанчыны важна раскрыцца як асобе, адчуць сябе ўпэўнена ва ўсіх жаночых іпастасях. А іх шмат: член грамадства, маці, гаспадыня, жонка... І наш часопіс у гэтым дапамагаў — і чытачкам, і нам, яго супрацоўніцам. Прыкладам, калісьці з мяне, паэткі, быў кепскі кулінар. Працуючы ў «Алесі», я не толькі фатаграфавалася за гатаваннем для нашых кулінарных старонак, але і пачала збіраць цікавыя рэцэпты і змагла парадаваць смачнымі стравамі сям’ю — мужа і дваіх дзяцей.

Фота для кулінарных старонак часопіса.
Робячы інтэрв’ю з творчымі людзьмі, я пагружалася ў іх лёсы, чым пашырала свой уласны кругагляд, адкрывала ў сабе нешта новае, нечаканае. Часам, пабываўшы ў майстэрні мастака ці мастачкі, нават адчувала жаданне маляваць!
Напісала гімн «Беларусбанка»
Часопіс цесна супрацоўнічаў з Беларускім саюзам жанчын, які ўзначальвала ў той час Старшыня праўлення «Беларусбанка» Надзея Андрэеўна Ермакова. Ад яе, мудрай і далікатнай, сыходзіла неверагодная чалавечая цеплыня і непаўторная жаноцкасць. Пры тым яна несла на сваіх плячах вялікую адказнасць. Надзея Андрэеўна ніколі не адмаўляла «Алесі» ў добрай парадзе, калі мы па яе звярталіся.

Калектыў часопіса “Алеся” ў 90-я гады.
Калі «Беларусбанк» рыхтаваўся адзначыць 80-годдзе, мне прапанавалі напісаць гімн гэтай установы. Аўтарам музыкі стаў вядомы кампазітар Леанід Захлеўны.
Нечаканы і прыемны працяг гэтай гісторыі адбыўся праз 20 гадоў, калі «Беларусбанк» адзначаў 100-годдзе. Мяне і Леаніда Захлеўнага як аўтараў гімна ўстановы запрасілі атрымаць медаль, выпушчаны да яе 100-годдзя. У абноўленым музеі «Беларусбанка» я была прыемна ўражаная: убачыла там вялікую, у поўны рост, фігуру народнага паэта Янкі Купалы, які быў першым укладчыкам банка ў далёкія 20-я гады мінулага стагоддзя.
Алена БРАВА
Фота з асабістага архіва Раісы Баравіковай
Змешчана 06.07.2024 14:22
- 494

