Якія жанры сёння найбольш папулярныя і перспектыўныя ў літаратуры?

На гэта вам адкажа Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ, журналістка газеты "Звязда" .
Сучасная беларуская літаратура шматгранная: фантастыка і гісторыя, любоўныя і авантурныя раманы, дэтэктывы і трылеры ды шмат іншых жанраў. Чытачу прадстаўлены велізарны выбар як на паліцах кнігарань і бібліятэк, так і на маркетплэйсах. Аднак якія жанры сёння найбольш папулярныя і перспектыўныя ў літаратуры? Якія творы ў топе продажу? Якія новаўвядзенні ўносяць маладыя пісьменнікі і з якімі праблемамі сутыкаюцца падчас выдання кніг? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас прэс-канферэнцыі «Сучасныя аўтары і новае дыханне літаратуры».

Фота: belkniga.by
Літаратура ва ўсе часы выхоўвала наступныя пакаленні, прывучала да сумленнага жыцця, узрошчвала зерне мудрасці і проста дазваляла з задавальненнем правесці вольны час. Таму намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Уладзімір Мосін адзначыў, што адным з прыярытэтных кірункаў сёння з’яўляецца выданне дзіцячай літаратуры, якая на сучасным этапе ўдасканальваецца і адаптуецца пісьменнікамі пад патрэбы не толькі часу, але і аўдыторыі. Сярод тэндэнцый ён вызначае інтэрактыўнасць і павышаны інтарэс да твораў з патрыятычнай накіраванасцю. Тут можна вылучыць кнігі «Буйніцкае поле: «...застацца і памерці» Мікалая Барысенкі, «Равеснікі Маладой Беларусі» Алены Пасюты, «Ведаем, ганарымся!»: вядомыя людзі Беларусі ў партрэтах і нарысах» Ірыны Аўсеп’ян.
А, напрыклад, у выдавецтве «Беларусь» штогод выходзяць кнігі па гісторыі, этнаграфіі, краязнаўстве, зборнікамі выпускаецца мастацкая літаратура. Падтрымліваюць тут і маладых пісьменнікаў. Маладому аўтару сёння можна знайсці нішу, на якой ён зможа сябе рэалізаваць, бо пакуль не так шмат пісьменнікаў, якія пішуць слушныя творы для падлеткаў і моладзі.
Прадстаўніком маладзёжнай літаратуры на сустрэчы выступіла аўтар кніг «Мінская містыка» і «Аватары тэатра» Улада Альхоўская. Пісьменніца пераканана, што тэма маладзёжнай і падлеткавай літаратуры вельмі запатрабавана, бо менавіта маладыя людзі больш востра рэагуюць на змены, якія адбываюцца ў нашым хуткаплынным свеце. А кнігі дазваляюць прымераць на сябе розныя ролі, пражыць не адно жыццё, а пасля ўжо выбраць сваю дарогу і прайсці яе з разуменнем тых эмоцый, з тым вялікім вопытам, без памылак. Аўтар таксама расказала, як праходзіў працэс выдання кніг:
«Я друкавалася ў Расіі. Але „Мінскую містыку“ мне вельмі хацелася выдаць менавіта ў Беларусі, і даведалася пра конкурс „LіtUP“, які ўжо некалькі гадоў праводзіць Міністэрства інфармацыі, і вынікам майго ўдзелу ў ім стала выданне „Мінскай містыкі“. І „Аватары тэатра“. Яны былі настолькі смелым праектам, што я пабаялася ісці адразу ў выдавецтва, таму таксама вырашыла спачатку падацца на конкурс...»
Аднак выдаць сваю кнігу можна не толькі праз удзел у конкурсе. Анжэла Садоўская, загадчык аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь», адзначае, што ім амаль штодня паступаюць творы на разгляд і ў электронным фармаце, і ў друкаваным выглядзе: «Пішуць людзі рознага ўзросту на розныя тэмы. Усе творы мы разглядаем, а тыя, якія напісаны таленавіта, адпавядаюць патрэбам часу і якія будуць запатрабаваны ў чытачоў, маюць шанц быць бясплатна надрукаванымі ў найстарэйшым выдавецтве краіны».
Маладому пісьменніку варта памятаць, што выхад кнігі не адбываецца без маніторынгу чытацкага попыту і мэтазгоднасці яе выдання з эканамічнага пункту гледжання. Па гэтай прычыне сёння даволі цяжка рэалізаваць тыраж праз кошт ужо гатовай кнігі. Таму вельмі многае залежыць ад аўтара, ад яго ўмення прасоўваць сваю творчасць. Калі пісьменнік актыўны ў сацыяльных сетках — гэта дапамога выдавецтву, добры піяр, без якога не абысціся.
Менавіта па прычыне складанасці выдання ўласнай кнігі маладых творцаў сёння прымаюць у Саюз пісьменнікаў па публікацыях у літаратурных часопісах і газетах. Аднак шэраг праблем з публікацыяй уласных твораў на старонках літаратурных выданняў быў выяўлены рэдактарам аддзела паэзіі штотыднёвай газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнедам Махалоўскім. Па яго словах, сёння можна назіраць велізарны адток рускамоўных пісьменнікаў у Расію, бо, нягледзячы на вялікую колькасць спецыялізаваных выданняў, яны не могуць змясціць у сябе ўсіх творцаў. Так губляецца шмат маладых і таленавітых пісьменнікаў, якія пачынаюць лічыцца расійскімі. Таксама адной з праблем Рагнед Малахоўскі лічыць падпарадкаванне маладых творцаў масавай культуры. Паэт перакананы, што галоўная задача пісьменнікаў — спасцігаць глыбіню нацыянальнай літаратуры і пазбягаць прымітыўных густаў. Асабліва тое датычыцца таленавітай творчай моладзі, якая заступае на змену старэйшаму пакаленню, пракладвае новыя сцежкі ў майстэрстве, шукае свайму слову індывідуальнае гучанне.
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ
Загаловак у газеце: Моладзь дае новае дыханне літаратуры
- 477

