Адкрываем для нашых чытачоў беларускі дэтэктыў

Лютаўская “Выстава аднаго жанру”, якая экспануецца на абанеменце Глыбоцкай ЦРБ прысвечана дэтэктыву, аднаму з самых любімых жанраў нашых чытачоў. Толькі знаёмім мы іх з беларускімі аўтарамі-дэтэктыўшчыкамі. Таму і назва экспазіцыі гучыць адпаведна – “Адкрый для сябе беларускі дэтэктыў”.
А першым, хто паспрабаваў напісаць дэтэктыў па-беларуску, – вядомы ўсім Уладзімір Караткевіч. Талент яго раскрыўся ў жанры гістарычнага дэтэктыва.
Напісаная ім у 1958 годзе аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" (апублікавана ў 1964 годзе) тагачаснымі крытыкамі параўноўвалася па сюжэтнай схеме з вядомай аповесцю А. Конан Дойла "Сабака Баскервіляў". Кніга на нашай выставе займае цэнтральнае месца.
Цікава, што пры першым знаёмстве са сваёй будучай жонкай Валянцінай, тая яму сказала: «Раз вы пісьменнік, чаму б вам не напісаць дэтэктыў, напрыклад такі, як “Дзікае паляванне караля Стаха”. Яна чытала раман у часопісе "Маладосць", але не звярнула ўвагі, хто аўтар. Уладзімір засмяяўся: "Дык гэта ж я напісаў!", што прывяло Валянціну ў збянтэжанасць. Яна ўвогуле вельмі любіла дэтэктывы, і ўжо калі яны пажаніліся, Караткевіч нават казаў: «Дэтэктывы я пішу для жонкі!». І гэта трэба правільна зразумець, бо ў той час напісанне дэтэктываў лічылася малапрэстыжным заняткам, вялікім попытам карысталіся вострасюжэтныя аповесці.
І фактычна менавіта Валянціна ўгаварыла напісаць Уладзіміра «Чорны замак Альшанскі» (1979 г.), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць гадоў таму, з удзячнасцю». І Караткевіч быў шчыра здзіўлены, калі ў кнігарнях за кнігай выстройваліся чэргі, а задаволеная Валянціна сказала: "Ён – мой рыцар, ён падарыў мне замак!"
Дарэчы, і гэтую кнігу вы знойдзеце ў экспазіцыі. Раім пазнаёміцца з ёй, калі яшчэ не чыталі, хаця гэтыя творы ў нашай бібліятэцы папулярныя заўсёды.
Папулярнасцю ў глыбоцкіх чытачоў карыстаюцца і выданні ў жанры дэтэктыва былога супрацоўніка крымінальнага вышуку, генерал-лейтэнанта Мікалая Чаргінца, які ў беларускую літаратуру ўвёў так званы міліцэйскі дэтэктыў. Першая яго кніга выйшла яшчэ ў 1973 годзе. Заслугоўвае ўвагі яго зборнік дэтэктыўных аповесцей "Служба дні і ночы" (1981 г.), заснаваная на рэальных падзеях. Знакамітыя раманы Чаргінца "Вам – заданне" (1982 г.), "За секунду да выстралу" (1983 г.) перавыдаюцца да сённяшняга часу, а частка яго твораў экранізавана.
Шмат гадоў правёў на аператыўнай рабоце і Віктар Праўдзін, дэтэктывам якога ўласцівы дынамічны сюжэт, таямніцы, якія раскрываюцца ў фінале, што і можна бачыць у яго аповесці «Боль (Споведзь міліцыянера)» (1996 г.), альбо ў рамане "Вяртанне з апраметнай" (1999 г.).
Працягвае найлепшыя традыцыі Караткевіча ў жанры гістарычнага дэтэктыва Людміла Рублеўская, як і Анатоль Разановіч. Так, сюжэт яго рамана «Отшельник» (2011 г.) разгортваецца на фоне гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў 1930-80 гады. А асновай рамана “Охотник за искусством” (2012 г.) паслужыла рэальная гісторыя, звязаная са скарбам – залатымі ўпрыгожваннямі скіфаў, прывезенымі адным журналістам у Мінск.
На выставе змешчаны і дэтэктывы Вольгі Тарасевіч. У аснове большасці яе вострасюжэтных дэтэктываў – расследаванні, якія нязменна прысвечаны артэфакту – прадмету мастацтва. Яе раманы – «Без чайных цырымоній» (2006 г.), «Каралі Атона» (2007 г.), «Анёл Шагала, які плача» (2007 г.), «Крыж Ефрасінні Полацкай» (2007 г.).
Карыстаюцца папулярнасцю ў нашых чытачоў і дэтэктывы Сяргея Клімковіча, Сяргея Трахімёнка, Леаніда Маракова, іншых аўтараў, чые кнігі мы прапаноўваем на выставе.
Адным словам, многія з наведвальнікаў абанемента Глыбоцкай ЦРБ адкрыллі для сябе беларускі дэтэктыў. Хто яшчэ не паспеў – самы час! Мы і кнігі для вас выбралі!
Дарэчы: каб даведацца, які жанр кнігі вам падыходзіць, прайдзіце тэст ад ЯСИА і даведайцеся, што вам будзе цікавей чытаць!
Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Глыбоцкай ЦРБ.
- 636

