Вера Вярба “Пакуль жыву, цябе кахаю, пакуль кахаю — я жыву...”

Вера Вярба (1942—2012)— адна з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс (разам з Е. Лось, Я. Янішчыц, Н. Мацяш, Т. Бондар, Р. Баравіковай, Г. Каржанеўскай і інш.), якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.
Сапраўднае імя — Гертруда Маркава (Сакалова па мужу). Узяць псеўданім Вера Вярба паэтку вымушыла сур'ёзная пасада ў Дзяржкамітэце Савета Міністраў БССР па друку. Вера — таму, што Вера Харужая для паэтэсыстала пуцяводнай зоркай, якой прысвяціла некалькі твораў, у тым ліку паэма «Каліна». Другой часткай — Вярба, — стала назва дрэва. У беларускім фальклоры вярба з’яўляецца сімвалам смутку. У творчасці В. Вярбы сімволіка гэтага дрэва прадвызначыла яркія адметнасці яе лірычнага слова – сувязь з роднымі каранямі, народна-песенную аснову і самотна-шчымлівы, пяшчотны настрой.
Першыя вершы Веры Вярбы з'явіліся ў друку, калі ей было ўсяго 16 гадоў. Паэт Мікола Аўрамчык успамінаў, што ўжо ў 8-м класе здзіўляла ўсіх сваім паэтычным талентам, любіла жартаваць і кпіць з паэтаў-хлопцаў, была дзёрзкая і свабодалюбівая.
Першую кнігу «Вочы вясны» выдала ў 20 год (1962), якая была высока ацэненая крытыкамі.
Верш «Ручнікі» – з першага зборніка стаў словамі пенсні, музыку да якіх напісаў выкладчык Полацкага педагагічнага вучылішча М.Пятрэнка. Пазней песня ўвайшла ў рэпертуар «Песняроў», палюбілася слухачам і стала па-сапраўднаму народнай. Нават часам на канцэртах вядучы аб’яўляў: «„Ручнікі“. Словы і музыка народныя». Так пазначалася і ў праграмках.
Вера Вярба выклікала захапленне. Генадзь Бураўкін прыгадваў: «Я памятаю прыход Веры Вярбы ў нашу паэзію. Не заўважыць гэтага прыходу нельга было, бо Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу ж былі непадобныя да іншых. Акрамя відавочнага таленту, у іх была жаноцкасць, тая жаноцкасць, якой вельмі і вельмі не хапала беларускай паэзіі навогул і, у прыватнасці, творчасці паэтак. Яна стала вельмі хутка вядомай…».
Стаўшы вядомай у дваццацігадовым узросце, Вера Вярба на далейшым творчым шляху сустрэла выпрабаванні. Яе часам абвінялі за тое, што шмат увагі надавала «шчырай гарачай лірыцы», была «адарвана ад вялікіх праблем сённяшняга дня». Толькі ў 1982 г. літаратуразнаўца Т. Чабан змагла максімальна наблізіцца да раскрыцця таямніцы таленту В. Вярбы.
Паэтэса доўгі час жыла сярод шахцёраў Салігорска. Напісала пра іх нарысы ў прозе. Займалася перакладчыцкай дзейнасцю. Самым прыкметным і плённым стаў яе пераклад на беларускую мову аповесці Р. Фраермана “Дзікі сабака дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне” (1975). Цікавы факт, што ўласную кнігу “Снежная горка” на рускую мову яна пераклала сама.
Вельмі любіла, калі яе паэтычныя зборнікі аздабляў мастак Арлен Кашкурэвіч
Параўноўваючы працу празаіка і паэта, рабіла выснову, што празаічныя творы пісаць куды больш складана, чым вершы.
Вера Вярба не пакінула аўтабіяграфіі, яна перастала пісаць вершы задоўга да таго, як пайшла з жыцця. Апошні зборнік паэткі выйшаў у сярэдзіне 90-х. “Людям сейчас не до поэзии, — казала Гертруда Пятоўна, — ушло то время, когда стихотворения читали, заучивали наизусть, декламировали, когда послушать поэта собирались целые залы людей. Теперь читатель стал другим…”

Вам пісьмы пісаць не буду –
Чытайце вершы мае.
На пісьмы не хопіць мужнасці
І часу так не стае.
У пісьмах больш афіцыйнасці,
А значыць, менш пачуцця,
У пісьмах баюся пільнасці,
Старонняга выкрыцця.
Відаць, на вяку адмерана
Каханне маё бядой,
На пісьмы не хопіць вернасці
Ў мяне, такой маладой.
А вершы лёгка складаюцца
У самы кароткі час,
А вершы ў свет дасылаюцца
Нібыта зусім не для вас.
Дык будзьце ж у строгай важнасці
Да шчырасці ласкавей.
Чакайце, чытайце ўважліва,
Як пісьмы, вершы мае.
Вера Вярба
- 1236

