Мацюшонак Эдуард Уладзіміравіч, мастак з Глыбоччыны

Напачатку сакавіка адзначыў юбілей Эдуард Мацюшонак, ураджэнец Глыбоччыны, вілейскі мастак.
Эдуард Уладзіміравіч нарадзіўся 7 сакавіка 1958 года ў вёсцы Мнюта-2 Глыбоцкага раёна. Выпускнік Суклінскай васьмігадовай школы вучыўся ў Віцебскім станка-інструментальным тэхнікуме , адкуль быў прызваны ў армію.
Пасля службы закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскіага педагагічнага інстытута. З 1984 года жыве і працуе ў Вілейцы ў СШ №2 (цяпер гімназія №1 “ЛОГАС”) настаўнікам сусветнай мастацкай культуры і выяўленчага мастацтва. Кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва “ВЯСЁЛКА” у мясцовай гімназіі.
Жыццёвае крэда: “Кожнае імгненне, як і душа, непаўторнае. Беражы гэта”.
З 1986 года вядзе актыўную творчую дзейнасць. Прымае ўдзел у рэспубліканскіх маладзёжных выставах (Мінск), у Рэспубліканскай мастацкай выставе “Экалогія” (Мінск), у выставе, прысвечанай 100-годдзю В. Стрэмінскага (Вілейка). У 1989 годзе прыняты ў Маладзёжнае аддзяленне пры Саюзе мастакоў СССР. З 1984 года ў Вілейцы працуе гарадская студыя выяўленчага мастацтва, якой кіруе ўсе гэтыя гады Э. Мацюшонак.
Персанальныя выставы пачынаючы з 1986 года праходзілі ў Вілейцы, Мінску (2018), Глыбокім (2015, 2017), Мядзеле, Паставах, Петрапаўлаўску-Камчацкім, Гютэрслове (Германія), Смаргоні (2022). У 2019 годдзе ў Прэзідэнтскай бібліятэцы дзейнічала выстава «До′ма». Творы мастака ёсць у прыватных калекцыях як у нашай краіне, так і за яе межамі.
Галоўная тэма творчасці мастака – родная бацькоўская зямля і філасофія жыцця на гэтай зямлі. Цераз пяшчоту і прыгажосць ідзе пошук шляхоў паразумення і еднасці людзей паміж сабой, еднасці паміж людзьмі і прыродай. Тэматычная і сюжэтная разнастайнасць твораў – сведчанне глыбіні пачуццяў, здольнасць бачыць прыгажосць і веліч у звыклых простаму воку матывах.




У 2019 годзе, падчас правядзення на Глыбоччыне рэгіянальнага фэсту дударскіх рэгіёнаў "Дударскі фэст", прадставіў сваю работу "Дудар", якая пазней стала аздабленнем вокладкі ўнікальнага выдання "Дудары Глыбоцкага краю".


Эдуарду Мацюшонку, па яго прызнанню, больш падабаецца працаваць у тэхніцы алейнага жывапісу. Личыць, што свае пачуцці ён лепш выказвае ў колеры, хоць ёсць у яго і графічныя працы. Але адлюстроўваць стан душы ў чорна-белых танах з дапамогай розных ліній - цяжка.
Творы Эдуарда Мацюшонка размешчаны ў многіх дзяржаўных і прыватных калекцыях у нашай краіне і за яе межамі. Мастак заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку.
- 449

