Таленавітыя людзі Ломашаўскай старонкі

Ломашы. Калісьці гэтая вёска была вядома як цэнтр калгаса імя Ціміразева, які быў першым у раёне па вытворчых паказчыках. Ломашаўская бібліятэка і цэнтр культуры былі лепшымі і на іх раўняліся ўстановы культуры раёна. Ломашаўская СШ ганарыцца сваімі выпкускнікамі...
Жыццё ідзе, перамены закранаюць усе сферы жыцця - рэфарміруецца гаспадарка, менее працаўнікоў, вучняў, чытачоў, гледачоў ... Аднак, на таленты Ломашы не бяднеюць. Давайце знаёміцца - творчыя людзі Ломашаўскай старонкі!


Арлова Алена Мікалаеўна
Нарадзілася 2 сакавіка 1984 г. у в. Галубічы Глыбоцкага раёна. Закончыла Галубічскую СШ (1999), Полацкі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга педагагічны каледж імя Ф. Скарыны (2003 г.). Па размеркаванню накіравана ў Ломашаўскай сярэднюю школу, дзе і працуе настаўніцай пачатковых класаў. У 2006 г. выйшла замуж, нарадзіла сыноў – Данілу і Рамана.
У 2014 г. зацікавілася пляценнем з папяровай лазы. Першыя спробы аказаліся няўдалымі, аднак, настойлівасць Алены Мікалаеўны прывялі да таго, што ў 2018 г. яна ўжо праводзіла майстар-клас для ўдзельнікаў жаночага клуба “Чараўніца” Ломашаўскага цэнтра культуры.
Тэхніку рамяства Алена Мікалаеўна асвойвала праз інтэрнэт. Па яе словах, сам працэс пляцення цікавы і не вельмі складаны. А вось падрыхтоўка матэрыялу і далейшая яго апрацоўка патрабуюць шмат часу і сіл. Свайму захапленню жанчына прысвячае кожную вольную хвілінку і імкнецца ўдасканальваць свае работы.
Вырабы стварае для ўласнага задавальнення. Удзельнічае ў выставах мясцовага маштабу.


Вайцяховіч Дар’я Мікалаеўна
Нарадзілася 16 чэрвеня 1981 г. у в. Мярэцкія Глыбоцкага раёна. Праз два гады бацькі Дар’і Мікалаеўны вяртаюцца на сваю малую радзіму, у вёску Ломашы. Пасля заканчэння Ломашаўскай сярэдняй школы, Дар'я ў 1998 г. паступіла на факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Працавала ў СШ № 8 Полацка, выйшла замуж, вярнулася ў в. Ломашы. Нарадзіла двух дзетак – сына Данііла і дачушку Ульяну. Зараз працуе выхавацелем дашкольнай групы ДУА “Ломашаўская дз/с – БШ”.
Здольнасць да вышывання перадалася ад бабулі - Кімы Казіцкай, якая ўсё жыцце вышывала прыгожыя кветкі. Непасрэдна вышываннем Дар’я Мікалаеўна захапілася ў 2011 г.. Займаецца самастойна па часопісах і кнігах. Валодае рознымі відамі тэхнікі – крыжык, гладзь, вышыўка бісерам. Актыўна ўдзельнічае ў выставах і кірмашах народнай творчасці.
Ёсць у Дар’і Мікалаеўны яшчэ адно захапленне – выпечка. Пры ўсёй сваёй занятасці яна часта радуе блізкіх і родных смачнымі булачкамі, бісквітамі, пірагамі, тартамі.


Гаўрыльчык Юлія Васільеўна
Нарадзілася 4 красавіка 1986 г. у в. Ломашы Глыбоцкага раёна. У 2001 г., пасля заканчэння 9 класаў Ломашаўскай СШ, паступіла ў Полацкі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга педагагічны каледж імя Ф. Скарыны. У 2014 г., скончыла юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. З 2004 г. працуе ў Ломашаўскай СШ педагогам-арганізатарам, з 2016 г. – настаўнікам абслуговай працы.
У 2012 г. выйшла замуж. Нарадзіла дачку Віталіну і сына Святаслава.
З 2009 г. захапілася бісернай фларыстыкай. Займаецца самастойна, пры дапамозе інтэрнэта. Актыўна ўдзельнічае ў выставах і кірмашах народнай творчасці.
За дзесяць гадоў працы майстар мае аўтарскія вырабы і ўласны лагатып, размяшчае свае майстар-класы ў сацыяльных сетках. З’яўляецца настаўнікам бісернай фларыстыкі на форуме “Радуга Рукоделий” (http://biseroclub.forum2x2.ru/).
Ёсць у Юліі Васільеўны яшчэ адно захапленне – вязанне кручком мяккіх цацак.



Дубоўская Марыя Фёдараўна
Нарадзілася 27 чэрвеня 1950 г. у в. Забалацце Міёрскага раёна. У гэтым жа годзе бацькі Марыі Фёдараўны пераязжаюць у в. Ломашы Глыбоцкага раёна.
У 1971 г. выйшла замуж і пераехала ў Полацкі раён. Нарадзіла двух дзяцей. Працавала загадчыкам Лесаўскага сельскага клуба і Лесаўскай бібліятэкі. З 1985 г. жыве ў Полацку. У 1990 г. скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, працавала загадчыцай Казьянкаўскай сельскай бібліятэкі.
Вышыўкай захапілася ў 2000 г. Займалася на курсах у Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і самастойна па часопісах і кнігах. З’яўлялася ўдзельніцай народнога клуба “Майстар”. Актыўна ўдзельнічае ў выставах і кірмашах народнай творчасці. Валодае рознымі відамі тэхнік – крыжык, сакаленне і гафт. Больш за ўсё падабаецца вышыванне крыжыкам сюжэтных кампазіцый з адлюстраваннем прыроды ў розную пару года – раслінны і жывёльны свет па асабістым кампанаванні малюнка і падборы колеравай гамы нітак.
У прыватнай калекцыі майстра больш за 30 твораў, шмат падаравана сваякам і сябрам. Нядаўна ў Марыі Фёдараўны з’явілася новае захапленне – “тапіарыі” – сувенірныя дрэвы ў вазонах.
І хоць Марыя Фёдараўна жыве ў Полацку, але мы лічам яе сваёй зямлячкай. Яна прадстаўляе нашу мясцовасць на выставах рамеснікаў. Інфармацыю пра Марыю Фёдараўну можна знайсці ў кнізе "Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны" / калектыў аўт.: Л.У. Вакар і інш. – Віцебск: Віцеб. абл. друк., 2011. – 440 с.



Касабуцкая Лілія Мікалаеўна
Нарадзілася 11 лютага 1957 г. у в. Шчарбіцкія Міёрскага раёна. У 1964 г. сям’я Ліліі Мікалаеўны пераязжае ў в. Ломашы Глыбоцкага раёна. У 1974 г. закончыла Ломашаўскую СШ і адразу пайшла працаваць у саўгас імя Ціміразева аператарам машыннага даення (1974-1986), за гэтую працу ўзнагароджана ордэнам Працоўнай славы 3-й ступені. ПРацавала швачкай (1986-1996), лабарантам малочнага цэха (1996-2006). У 1977 годзе выйшла замуж. Нарадзіла двух сыноў.
Актыўна займацца шыццём і вырабам дэкаратыўных рэчаў пачала ўжо на пенсіі. Сварае прыгожыя пано, тапіары, біжутэрыю і інш. Ідэі чэрпае з кніг, часопісаў, а таксама з інтэрнэту. З’яўляецца ўдзельніцай жаночага клуба “Чараўніца” Ломашаўскага цэнтра культуры. Вырабы стварае для ўласнага задавальнення, аднак, удзельнічае ў выставах мясцовага і раённага маштабу.



Лінкевіч Галіна Зіноўеўна
Нарадзілася 31 кастрычніка 1976 г. у г. Хойнікі Гомельскай вобласі. У 1990 г. бацькі Галіны Зіноўеўны пераязжаюць у Ломашы. Пасля заканчэння Ломашаўскай СШ, паступіла ў Віцебскае кулінарнае вучылішча № 16, атрымала дыплом кандытара 3 разраду. У 1994 г. пайшла працаваць у кандытарскі цэх саўгаса імя Ціміразева. З 1999 г. па 2007 г., з 2012 г. і па сённяшні дзень працуе памочнікам выхавацеля ДУА “Ломашаўская дз/с – БШ”. У 1994 г. выйшла замуж. Нарадзіла двух сыноў – Аляксандра і Паўла.
Пасля заканчэння вучылішча, на святы, для родных, блізкіх і сяброў, выпякала розныя прысмакі. Але, па словах Галіны Зіноўеўны, "практычнага вопыту не хапала", таму яна звярнулася за дапамогай да Жгулёвай Марыны Казіміраўны, жыхаркі в. Ломашы і вядомага ў роднай мясцовасці кандытара 4 разраду. Жгулёва М.К. раскрыла для Галіны Зіноўеўны сакрэты і асаблівасці кандытарскай справы.
Сёння Галіна Зіноўеўна і яе прысмакі вядомы не толькі ў Ломашах, але і за межамі вёскі і гаспадаркі. Яна радуе блізкіх і сяброў сваімі кулінарнымі вырабамі. Заўсёды ўдзельнічае ў мерапрыемствах мясцовага і раённага маштабу.


Фядзьковіч Ірына Іванаўна
Нарадзілася 10 верасня 1972 г. у в. Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна. Пасля заканчэння Ахрэмаўскай СШ (1989), паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1993 г. выйшла замуж і, пасля заканчэння ўніверсітэта, пераехала ў Ломашы па месцы жыхарства мужа.
З 1998 г. працуе ў Ломашаўскай СШ. Спачатку працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, з 2002 г., калі атрымала другую вышэйшую адукацыю -- настаўнікам-дэфектолагам, пасля заканчэння псіхалагічнага факультэта РІПА – псіхолагам.
З 2013 г. займае пасаду дырэктара ДУА “Ломашаўская дз/с– СШ”.
Вышыўкай Ірына Іванаўна захапілася ў 2007 г., займаецца самастойна па часопісах і кнігах. Валодае рознымі відамі тэхнік – крыжык, гладзь, вышыўка бісерам. Больш падабаецца вышыванне крыжыкам. У прыватнай калекцыі майстра каля 30 твораў. Актыўна ўдзельнічае ў выставах і кірмашах народнай творчасці.
Работы Ірыны Іванаўны былі прадстаўлены на выставе “Через книгу – к добру, миру и согласию”, якая заняла першае месца ў раённым конкурсе на лепшую кніжную выставу “Духовность. Нравственность. Личность” і прайшла на абласны этап.




Яшына Вераніка Вітальеўна
Нарадзілася 11 красавіка 1981 г. у в. Шчаўкуны Глыбоцкага раёна. У 1998 г. скончыла Чарневіцкую СШ і адразу паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава. З 2003 г. працуе настаўнікам хіміі і біялогіі ў Ломашаўскай СШ. У 2008 г. выйшла замуж. Нарадзіла дачушку Эвеліну.
Першы верш напісала ў чацвёртым класе. Спачатку гэта былі дзіцячыя вершы, бо і сама была маленькая. Праз некаторы час пачалі з’яўляцца вершы пра каханне, прыроду, пазней пра родны край, філасофская лірыка. Шмат вершаў прысвечаны радзіме, роднаму краю, мясцінам, дзе нарадзілася і расла.
Вераніка Вітальеўна піша як на беларускай, так і на рускай мове. Аматары паэзіі і чытачы раённай газеты ведаюць лірычныя вершы Веранікі Шыман. Менавіта пад такім псеўданімам друкуецца наша зямлячка. Яе вершы можна прачытаць у газетах "Веснік Глыбоччыны", "Віцебскія весці".
Вераніка Вітальеўна штогод удзельнічае ў абласным завочным конкурсе паэтычных твораў “Рифма.by”. У 2017 г. заняла 3 месца ў намінацыі “Учительство не труд, а отреченье”.
Сваім настаўнікам паэтка лічыць Алеся Жыгунова, які на пачатку творчага шляху дапамагаў маладому аўтару ў пошуку свайго стылю.
Трэба адзачыць, што вершы -- не адзінае захапленне Веранікі Вітальеўны. Яна вельмі актыўны па жыцці чалавек, заўсёды ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах як раённага, так і міжнароднага маштабу. Яшчэ яна любіць фатаграфаваць прыроду.
***
Ёсць у кожнага свае вытокі,
З імі ў думках трэба разам быць.
Як вы, мае любыя аблокі?
Жыць сябе без вас як прывучыць?
Што вы сніце, прадзедавы клёны,
І ракі Ауты берагі?
Паднябесны і благаславёны
Дзе яшчэ мне рай знайсці такі?
Хай няма ні тых людзей, ні песень,
Адплылі кудысьці, адышлі,
Адчуваю я, што надта цесна
Жыць з вялікім сэрцам на зямлі.
***
Запаліла раніцы агні
Сонца, навісаючы над плотам.
Цеплынёй сваёю ахіні
І пазбаў мяне ад адзіноты.
Хай датлее ўсіх надзей вуголь,
Хай у цэлым свеце стане пуста,
Аднаго я папрашу: дазволь
Піць святло з вачэй тваіх і вуснаў.
Шчаўкуноўская вясна
Пад яблынямі праваліўся снег,
Павытаялі лапіны на пожні
І капяжу, што падае са стрэх,
Чуваць над Шчаўкунамі адгалоскі.
Здалёк відаць у полі крапіва,
Настыла хат нятопленных бярвенне
І, не скрыпіць суседская вярба -
На панадворках ціш і запусценне.
З вясновым ветрам кінуцца шпакі
Ў сады, штогод багатыя на кветкі.
Зазелянеюць шчодра берагі
Ауты, паўнаводнай, праўда, зрэдку.
Завешанымі вокнамі глядзяць
На веліч, цуд і хараство прыроды
Пакінутыя ў горы (Што казаць!)
Людскія хаты – бедныя сіроты.
Як хутка, як няўмольна час бяжыць
Бы той пясок скрозь пальцы. О, як мілы
Мне дарагія сэрцу Шчаўкуны
І звязаныя з імі успаміны!
Люты 2013 г.
Бондар А., бібліятэкар Ломашаўскай сельскай бібліятэкі. 16.09.2019
- 1170

