Каруза Павел

Аб Каруза Паўлу Іосіфавічу звычайна ўзгадваюць краязнаўцы падчас яго народзінаў. Што гэта за асоба і які яго ўнёсак у развіццё беларускай культуры?
Нарадзіўся Павел Іосіфавіч 25 лютага 1906 г. у ваколіцах Глыбокага, па іншых звестках у в. Ваўкалата Пастаўскага раёна. Далёкія продкі П.І.Карузы, якія трапілі на Беларусь ў 17 – 18 ст., паходзілі з Італіі. Сям’я Карузаў яшчэ ў мінулым стагоддзі была параднёная з сям’ёй грамадска-палітычных дзеячаў Душэўскіх з Глыбокага.
Сям’я Карузаў была музыкальная, бацька быў арганістам у дзеркаўшчынскім касцёле, сёстры таксама гралі на музычных інструментах. Бацькі доўгі час гаспадарылі на Глыбоччыне. У 1928 годзе ён скончыў Віленскую кансерваторыю па класу тэорыі і кампазіцыі. Пасля пад кіраўніцтвам Антона Грыневіча, якога лічыў сваім настаўнікам, пачаў збіраць беларускія народныя песні. Кіраваў хорам у Віленскім інстытуцё гаспадаркі і культуры.

З сярэдзіны 20-х гг ён удзельнік грамадска-палітычнага і культурнага жыцця ў Заходняй Беларусі, старшыня ЦК Беларускай хрысціянска-дэмакратычнае партыі (БХД) і галоўны рэдактар перыядычнага органу БХД газеты «Biełaruskaja krynica». Як рэдактар газеты неаднаразова прыцягваўся польскай адміністрацыяй да судовай адказнасці.
У 1928 г. быў абраны ў сейм Польшчы прадстаўніком буйной партыі
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ад жыхароў Свянцянскага павета. Аднак, новы склад Сейма Ю. Пілсудскі палічыў вельмі радыкальным і ў 1930 г. самачынна разагнаў яго. Павел Каруза аказаўся беспрацоўным. Ён расчараваўся ў магчымасцях беларускай культурнай і грамадскай дзейнасці ў Вільні. Пэўны час ён хаваўся ў глухіх месцах, затым перайшоў польска-савецкую граніцу, спадзеючыся ажыццявіць у БССР свае планы, выдаць фальклорныя запісы.
Але выдаць сабраныя беларускія песні, апублікаваць арыгінальныя музычныя творы ў сталіцы Савецкай Беларусі Менску малады фалькларыст не змог. У хуткім часе ён быў арыштаваны і сасланы на Салаўкі, дзе ўжо знаходзіўся другі яго настаўнік — С. Рак-Міхайлоўскі. На Салаўках Каруза прабыў 13 гадоў. Толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны здолеў вярнуцца на Беларусь і ўладкавацца на працу дырыжорам Маладзечанскага абласнога ансамбля песні і танца.
У 1949-м П.Каруза паўторна арыштаваны і высланы ў Сібір, у Нарыльск, дзе зарабляў на хлеб дырыжорствам і кампазітарствам у мясцовым тэатры драмы і музыкі. Вызвалены ў 1955 г., а праз два гады, канчаткова рэабілітаваны, ён вярнуўся ў Вільнюс. Спачатку працаваў настройшчыкам музычных інструментаў, а пасля знайшоў работу ў Дзяржаўным ансамблі песні і танца Літоўскай ССР.
Да самай смерці Каруза не парываў сувязі з беларускімі фалькларыстамі з Мінска. Неаднойчы выступаў з успамінамі пра энтузіяста беларускай песеннай культуры Антона Грыневіча ў часопісе “Мастацтва Беларусі” і газеце “Літаратура і мастацтва”, падрыхтаваў да публікацыі фальклорную спадчыну гэтага падзвіжніка беларускай песні.
П. Каруза — аўтар тэарэтычных прац па фальклоры «Вытокі беларускага меласу», «Абрадавыя песні Паазеря» і інш. Асабліва глыбока ён вёдаў і адчуваў стыхію каляндарна-абрадавай паэзіі. На жаль, архіў кампазітара некалькі разоў знішчаўся, таму многія яго музычныя і навуковыя творы загінулі.
У апошнія гады жыцця Карузам былі напісаны творы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Л.Геніюш, Н.Гілевіча. Незадоўга да смерці фалькларыст прыслаў на суд А.В.Багатырову сваю камерную сімфонію.
Памёр Павел Іосіфавіч Каруза ў 1988 годзе.
Такім чынам, Павел Іосіфавіч Каруза стаяў ля вытокаў збору беларускай фальклорнай спадчыны, заклаў асновы літаратурнай апрацоўкі беларускай абрадавай паэзіі, унёс свае музычныя творы ў скарбонку беларускай класічнай музыкі.
Яшчэ ў 2003 годзе ля в.Воўкашчына, якая знаходзіцца пры дарозе Глыбокае - Дзеркаўшчына, стаяў паўразбураны хутар Карузаў. Дапытлівыя падлеткі знайшлі на гарышчы нотныя сшыткі, а таксама розныя дакументы царскіх і польскіх часоў з прозвішчам Каруза. Дакументы былі перададзены ў Глыбоцкі гісторыка - этнаграфічны музей.
Літаратура аб жыцці і творчасці:
- Павел Іосіфавіч Каруза // Памяць. Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. - Мн.: БелЭн, 1995. - с.412
- Скрабатун, Ул. Павел Іосіфавіч Каруза // Вольнае Глыбокае. - 2004. - № 7
- Скрабатун, Ул. Ён прысвяціў сваё жыцё роднай Беларусі // Вольнае Глыбокае.- 2006.- 23 лютага
- 2389

