Пугаўка Леанід Канстанцінавіч

Працоўная слава Глыбоччыны
Пугаўка Леанід Канстанцінавіч, Герой Сацыялістычнай Працы
100 год назад, 4 сакавіка 1917 г., ў вёсцы Паўлава Глыбоцкага раёна (цяпер Азярэцкі сельсавет) ў сялянскай сям’і нарадзіўся Леанід Канстанцінавіч Пугаўка. Ён з ліку тых асоб Глыбоцкага краю, імёны якіх мы павінны ведаць.
У 2007 годзе газета "Веснік Глыбоччыны" змясціла цікавы артыкул З.Раслевіч "Помнит Глубоччина своих Героев", прысвечаны Л.К.Пугаўка.
Прапануем яго вашай увазе.
Амаль 20 год назад (1989) Ул.Сауліч браў інтэрв'ю ў Л.К.Пугаўка з нагоды юбілею калгаса "17 верасня". Интэрв'ю цікавае тым, што Леанід Канстанцінавіч прадстае перад намі адкрытым, шчырым чалавекам, са сваім поглядам на жыццё, разважанні якога актуальны і ў наш час. Не пашкадуйце часу і пачытайце інтэрв'ю.
"Л.К Пугаўка:
– Хто я быў пры панскай Польшчы? Зямлі ў мяне не было. Нічога не было. Батрак я быў. Вось чаму 17 верасня 1939 года лічу другім днём свайго нараджэння. У гэты дзень мы, глыбачане, сустракалі Чырвоную Армію-вызваліцельніцу хто як мог. Хто з лыжкай мёду, хто з кошыкам яблыкаў, хто — з кубкам малака. Ва ўсіх быў святочнынастрой.
Ну а потым пачаліся гутаркі, мітынгі, стварэнне сельскіх камітэтаў.
У саракавым годзе мяне ўзялі ў Армію і давялося з ёй прайсці праз усю вайну. Абараняў Ленінград у блакадныя дні, удзельнічаў у прарыве блакады, у іншых бітвах. Закончыў баявы шлях ў Чэхаславакіі. Вярнуўшыся на радзіму, быў загадчыкам хаты-чытальні, старшынёй сельскага Савета.
У 51-м годзе Рубіс прапанаваў мне стаць старшынёй калгаса «17 верасня». У мяне тады мароз па скуры пайшоў. Які ж з мяне старшыня? Я ж і сельскую гаспадарку добра не ведаю. I адукацыя — тры польскіх класы.
У калгасе – 1150 чалавек. А багацця ўсяго — 7 кароў і 12 свіней.
Помню першы сход, як выбіралі мяне старшынёй. Невялікая хацёнка, набітая да адказу. Хто за печкаю, а хто і пад вакном. Гаварыў людзям, што будуць машыны. Што будзе ў іх вёсках радыё, электрычнае святло. Глядзеў у вочы і бачыў, што не ўсе верылі. Некаторыя, хто быў у цяні, нават свісталі.
— У нас стрэх няма. Якое там радыё?
Ну і пачаў я з гэтых стрэх. Накрылі людзям хаты. Новыя зрабілі. Школу ўзвялі. Ураджаі пайшлі на полі. Грошы ў калгаснай касе завяліся,
I вось аднойчы пры хожу да сваёй хаты, а там каля дзвярэй калочак з дашчэчкай. На ёй напісана: «Калі так будзеш рабіць і далей – заб’ём!»
Знайшліся ж людзі, якія і далей жадалі, каб жыла вёска ў жабрацтве. У той цяжкі час я абапіраўся на актыў. І сёння ўдзячны за падтрымку Канстанціну Грыбуну, Максіму Кухту, Пятру і Рыгору Ляшонкам, Сцяпану Баговічу і многім іншым.
Наш калгас быў лепшым у раёне. Але прыпісваю гэта я не сабе, а людзям. Іх працалюбству. У калгасе ажно тры школы. Бальніца, якая ў Бабічах, абслугоўвае 5 суседніх гаспадарак. Добрыя дамы. Магазіны. Асфальтаваныя вуліцы.
Шкада вот толькі, што неяк народ ад зямлі адбіваецца. Гэта ж мы даўней да зямлі як прывыкалі? Босымі па ёй хадзілі. А сёння? Не паспела дзіцё нарадзіцца, а ўжо калготкі адзяваюць. У школу пайшлі, летам — у піянерлагер. А я лічу, што не трэба сельскім гэтых лагераў. Хай з бабуляй будзё. Вучыцца, як бліны пячы, як гарод дагледзіць.
Камсамол наш глыбоцкі ўсё МЖК прабівае. Так званы маладзёжны жыллёвы комплекс у Глыбокім. Усё жаліцца, што праекты не дасканалыя. Бесейна не хапае. Яшчэ чаго. А на маю думку, МЖК трэба рабіць не ў горадзе, а на вёсцы. Выбралі б дзе прыгожае месца, на прыродзе, у бярозавым гаі. Пабудавалі 10 катэджаў. Будынкі, дзе жывёлу трымаць. Сад пасадзілі б.
Канечне, можа хто будзе і незадаволеныад маіх слоў, але вясковая моладзь, думаю, мяне зразумее. А незадаволеных цяпер часта можна сустрэць. Нядаўна заходжу ў магазін, а старая ўжо жанчына ў хлеб пальцам торк-торк. Моршчыцца: «Нясвежы». Я ёй і гавару:
– А ты прыпольскім часе свежы ела?
– О, тады і з мякінай хлебу былі рады. Але ж тады – не цяпер?
Так, тады не цяпер. I мне здаецца, штб цяперашняе трэба цаніць і памнажаць".
У.Сауліч
Шлях перамогі.- 1989.- 16 верасня
Работнік Бабічоўскай бібліятэкі-клуба Сайкоўская Г.Ю. падрыхтавала грунтоўны бібліяграфічны паказальнік "Вёска Бабічы: людзі, гаспадарка, жыццё". У ім адлюстраваны артыкулы, прысвечаныя жыхарам вёскі і працаўнікам калгаса "17 верасня", змешчаныя ў перыядычным друку і кніжных выданнях.
- 1310

