Шарыпкін Рыгор Леанідавіч

29 чэрвеня 1967 года нарадзіўся адзін з вядомых краязнаўцаў Глыбоччыны -- Рыгор Леанідавіч Шарыпкін. З чым яго шчыра віншуе Глыбоцкая раённая бібліятэка!
Ураджэнец вёскі Усава Глыбоцкага раёна, сын настаўнікаў, ён пайшоў па бацькоўскіх слядах. Закончыў філалагічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава і па сённяшні дзень працуе настаўнікам, зараз у ДУА «Залеская дзіцячы сад -- сярэдняя школа Глыбоцкага раёна».
Краязнаўствам актыўна зацікавіўся з пачаткам настаўніцкай дзейнасці. І з тага часу займаецца пошукам і зборам прадметаў духоўнай і матэрыяльнай культуры Залескага краю, дзе жыве ўсё жыццё, пошукам і аднаўленнем забытых гістарычных і археалагічных помнікаў на тэрыторыі Залесчыны: гарадзішчы ранняга жалезнага веку каля в.в. Запруддзе, Зубкі, каменныя крыжы. Даследуе гістарычны летапіс маёнтка ў в. Залессе-Астроўна, царквы ў в. Бушыкі. Вывучае гісторыю і фальклор Залесчыны. Шэраг артыкулаў і даследчых матэрыялаў прысвечаны знакамітым асобам Беларусі і іх сувязі з краем (дзейнасць Янкі Пачопкі, Язэпа Драздовіча, Міхася Машары). Па выніках даследвання дзённікаў Язэпа Драздовіча, пры дарозе Залессе-Лучайка знайшоў камень (2003), які ўзгадваецца Драздовічам у дзённіках пад 1936 годам.
У час работы ў Лучайскай базавай школе стварыў два краязнаўчых школьных музея “Мінулае Залесчыны” (1999), дзе сабрана інфармацыя па гісторыі Залескага краю і Музей Старой Кнігі (2002), у якім багата прадстаўлена друкаваных выданняў 19 - пач. 20 ст.ст.
Працуючы ў Залескай сярэдняй школе, адкрыў гісторыка-краязнаўчы музей “Мінулае Залесчыны” (2007), Музей гісторыі Залескай школы і развіцця адукацыі на Залесчыне, этнаграфічны музей Залескага краю (2010).
Сярод шматлікіх захапленняў нумізматыка, баністыка, філатэлія, бібліяфілія.
З 1997 па 2003 гады ў Глыбоцкім рэгіянальным друку выйшла звыш 40 артыкулаў Рыгра Леанідавіча па гісторыі Залесчыны.
Аматар даўніны, ён далучае да гістарычнай спадчыны сваіх вучняў, якіх аб'яднаў у школьныя гурткі “Юныя краязнаўцы”, “Юныя экскурсаводы”. Вучні Р. Шарыпкіна займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных алімпіядах; удзельнічаюць ў рэспубліканскіх краязнаўчых экспедыцыях, з’яўляюцца пераможцамі розных конкурса. У 1995 і 1998 гадах удзельнічаў разам з дзецьмі у археалагічных раскопках гарадзішчаў ля вёсак Зубкі і Запруддзе.
Рыгор Леанідавіч аўтар чатырох гістарычных выданняў “Гісторыя Залескага маёнтка” (2000), “Гісторыя Залескага краю” (2002), “Гісторыя Залескай школы” (2007), "Залескі край. Мінулае ў люстэрку часу" (2012).
Мае каля 20-ці публікацый у часопісах, зборніках і кнігах. Звыш 80 артыкулаў змешчана на старонах раённага, абласнога і рэспубліканскага перыядычнага друку.
На сайце ДУК "Глыбоцкая ЦБС" змешчаны матэрыялы:
Пра Шарыпкіна Р.Л. можна пачытаць у раённым перыядычным друку:
- Жыгуноў, А. Нястомны шукальнік з Залесся / А.Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. — 2012. — (№21. — 14 сакавіка. — С.5.
- Нястомны шукальнік мінулага // Веснік Глыбоччыны. — 2017. — 15 красавіка ((№21). — С.6.
- Панкрат, А. Нарадзілася новая кніга / А. Панкрат // Веснік Глыбоччыны. — 2007. — 15 верасня. — С. 2.
- 725

