Тариков Олег

Зарніцы ў глыбінях азёр шукаў Алег Тарыкаў, адзін з першых краязнаўцаў Глыбоччыны.
Нарадзіўся Алег Аркадзьевіч 9 красавіка 1938 г. ў сялянскай сям’і Паліны Савельеўны і Аркадзія Усцінавіча Тарыкавых на хутары ля вёскі Мікулічы Глыбоцкага раёна, у пяці кіламетрах ад Глыбокага. Дзяцінства хлопчыка прыпала на гады вайны. Іх сям’я не аднаразова дапамагала партызанам, трымала сувязь з партызанскім атрадам “Паўночныя” і брыгадай імя Леніна.
Пасля вайны наведваў вясковую школу ў Мікулічах, а з чацвёртага класа вучыўся ў Глыбоцкай СШ № 2, якую паспяхова скончыў у 1954 годзе. Адначасова займаўся ў Глыбоцкай музычнай школе па класу баяна. Далей вучыўся ў Глыбоцкім электрамеханічным вучылішчы № 12, працаваў ў г. Кустанай (Казахстан), служыў у арміі. Пасля арміі скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынер-энергетык. Працаваў па сваёй спецыяльнасці ў Гомелі, Мінску, Маладзечне.
Акрамя асноўнай працы, займаўся літаратурнай і краязнаўчай дзейнасцю. Працаваў у многіх архівах, у тым ліку архівах Вільнюса і Ленінграда, сябраваў і супрацоўнічаў са знакамітымі гісторыкамі, журналістамі, краязнаўцамі. Друкаваўся ў перыядычных выданнях па пытаннях краязнаўства і гісторыі Беларусі.
Алег Аркадзьевіч склаў і запісаў радавод сваёй сям’і, які бярэ пачатак з 18 стагоддзя. Ён з’яўляецца аўтарам вершаў і баек, якія друкаваліся на старонках перыядычных выданняў.
У 1989 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшла кніга “Паўночныя”, напісаная на аснове ўспамінаў камандзіра партызанскага атрада П. М. Максіменка. Літаратурную апрацоўку тэксту кнігі зрабіў А. А. Тарыкаў.
Алег Аркадзьевіч марыў напісаць вялікую кнігу аб родным краі, шмат працаваў над ёй. Як вынік яго шматгадовай працы, у 1993 годзе ў выдавецтве “Полымя” пабачыла свет кніга “Зарніцы ў глыбінях азёр”. Выйшла яна ў навукова-папулярнай серыі “ Па родным краі”. Дзевятнаццаць раздзелаў кнігі апісваюць гісторыю, прыроду і славутых людзей Глыбоччыны. Напісаная даступнай мовай, яна выклікала цікавасць ў многіх чытачоў, якія знайшлі на яе старонках малавядомыя факты з гісторыі не толькі роднага краю, але і беларускай гісторыі ўвогуле.
Трэба сказаць, што не ўсе матэрыялы, сабраныя Алегам Аркадзьевічам, увайшлі ў гэтую кнігу. Многія і сёння захоўваюцца ў асабістым архіве сям’і Тарыкавых.
За падрыхтоўку і выданне кнігі “Зарніцы ў глыбінях азёр” Алег Аркадзьевіч Тарыкаў быў адзначаны кіраўніцтвам Глыбокага раёна і ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета народных дэпутатаў.
Памёр ён 15 студзеня 1996 года.
24/04/2018
- 1407

