Жыццё, знітаванае паэзіяй... да юбілею Алеся Жыгунова

27 лютага адзначае юбілей, напэўна, самы вядомы чалавек глыбоцкай зямлі – Алесь Жыгуноў.
І хоць яго малая радзіма на Магілёўшчыне, мы ўжо даўно лічым яго сваім, глыбоцкім паэтам.
Ад імя ўсіх чытачоў віншуем Алеся Міхайлавіча з юбілеем! Жадаем даўняму сябру бібліятэкі творчага плёну, жыццёвага аптымізму і моцнага здароўя!
Месца нараджэння Аляксандра Міхайлавіча Жыгунова -- Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці, вёска Тройца. 27 лютага 1954 года ў звычайная сялянскай сям’і адбылося папаўненне – нарадзіўся хлопчык і ніхто, ні бацька, ні маці не думалі і не марылі, што стане іх сын паэтам. Але лёс спрыяў таму, што душа хлапчука больш імкнулася да высокага, чым да зямнога.
– Мае бацькі казалі, што мой прадзед рыфмаваў прыгожыя прыпеўкі, якія потым весела спявалі пад гармонік. Увогуле ў маім родзе было шмат гарманістаў. І мяне дзядзька таксама навучыў іграць.
З дзяцінства Алесь любіў чытаць і асабліва – паэзію. Захапляўся творчасцю Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, любіў творы беларускіх паэтаў - Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, зачытваўся вершамі земляка Анатоля Сербантовіча.
– А мяне вось у дзяцінстве сябры называлі прафесарам, таму что заўсёды, куды б ні ішоў, браў з сабой кнігу. І сёння праз гады гэта звычка са мною. Па некалькі разоў перачытваю творы любімых аўтараў, напрыклад, Васіля Быкава, Леаніда Галубовіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Вячаслава Адамчыка і іншых. Люблю пагартаць старонкі кнігі, адчуць пах друкарскай фарбы. А вось электронныя кнігі – зусім іншае. Іх не адчуваеш, проста чытаеш.
Працоўны шлях юнак пачаў дырэктарам сельскага клуба ў вёсцы Баркі Шклоўскага раёна. Затым паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1976 годзе. Атрымаўшы накіраване ў Глыбоцкі раён Алесь Жыгуноў працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Чарневіцкай СШ, Пліскай СШ. Набыў вопыт работы як журналіста, так і карэспандэнта-арганізатара раённага радыёвяшчання.
На працягу доўгага часу з’яўляўся намеснікам сакратара Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, старшынёй Глыбоцка-Полацкай філіі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, кіраўніком літаратурнага аб’яднання “Далягляды”, створанага пры раённай газеце “Веснік Глыбоччыны”.
– У дзясятым класе адаслаў свае першыя беларускамоўныя вершы ў шклоўскую раённую газету «Ударны фронт» (мая малая радзіма – Шклоўшчына Магілёўскай вобласці). Памятаю, мы з бацькам касілі траву ўздоўж абрывістага берага, а мой стрыечны брат крычыць з другога боку, што верш надрукавалі. Каб хутчэй убачыць газету, не раздумваючы кінуўся ў возера. Хлопцы часта ныралі з гэтага берага, а я ўсё баяўся. Вершы быццам надалі мне смеласці. Так і пачалося сяброўства з газетай, доўгі час рэдактарам якой быў вядомы літаратар Лявон Анціпенка.
На другім курсе ўніверсітэта пачаў супрацоўніцтва з «Чырвонай зменай». Маімі аднакурснікамі былі таленавітыя творцы Анатоль Шушко, Мікола Мятліцкі, Іван Рубін і іншыя. Выкладалі ў БДУ ў той час Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, кіраўніком дыпломнай работы быў паэт ад Бога Рыгор Сімашкевіч.
Першыя вершы ў газеце “Чырвоная змена” надрукаваны ў 1972 годзе. Паэзія захапляе яго і ён піша ўсё больш і больш. Падборкі яго вершаў сустракаюцца на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, газетах “ЛіМ”, “Чырвоная змена”, “Настаўніцкая газета”, “Віцебскі рабочы”.
– Па размеркаванні прыехаўшы ў Чарневічы ў сельскую школу, пісаў патроху. Аднойчы літаратурны крытык Тамара Чабан звярнула ўвагу на мае вершы, прапанавала надрукаваць. Публікацыі ў вядомых беларускіх літаратурных выданнях ішлі адна за другой, Анатоль Вярцінскі чытаў мае вершы нават з трыбуны з’езда пісьменнікаў.
Спрабаваў пісаць апавяданні. Іх таксама друкавалі ў газеце. Але гэта зноў жа не маё. Празаік – той, хто піша кожны дзень, а я свае творы складу ў галаве, вынянчу ў душы і толькі потым запішу.
У 1982 годзе па публікацыях у часопісах і газетах яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Гэта амаль што адзіны выпадак, калі ў Саюз быў прыняты паэт, які не меў на той час выдадзенага зборніка паэзіі.
І толькі праз два гады, ў 1984 годзе, калі сабралася вялікая колькасць вершаў, Алесь Жыгуноў выдае невялічкую кніжку пад назвай “Матчына вышыванка”. Ужо ў тым зборніку адчуваецца моцная сувязь паэта з роднай зямлёй, з бацькоўскай хатай, роздум над лёсам Радзімы і чалавека.
Раслі мы, Колі, Лёні, Янкі…
І на Купала Йвана ноч
нас прыбіралі ў вышыванкі
Такія – не адвесці воч.
У каласочкі, васілёчкі...
Матулі гутарку вялі:
— Глядзіце, каб Купалля дочкі
Вас прыгажосцю не ўраклі.
Мы суцяшалі, як умелі,
-Маўляў, яшчэ мы хлапчукі.
Да рэчкі беглі і — нямелі:
Плылі дзявочыя вянкі.
I мы, шчаслівыя, да ранку
Жылі таемнаю красой, —
Хілілася на вышыванку
Галоўка з русаю касой.
Адкарагодзілі палянкі,
3 кастра маленства — вугалі...
А мы з табою вышыванкі
Матуліны ці збераглі? "Вышыванкі"
Зборнік вершаў “Мая Тройца” выйшаў праз 10 год пасля выдання першай кнігі. Паэт пасталеў, набыў новы погляд на жыццё, але ў сваёй творчасці застаўся верным тэме Радзімы і таму запаветнаму куточку, дзе ўкараніўся яго род. Ён добра ведае жыццё сваіх аднавяскоўцаў, іх быт. Складаныя ўзаемаадносіны і перажыванні сялян уваходзяць у паэзію Алеся Жыгунова натуральна і нязмушана. Тройца – гэта назва вёскі ў якой нарадзіўся паэт, ён абагаўляе сваю вёсачку і прысвячае ёй вершы.
Блукаў мой продак,
Мусіў прыпыніцца,
Бо натаміўся
За паўдзён высокі. "Тройца"
У сваіх вершах Алесь Жыгуноў паэтызуе славянскую працу, побыт, хараство душы вяскоўцаў, родны дом, бацькоўскі парог, прыроду, у якой чуе шчымліва журботную музыку восені.
На беразе прыснулі каравелы,
Шыбуе восень з холадам, імжой,
Любімая з вачамі каралевы
Становіцца жанчынаю чужой.
І не знайсці ад болю суцяшэння.
І прымірыцца з гэтым не магу,
А восень імклівае ўзвышэнне
Нясе у жыццё і роспач і тугу.
Прыносяць сон бясконцыя залевы.
Душа, як лес, пакрылася іржой.
Любімая з вачамі каралевы
Становіцца жанчынаю чужой.
Вобраз “малой радзімы” нітуе ўсе роздумы паэта пра час, гістарычную памяць, лёс чалавека. Многім вершам Алеся Жыгунова ўласцівы спавядальны характар.
Ёсць цішыня празрыстых туманоў
І дзіўная вільготная лагоднасць.
І ты ўжо адчуваеш неабходнасць
Сустрэцца з туманамі каб ізноў.
І ты ідзеш ад кавы, ад жанчын.
І ты ідзеш, збягаеш проста з ганка
На ўзбярэжжа ўзорыстых лагчын,
Дзе туманы блукаюць да світанку.
...
А потым прыйдуць восеньскія сны,
Здаровыя, як ночы неад’емнасць.
Таму, відаць, люблю я туманы,
Што ёсць у іх якаясьці таемнасць.
Лірыка, перажыванні чалавека, любоў да жанчыны - тэмы на якія піша паэт. Асаблівым радком у яго творчасці стаяць вершы, прысвечаныя маці. Чытаючы іх разумееш, што гэта той чалавек - амаль што адзіны, - за каго штодня ў яго баліць душа і сэрца, што ён адчувае сваю віну перад маці за рэдкія прыязды дадому, не вялікую дапамагу, што пакінуў у вёсцы адну. І калі маці пайшла з жыцця, смутак і ўспамін аб ёй засталіся ў сэрцы паэта назаўсёды.
– Шмат шчырых, добрых вершаў прысвяціў роднай маці, дакладней, яе памяці. Адчуванне такое, што ў жыцці ёй нешта не дадаў. Можа, рэдка прыязджаў дадому, мала дапамагаў. І пакуль у вершах не выплакаў гэты запознены боль, не мог супакоіцца. Напісаў паэмы «Сустрэча з Тройцай», «Хата», і неяк на душы палегчала. Лірычнага паэта ўвогуле натхняе прыгажосць – жанчыны альбо прыроды. Да таго ж люблю восень. У гэтую пару года вершы хутчэй кладуцца на паперу.
Прысніся, мама, бо хачу
Пагаварыць з табою шчыра,
Бо не жыву я, а лячу
Усе жыццё сваё - у вырай.
Няма прытулку на зямлі,
Няма надзейнага прыстанку.
Дажджы сцяжынкі залілі,
І дошкі пагнілі на ганку,
Куды вяртацца мне здалёк
І пачынаць жыццё нанова.
Скажы мне ласкава: - Сынок!..
Я ўжо не помню гэта слова.
Адной з найбольш плённых у творчасці паэта з’яўляцца тэма кахання. Гэта тое пачуццё, якім пранізана ўсё яго жыццё, тая крыніца, якая надае натхненне і неперапынную працу душы і сэрца. Глыбокім лірызмам і празрыстацю вылучаюцца яго вершы Алеся Жыгунова пра каханне.
– Не ведаю, як у другіх паэтаў, а ў мяне вершы прыходзяць, складаюцца самі, нечакана, калі, напрыклад, еду ў аўтобусе, адпачываю ці размаўляю з сябрамі. Прыйдзе душэўная патрэба нешта напісаць, стварыць, і паэтычны ці празаічны твор калі не сёння, то некалі будзе напісаны, надрукаваны.
Пагавары са мной пра восень,
Пра лістапад і халады.
І пра вятры, што ўсмак галосяць,
Ляцяць, не цямячы куды.
Тваё танклявае запясце
Крану дрыготкаю рукой.
Пагавары са мной пра шчасце,
Мяне хоць крышку супакой.
Варона выстудзіла горла,
Таму і песняй не кране.
Не гавары са мной пра гора,
Яго залішне у мяне.
Віруе восеньскае ранне,
А за пагоркамі – зіма.
Не гавары мне пра каханне,
Бо пра каханне слоў няма.
– Па характары я аптыміст, крытыкі называюць мяне паэтам-лірыкам. І гэта сапраўды так. Прапускаючы праз сябе перажыванні родных, блізкіх і знаёмых, імкнуся ўзвысіцца над будзённасцю, пераадолець боль, падзяліцца радасцю. І каб не выліваў я гэтыя эмоцыі ў вершах, напэўна, не вытрымаў бы. Менавіта перажываннямі і праяўляю сябе. Мой неспакой, можа, не кожнага і кране...
Аддаўшы Глыбочыне усё сваё жыццё, паэт не застаўся абыякавым да гэтага краю, яго гісторыі, да лёсу знакамітых людзей. У Алеся Жыгунова ёсць вершы, прысвечаныя слаўным асобам нашага краю, якія тварылі на карысць роднай Беларусі – Язэпу Драздовічу і Ігнату Буйніцкаму.
Людцы, дзякуй за хлеб,
Вы мяне шанавалі.
Я – Драздовіч Язэп,
Вы пазналі?
Задыхаўся і слеп,
Бо тварыў апантана,
Я – Драздовіч Язэп
Што маё захавана?
Так мяне не стае,
Голаў хіліце нізка,
А карціны мае
Каля сэрцайка блізка?
***
Глыбоччына, Ігнат Буйніцкі
Рэй пачынае спакваля:
- За справу шчырую бяруся,
Свой люд праславім, ягомосць.
А ну пакажам, беларусы,
На што мы здатны, хто мы ёсць!..
На пачатку 2004 года ў адным з прыватных выдавецтваў Мінска выйшаў у свет паэтычны зборнік “Пагавары са мной пра восень”. За гэты зборнік Алесь Жыгуноў быў удастоены абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.
Галоўная тэма зборніка, зразумела, -- каханне.
На цябе палюю, як на звера:
Атачыць сцяжкамі, аблажыць.
А твая пакрыўджаная вера
І пяшчота памагаюць жыць.
Без цябе мне холадна і горка,
Без цябе згасаю я ў журбе.
Дзень звычайны скоціцца з пагорка
Дзень, які пражыў я без цябе.
Я хачу спатканняў у прасторы,
Дзе няма нікога, толькі Бо
Несуцешны, ласкавы, каторы
Мне з табой сустрэцца дапамог.

У зборнік “Ля цяпельца зары” (2009) увайшлі вершы з папярэдніх зборнікаў, а таксама новыя творы. Па выніках рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор-2010» аўтар паэтычнага зборніка ўзнагароджаны дыпломам II ступені ў намінацыі «Паэзія».
Ужо й не верыў, што аднойчы
Пакіну свой таемны схоў.
Табе каб паглядзець у вочы,
Прайду я тысячы шляхоў.
I я мільён прайшоў, няйначай.
I, крышку стомлены жыццём,
Я з безагляднасцю юначай
Сваім дзялюся пачуццём.
Не ведаў я, што завітае
У сэрца вобраз дабраты,
Што будзе восень залатая,
I буду я, і будзеш ты.
Адчую радасць, як калісьці.
Чаго мне іншага хацець?
I будзе восеньскае лісце
Аб нечым вечным шапацець.
У 2016 годзе ўбачыў свет чарговы паэтычны зборнік паэта "У храме радасці і смутку"
Мелодыі восені — сумныя ноты.
А хочацца сонца, цяпла і пяшчоты
I, можа, адной выпадковай сустрэчы,
Каб плашч незнаёмцы накінуць на плечы.
I з ёю блукаць;у лугах да світання
I Блока чытаць, і хмялець ад кахання.

Алесь Жыгуноў піша для дзетак. Дзіцячыя вершы змешчаны ў зборнік “Дзе начуе апетыт?” (1984). Аўтарскае выданне “Баравічок на скутары” убачыла свет у 2012 годзе. За кнігу вершаў “Баравічок на скутары” Аляксандр Міхайлавіч Жыгуноў удастоены абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі ў намінацыі “літаратура для дзяцей”
Асобныя творы А. Жыгунова ўвайшлі ў чытанку для дзяцей пачатковых класаў. Шэраг дзіцячых вершаў увайшоў у зборнік "У храме радасці і смутку".
– Гэта было колькі год таму, калі мая дачка Алеся яшчэ была маленькай. Аднойчы яна папрасіла, каб напісаў што-небудзь для яе. Неўзабаве з’явілася 7 дзіцячых вершаў і паэмка «Чорнагаловы» пра баравічка, якога мы разам з дачкой ратавалі ад непрыемнасцяў. Вершаваную казку надрукавалі ў «Вясёлцы». Прайшоў час, і ўжо для дачкі Алесі – Анюты – напісаў «Баравічка на скутары», які не любіць грыбнікоў, што знішчаюць грыбніцу і пакідаюць смецце ў лесе. Я сябе паставіў у ролі яго сябра. Разам удваіх мы на скутары ганяем па лесе і наводзім парадак. Канешне, галоўная гераіня паэмы – маленькая Анюта.
На творы Алеся Жыгунова наш мясцовы самадзейны кампазітар Браніслаў Грамакоўскі напісаў каля дваццаці песень.
Трэба адзначыць, што ў Душанбэ (выдавецтва «Адиб», 2009 г.) пабачыла свет кніга твораў беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на таджыкскую мову. Сярод аўтараў такія вядомыя творцы, як М.Мятліцкі, В.Гардзей, Р.Баравікова, Я.Сіпакоў, Г.Марчук, В.Лукша, А.Салтук... Ёсць у кнізе і падборка вершаў глыбоцкага паэта Алеся Жыгунова: на таджыкскую мову перакладзены яго творы "Канстанцінава", "Прысніся, мама...", "У Бога паверыў" і інш. Дарэчы, раней творы нашага земляка перакладаліся на рускую і польскую мовы.
Дарэчы, 159 публікацый твораў Алеся Жыгунова змешчана на старонках перыядычнага друку за апошнія 42 гады.
Для жадаючых пазнаёміцца з творчасцю Алеся Жыгунова, прачытаць яго лірыку, работнікі Глыбоцкай раённай бібліятэкі падрыхтавалі выставу "Пагавары са мною..."
У падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстана інтэрв'ю Дзіяны Берніковіч «Алесь Жыгуноў. Лірычнага паэта натхняе прыгажосць» // Народнае слова. - 2012. - 22 мая.- № 57.
А таксама інтэрв'ю Уладзіміра Сауліча "Мая родная вёсачка помніць мяне..." : Алесь Жыгуноў // ЛіМ. - 2024.- 1 сакавіка. - № 9.- С.10.
- 584

