Сустрэча з Язэпам Квачом адбылася ў Глыбоцкай бібліятэцы

Даўно ўжо Глыбоцкая раённая бібліятэка не чула гармоніка! Гукі музыкі раздаваліся на ўвесь будынак і надавалі вясёлы настрой!
А падарыў такую радасць госць бібліятэкі, наш зямляк - Язэп Квач. У Год малой радзімы сябры бібліятэкі мелі магчымасць пазнанёміцца з яшчэ адным таленавітым ураджэнцам Глыбоччыны!
Язэп нарадзіўся ў вёсцы Квачы. Пасля заканчэння інстытута лёс закінуў маладога спецыяліста ў Шаркаўшчынскі раён, вёску Жукоўшчына, дзе ён спачатку працаваў інжынерам у мясцовым калгасе, потым настаўнікам у колішняй школе. А зараз Язэп - сапраўдная апора састарэлым жыхарам-аднавяскоўцам, ён не проста работнік сацыяльнай службы, а чалавек з "залатымі рукамі", які выручае ва ўсіх праблемах! За гэта шчыра дзякуюць яму аднавяскоўцы.
Але перад намі Язэп прадстаў як цікавы чалавек: самадзейны паэт і гарманіст, гумарыст і артыст, заўзяты краязнаўца і шчыры прыхільнік беларускай мовы. Язэп прэзентаваў удзельнікам вечарыны выданні сваіх вершаў, апавяданняў, замалёвак.

Кнігу "Квачы Квачамі" на 104-х старонках аўтар прысвячае "Роднай Зямлі, што ўзгадавала, усім землякам-квачоўцам, тым што жывуць у роднай вёсцы і тым, што адышлі навечна". Героі ўспамінаў і замалёвак - дзядзька Яўген (Квач), Сашка Ермаковіч, Паўліна Адамовічава, Асяненка Сцяпан Юльянавіч і многія іншыя...
Складана аднесці кнігу да нейкага жанру - краязнаўчая, філасофская або мастацкая. У ёй цесна пераплецены імёны землякоў і апісанне іх вясковага быту, назвы навакольных мясцін, роды і мянушкі, успаміны пра вясковыя вяселлі і танцы, святкаванне Купалля... Усё тое, што калісьці было яркім жыццём.
Вершаваны зборнік "Я вас люблю", выдадзены пад псеўданімам Язэп Братка, раскрывае паэтычную душу нашага земляка і яго шчырае перажыванне за вёску і вяскоўцаў, за мову і краіну. Хай праз недасканалыя, але шчырыя паэтычныя радкі, аўтар паказвае не толькі любоў да сям'і, вёскі, прыроды, але і занатоўвае навек імёны сваіх аднавяскоўцаў, якія сваімі лёсам, жыццём і працай на зямлі сцвярджалі любоў да малой радзімы. Верш "Не косіць Венька Абалонь" гучыць як рэквіем Айчыне, якая штогод пусцее і зарастае хмызняком.

Зборнік "Падзісненскія прыпеўкі" змяшчае больш 600 прыпевак, сабраных аўтарам на тэрыторыі Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў. Мясцовыя і запазычаныя, даўнейшыя і сучасныя, яны сталі неад'емнай часткай песеннай творчасці жыхароў колішняй Дзісненшчыны.
Упрыгожваннем вечарыны стала радавое дрэва, якое вышылі разам Язэп са сваім сынам пад чулым кіраваннем любай супругі Таццяны. На дрэве прадстаўлены пяць пакаленняў роду Квачоў з Квачоў і роду Кананцоў з Ровенскай вобласці Украіны.
Сустрэча з Язэпам Квачом атрымалася вельмі цеплай.
Было прыемна, што на ёй прысутнічала і маці Язэпа - Вера Генрыкаўна.

Маючы паважаны ўзрост - 89 год, ёй было вельмі прыемна бачыць, які здольны яе сын, які гонар яна мае, вырасціўшы такога чалавека!
Добрыя словы ў адрас героя выказвалі яго сябры і добрыя знаёмыя П.С.Нікіцін, Д.Л.Ермаковіч, К.І.Шаура.
Гармонік і песні гучалі на працягу ўсёй вечарыны і было адчуванне, што ўсе прысутныя вярнуліся ў час сваёй маладосці, калі ўвесь народ быў заадно...
Шчыра дзякуем Язэпу Квачу, яго маці Веры Генрыкаўне за тыя светлыя і неверагодна цеплыя гадзіны, якія яны пасвяцілі нам! Здароўя вам, шаноўныя!


Юркевіч Ж.Б., гал. бібліятэкар чытальнай залы Глыбоцкай ЦРБ,
26 лістапада 2018 г.
- 1173

